Канцэртны марафон «Майстры творчасці з паклонам Гродзенскай зямлі», прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці, стартаваў на Зэльвеншчыне

Канцэртны марафон «Майстры творчасці з паклонам Гродзенскай зямлі» стартаваў на Зэльвеншчыне і працягнецца ажно да 20 верасня.

Творчы праект, прымеркаваны да юбілею Гродзеншчыны, – абласная акцыя. Работнікі культуры раёна прымаюць у ёй самы актыўны ўдзел. У канцэртным марафоне задзейнічаны мастацкія калектывы, якія носяць званне “народны”, – хор ветэранаў “Успамін”, ансамбль народнай песні і музыкі “Весялуха”, ансамбль народнай песні “Званочкі”. Кожны з калектываў распрацаваў сваю тэматычную канцэртную праграму, з якой адправіцца ў “тур” па раёне, каб падарыць яркія эмоцыі зэльвенскай глыбінцы. 19 населеных пунктаў – 19 канцэртных праграм. Артысты выступяць у аграгарадках і аддаленых вёсках сельсаветаў. Творчы праект ставіць сваёй мэтай падарыць свята як мага большай колькасці жыхароў.

На гэтым тыдні канцэрт з серыі “Майстры творчасці з паклонам Гродзенскай зямлі” быў прадстаўлены жыхарам аграгарадка Бародзічы. Перад вяскоўцамі выступіў народны хор ветэранаў “Успамін”, некаторыя артысты прапанавалі гледачам свае лепшыя сольныя нумары. У аснову канцэртнай праграмы пакладзена тэма любові да малой радзімы: гучалі і лірычныя кампазіцыі, і вясёлыя народныя песні.

– Мы старанна падбіралі рэпертуар, шмат рэпеціравалі, – адзначае мастацкі кіраўнік калектыву Марына Бусловіч. – Адным словам, падрыхтавалі цудоўны падарунак зэльвенцам да знамянальнай даты. Такія акцыі вельмі важныя, бо ідуць ад самага сэрца, служаць выхаванню ў падрастаючага пакалення адказнасці за будучыню малой радзімы.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены