Больш чым 10 гадоў хор храма Святой Тройцы г.п.Зэльва ўпрыгожвае богаслужэнні сваім спевам

Нядзельныя і святочныя богаслужэнні ў касцёле Святой Тройцы г.п.Зэльва ўпрыгожвае ўзнёслы спеў хору. Парафіяне касцёла і госці святыні неаднаразова акцэнтавалі ўвагу на мілагучнасці выканання рэлігійных песень. Хор дзейнічае больш чым дзесяць гадоў. Яго ўдзельнікі – людзі рознага ўзросту і прафесій, якіх аб’ядноўвае любоў да Бога і музыкі. Ініцыятарам стварэння калектыву была арганістка Таццяна Кароза. – На службах заўважала, што многія прыхаджане нашага храма маюць цудоўны голас, – расказвае Таццяна Міхайлаўна. – У мяне ўзнікла ідэя аб’яднаць такіх вернікаў.  Аднымі з першых пачалі спяваць пад акампанемент аргана Таццяна Чэчат, Святлана Жабрун, Наталля Шостак, Антаніна Перагуд, Дзмітрый Іваноў, Іван Шніп, Валянціна Свістун. Ёсць і сямейныя пары – Наталля і Алег Александровічы, Алена і Андрэй Рагоўскія. Нядаўна ў калектыў прыйшла Нэлі Кароза. Часта да іх далучаецца Юлія Еўтухоў-ская, выпускніца Варшаў-скага музычнага ўніверсітэта.  – Гармоніі, якую можна пачуць на службе, дасягнуць атрымліваецца не адразу, – удакладняе Таццяна Кароза. – Папярэднічаюць таму шматлікія рэпетыцыі. Усе мужчыны і жанчыны, нягледзячы на занятасць на працы і дома, заўсёды знаходзяць на іх час. Збіраюцца вечарам раз на тыдзень, перад святамі – часцей. Некаторыя маюць музычную адукацыю, іншыя – не, аднак ахвотна імкнуцца авалодаць той ці іншай мелодыяй. У выніку малітоўныя спевы гучаць прыгожым трохгалоссем. Што датычыцца рэпертуару, то ён вельмі багаты. Складаецца з песень на беларускай, лацінскай і польскай мовах. Шмат навінак арганістка прывозіць з іншых парафій – у кожнай святыні ёсць шмат чаго запазычыць. Пэўны вопыт Таццяна Міхайлаўна набыла на днях моладзі ў Івянцы, дзе арганізоўвалі музычныя майстар-класы. Прапановы развучыць тую ці іншую мелодыю харысты заўсёды ўспрымаюць з інтузіязмам, уносячы нешта сваё, адметнае. Дарэчы, выступае хор і ў іншых населеных пунктах. Спяваў калектыў на 100-гадовы юбілей Міжэрыцкага касцёла, свята Божага Нараджэння ў Ізабеліне. З задавальненнем зэльвенцы прынялі запрашэнне на мінулагоднюю ўрачыстасць на радзіме ксяндза Яцка з нагоды асвячэння помніка блага-слаўлёнаму біскупу Юзафу Більчэўскаму. Нярэдка пасля набажэнстваў людзі падыходзяць і выказваюць падзяку за прыгожую малітву спевам. Са старэйшых бяруць прыклад і малодшыя. Галоўнымі салістамі на дзіцячай нядзельнай імшы з’яўляюцца менавіта юныя прыхаджане. Хлопчыкі і дзяўчынкі рэгулярна збіраюцца на рэпетыцыі. Такім чынам праслаўляюць Бога і ўзрастаюць духоўна. Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.