Ішла Каляда калядуючы

1696 Усім вядомы абрад калядавання. Але мала хто сёння ведае, як ён павінен праводзіцца, бо тыя шматвяковыя традыцыі, што захоўвалі яшчэ нашы продкі, сталі забывацца. Нагадаць выхаванцам і іх бацькам аб тым, хто такія калядоў-шчыкі, вырашылі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва пастаноўкай “Каляды”. Пад навагоднюю мелодыю перад гледачамі паўстала імправізаваная сялянская хата, у якой шпарка завіхаліся гаспадар з гаспадыняй. У чаканні калядоўшчыкаў яны накрывалі стол. У гэты час дзяўчынкі-сняжынкі праклалі сцяжынку Марозу, які першым павінен пачаставацца куццёй. На дапамогу ім прыйшлі гномы, ролю якіх выканалі хлопчыкі сярэдняй групы. Вясёлыя дзіцячыя танцы заўважылі Звяздар і Каза. Разам з астатнімі персанажамі яны адправіліся калядаваць. Да вясёлага гурта артыстаў далучыліся іншыя дзеці. Яны разам спявалі песні і прыпеўкі, жартавалі і вадзілі карагоды. Цыганка паваражыла ўсім жадаючым і расказала, хто кім стане ў будучым. Цікавыя гульні для малечы падрыхтавала Каза, за што атрымала ад гаспадара пачастунак. Песні, што спявалі калядоўшчыкі, прыгаворкі і нават галоўныя героі гэтага абраду – усё адпавядала тым традыцыям, што ў мінулым перадаваліся ад пакалення да пакалення нашымі продкамі. На свяце не было абыякавых– кожны глядач зрабіўся непасрэдным удзельнікам старажытных Каляд. І дарослыя, і дзетвара радаваліся такому цудоўнаму прадстаўленню. Па іх настроі можна было меркаваць, што арганізатарам удалося перадаць атмасферу прыгожай беларускай традыцыі. Гэта сапраўды вельмі добрае свята. Яно павінна адраджацца і абавязкова быць у нашым жыцці. Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.