История князевской “Шляхцяначкі” берет свое начало с конца 80-х

8163

Выступленні калектыву польскай песні “Шляхцяначка” з аграгарадка Князева гледачы сустракаюць заўсёды вельмі цёпла: самабытнае шматгалоссе вясковых жанчын не можа не ўразіць.
– Гісторыя калектыву, які спачатку меў назву “Савярынка”, бярэ пачатак у канцы 80-х гадоў, – пачынае экскурс у мінулае яго арганізатар і кіраўнік Таццяна Яскевіч. – Сваімі выдатнымі спевакамі вёска Падбалоцце славілася на ўсю акругу, песню любілі ў кожнай сям’і. Маю задумку – аб’яднаць мужчынскія і жаночыя галасы ў адну вакальную групу – падтрымалі і аднавяскоўцы, і работнікі клубнай установы. У вы-ніку атрымаўся калектыў з 18 чалавек, 5 з якіх – мужчыны. Назву знайшлі не адразу, былі розныя варыянты. На адной з канцэртных праграм прысутнічаў карэспандэнт рэспубліканскага выдання, ён і прапанаваў узяць за аснову назвы імя адной з жанчын- удзельніц. На гэтым і вырашылі – будзе “Савярынка”. У кожнай з жанчын быў багаты песенны рэпертуар ад матуль і бабуль, штосьці ўдалося адшукаць і запісаць у нашай акрузе. З цягам часу калектыў выпрацаваў свае, не падобныя да іншых, манеру выканання і адмысловае гучанне.
– Прыблізна шэсць гадоў таму былы мясцовы работнік культуры Леанарда Вановіч змагла са-браць разам аматараў песні ў вёсцы Самаравічы, – працягвае расказ цяперашні мастацкі кіраўнік калектыву Валянціна Фралова. – На жаль, удзельнікаў было не так шмат, як хацелася б, і мы выступілі з ініцыятывай аб’яднаць два калектывы: самаравіцкі і падбалоцкі. Удзельніцы сталага ўзросту наведваць рэпетыцыі ўжо не маглі, але перадалі нам свае багатыя здабыткі. Сёння народныя песні гучаць у выкананні 10 удзельнікаў “Шляхцяначкі”. Самай старэйшай – Марыі Паўлаўне Жамойцінай – 89 гадоў, самай юнай – Вераніцы Палубок – 14. Нядаўна да калектыву далучыўся Станіслаў Ксавер’евіч Яскевіч.
Чаму ўзялі назву “Шляхцяначка”? Згодна існуючых звестак, шляхта складала некалькі працэнтаў насельніцтва крамяніцкага павета, куды ўваходзілі і нашы вёскі. Раней так і называлі: “крамяніцкая шляхта”. Таму над новай назвай мы доўга не думалі – спыніліся на “Шляхцяначцы”.
Новы калектыў адразу гучна заявіў аб сабе ў сельскім Доме культуры. Канцэрты доўжыліся больш за гадзіну, землякі не хацелі адпускаць самадзейных артыстаў са сцэны. Хвалюючым і радасным момантам для спевакоў стаў удзел у раённым этапе фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, на абласным адкрытым фестывалі народнай творчасці, рэгіянальным конкурсе фальклору “Сустрэчы ў “Верасе”, дзе “Шляхцяначка” была адзначана дыпломам журы. У 2014 годзе калектыў польскай песні быў адзначаны арганізатарамі экавечарынкі “Зялёная гулянка” і старшынёй праўлення грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”.
– Я з пачатковых класаў удзельнічала ў школьным хоры, – успамінае гады юнацтва і маладосці Ірына Васільеўна Макарэвіч. – Першы раз выйшла на раённую сцэну з сольнай песняй “Вижу чудное приволье, вижу чудные поля…”, дамоў прывезла грамату пераможцы. Шмат гадоў удзельнічала ў калгаснай сама-дзейнасці. Цягне мяне да спеваў. Мабыць, гэта ад маці.
– Канешне ж, ад маці перадалося, як жа хораша яна ў цябе спявала, – дапаўняе жанчыну Марыя Феліксаўна Саўчык. – А ў мяне бацька музыкантам быў. Як за-спявае – чуваць было на ўсю ваколіцу.
І пра бацьку Марыі Вацлаваўны Чарневіч аднавяскоўцы гаварылі, што як заспявае ў Марціна-вічах, дык чуваць у Самаравічах. Прыгожым моцным голасам прырода адарыла і дачку.
– Наша хата стаяла на хутары, ад вёскі далекавата, але я – тады яшчэ дзяўчо – знарок прыбягала да падбалоцкіх дзяўчат, каб разам павесяліцца і навучыцца спяваць. Адшуквалі песні, распытвалі бабулек, якія збіраліся ўсе разам і да глыбокай ночы пралі, вышывалі пад прыгожыя народныя напевы, – працягвае размову Юзэфа Клі-усаўна Вановіч.
– То ж была весялосць! – амаль у адзін голас гавораць Аліна Ула-дзіміраўна і Алена Казіміраўна Камякевічы. – Такія былі галасы!
Жанчыны ўзгадваюць, як іх матулі хадзілі ў касцельны хор. Калектыў “Шляхцяначкі” ўключыў у свой рэпертуар многія каталіцкія песні. Шчырасць і самабытнасць артыстаў, іх жаданне захаваць бацькоўскую спадчыну непадуладны ўзросту, хваробам, бытавым клопатам. За дзесяццігоддзі, што існуе калектыў, жанчыны так пасябравалі, што хочацца назваць іх вялікай дружнай сям’ёй.
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.