Алена Крокас: «Людзі ў такіх страшэнных абставінах, як вайна, паводзілі сябе па-рознаму»

Гісторыя – гэта не толькі даты, падзеі, імёны, лёсы, але і выбар, які робіць чалавек пры пэўных умовах. Пераканацца ў гэтым мяне прымусілі публікацыі ў раённай газеце і гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Зэльвенскі раён». У дзвюх з іх гаворка ідзе пра лёсы дзяцей, дзяцінства якіх абарвала вайна, жорстка кінуўшы ад бацькоў у рукі выпадку. Трэцяя – аповед радавога, жыццё якога выратавалі простыя вяскоўцы. Хто ведае, выжылі б малыя і салдат і як склалася б іх доля, калі б на дапамогу не прыйшлі нашы землякі. Сэрцы якіх нават у суровым ваенным ліхалецці засталіся адкрытымі для дабра, міласэрнасці і любові. А іх патрыятызм і подзвіг настолькі вялікія, што нават праз сем дзясяткаў гадоў не маюць цаны і заслугоўваюць павагі і паклону да зямлі.

ПАДКІДЫШ, ЦІ ШЧАСЛІВАЯ ДЗЯЎЧЫНКА

З гераіняй публікацыі “Па закону высакародства” (“Праца”, 31 ліпеня 1980 г., №92) пашчасціла сустрэцца. Зараз 79-гадовая Вольга Санукевіч жыве ў вёсцы Рудзевічы, праўда, ужо не ў тым доме, дзе вырасла. Ад просьбы ўспомніць былое жанчына спачатку разгубілася, а потым, не раз дзякуючы лёсу, Богу і людзям, якія выратавалі ад смерці і выгадавалі ў любові і ласцы, рашылася завесці размову:

– Хто ведае, адкуль я і чыя… Як трапіла ў той спякотны жнівеньскі дзень на жытнёвае поле?

“З ляснога ўрочышча “Дуба” па палявой пыльнай дарозе вярталася ў вёску Леакадзія Верабей. Паабапал дарогі даспявала жыта. Неўзабаве жанчына пачула ціхі дзіцячы плач. Яна накіравалася ў той бок. У разоры ляжала маленькая, худзенькая, заплаканая дзяўчынка. Пачуццё мацярынства і высокага абавязку агарнула сялянку. Яна беражліва ўзяла дзяўчынку на рукі і хутка пайшла ў вёску. Накарміла дзіця, памыла яго”.

– Да канца жыцця буду ўдзячна гэтай жанчыне, якая не пабаялася падыйсці да мяне, узяць на рукі і прынесці дадому, дзе было васьмёра дзетак. Як мне потым расказвалі, я была вельмі кволая, схуднелая і хваравітая. Не асуджаю таксама за тое, што не пакінула ў сваёй сям’і, а звярнула да Амшэяў. Антон Аляксандравіч і Соф’я Сцяпанаўна не мелі дзяцей і забралі мяне да сябе са словамі: “Цалаваць будзем твае рукі і ногі за тое, што падарыла нам шчасце быць бацькамі. Дзяўчынка будзе наша і толькі наша!” У гады вайны такі ўчынак – гэта вялікая рызыка: бо былі даносчыкі, а я невядома чыя і чаму апынулася на полі, да таго ж моцна хворая. Ды і плёткі Амшэям трэба было перажыць. Бо інакш, як падкідыш, мяне ў вёсцы не называлі. Потым Амшэям былі прапановы наконт таго, каб адшукаць мае карані. Але яны цвёрда стаялі на сваім: “Нікому не аддадзім. Будзем гадаваць, як родную!” І сапраўды, нястачы я ні ў чым не адчувала. Ежы хапала – бацькі трымалі вялікую гаспадарку (каровы, авечкі, гусі, куры), мелі пасеку. Апраналі мяне, як ляльку. На лячэнне (па целу пайшлі спачатку скулы, затым пачала траціць зрок) грошай не шкадавалі. Нават вучыцца не дазвалялі, каб толькі я зусім не аслепла. Але ўсё ж тры класы ўдалося закончыць, дзякуючы таму, што на кватэры ў нас жыў настаўнік.

Жнівеньская спякота і палючыя прамяні 41-га аказаліся мацнейшымі за лекі дактароў і намаганні бацькоў. Інфекцыя зрабіла сваю справу: зрок у дзяўчынкі быў амаль страчаны. Вольга ж расла актыўным, шустрым падлеткам, сябравала з страечнымі братамі і сёстрамі (у Амшэяў была вялікая радня), вясковымі равеснікамі. Мужам яе стаў аднасяльчанін. З ім прыдбалі траіх дзетак.

Жанчына працавала ў мясцовым калгасе паляводам. За спраўнасць і стараннасць была абрана звеньявой, затым кладаўшчыцай. Перад выхадам на пенсію была цялятніцай.

– Прайшлі гады, а я не магу сабе прабачыць, што не даглядзела бацьку, – гаворыць Вольга Антонаўна. – У той дзень замест мяне калейку пасвіў, прылёг у скірду і заснуў. Трактарыст, які прыехаў грузіць салому, не заўважыў… і здарылася бяда. А вось калі мама захварэла і злягла, апякала яе, як некалі яна мяне. Высакародны ўчынак Леакадзіі Верабей, бацькоў Амшэяў для мяне не мае той цаны, якую я б магла ім заплаціць. Дзякуючы ім я пазнала шчасце дзяцінства, быць маці дачкі і сыноў, бабуляй 7 унукаў і прабабуляй 6 праўнукаў. У сталым узросце баўлю час, не маючы зроку, за вязаннем па памяці сурвэтак.

ПАКІНУТЫ НА ПАРУ ДЗЁН ЦІ НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

“Трывожны 41-ы год. Савецкія войскі адступалі на ўсход. У час бамбардыроўкі пад Ваўкавыскам загінула жонка і малодшы сын афіцэра Чырвонай Арміі Васіля Кісялёва. Застаўся старэйшы сын Валянцін, якому тады ішоў трэці год. “Куды ж дзявацца з сынам?” – не пакідала думка афіцэра.

Вузкая палявая дарога прывяла яго ў вёску Рудзевічы. Каля невялікай хаты, пабудаванай з пустацелых блокаў, бегалі дзеці, гаспадар штосьці майстраваў. Афіцэр прывітаўся з ім, расказаў аб перажытым. У селяніна і ў воіна на твары з’явіліся няпрошаныя слёзы.

– Ну, што ж, – сказаў тады Іосіф Аляксандравіч Амшэй, – пакідайце свайго сына ў нас. Дзе ёсць пяцёра, няхай будзе і шосты. А вы помсціце лютаму ворагу, мы абавязкова вас будзем чакаць.

Афіцэр даў свой адрас. Пры развітанні шчыра абняў Іосіфа Аляксандравіча. Гэта была іх апошняя размова” (“Высакароднасць”, “Праца”, 17 студзеня 1980 г., №8).

Наступная гісторыя расказвае пра чалавечнасць Іосіфа Амшэя – брата Антона Аляксандравіча. Нягледзячы на тое, што мужчына застаўся адзін з маленькімі дзецьмі (жонка памерла ў 1933 годзе), не пабаяўся ўзяць на сябе абавязак даглядзець чужога хлопчыка. Праўда, чужым ён быў у цяжкія дні вайны, а пасля таго, як яго бацька-афіцэр не вярнуўся з поля бітвы, стаў сваім.

Падросшы Валянцін звярнуўся з просьбай да Іосіфа Аляксандравіча, каб сваё імя замяніць на Васіль. І ў знак пашаны да роднага бацькі быць Васілём Васільевічам Кісялёвым. На гэтым і сышліся.

Сёння сведкай тых падзей засталася толькі Вольга Санукевіч. Жанч ы н а ўспомніла, як разам падрасталі з Верай, Пецяй, Нінай, Надзеяй, Марыяй і Васяй. Апошні не адчуваў сябе прыёмным, гадаваўся нараўне з роднымі.

Вольга Санукевіч

– Да вучобы быў здатны: выдатна ўсё атрымлівалася ў школе, каля бацькі асвоіў рамясло цесляра і столяра, – расказвае Вольга Антонаўна. – Кемлівы, добры, прыязны да людзей. Я з ім, ды і наогул з усімі Амшэямі, сябравала. Ён навучыў мяне ездзіць на ровары. Пасля службы ў арміі трохі пабыў у вёсцы і паехаў на Украіну, там і застаўся. Ведаю, што жаніўся, нажыў двух дзетак. Кожнае пісьмо, якое прыходзіла ад яго, завяршалася радкамі: “Дзякуй вам за ўсё, мае родныя і блізкія!”. На жаль, з цягам часу сувязь мы страцілі…

Нават у складаных выпадках людзі заставаліся сумленнымі перад сабой. І такіх было нямала. Акрамя Амшэяў, у Рудзевічах і Шэметы прыхілілі да сябе падлетка Антона, якога пакінулі ваенныя.

– Пасля вайны брат Антона знайшоў яго і забраў да сябе, – працягвае доўгажыхарка Дабраселецкага сельсавета. – Ваеннае жыццё дыктавала свае ўмовы. Але, што немалаважна, чалавечнасць, гуманнасць, велікадушнасць у зэльвенцаў была на першым месцы.

НЕ КЛАНЯЎСЯ

Пад аднайменнай назвай у лісце, дасланым у рэдакцыю і ўвайшоўшым у выданне “Памяць”, простыя словы ветэрана вайны Д. Алейніка. Але якая глыбіня шчырасці, сардэчнасці і падзякі за выратаванае жыццё крыецца за імі.

“У пачатку вайны пры ліквідацыі варожага дэсанта недалёка ад г.п. Зэльва я быў цяжка ранены. Наша машына, на якой везлі параненых, загрузла ў рэчцы каля вёскі Івашкавічы. На другі дзень да рэчкі прыйшлі жыхары вёскі Сцяпан Мікуцік і Сцяпан Жывулька. Яны забралі мяне. Прынеслі ў хату, пакармілі, абмылі, аказалі першую дапамогу… Калі б не клопаты Сцяпана Данілавіча Мікуціка і яго сям’і, не застаўся б я тады жывым. Ён з’яўляецца маім выратавальнікам. Яго я лічу сваім другім бацькам”.

Ірына Крокас

Сведка тых жудасных падзей, калі савецкія войскі адступалі ад варожага захопу, добра памятае страшныя чэрвеньскія дні. Падлетку Алене Крокас на ўсё жыццё запомнілася, як праз Івашкавічы ішлі калоны салдат, як тэхніка вязла ў глеі рэчкі, як вяскоўцы ратавалі раненых. Жанчына расказала, што ў мясцовы клуб звозілі пакалечаных воінаў, якіх падкармлівалі вяскоўцы. Не сумняваецца і ў тым, што сярод выратавальнікаў былі Сцяпан Мікуцік і Сцяпан Жывулька, многія іншыя. Але пра гэта ніхто нікому не расказваў (бо калі немцы выяўлялі падобны факт, растрэльвалі ўсю сям’ю). Так было з Кедалай, які дапамог ваеннаму пераапрануцца ў пастуха і за нейкі час паправіць сваё здароўе. Так было і з воінамі, якія схаваліся для далейшай абароны ў склепе школы.

– Людзі ў такіх страшэнных абставінах паводзілі сябе па-рознаму, – гаворыць Алена Іванаўна. – Адны дапамагалі ў барацьбе з ворагам. Другія, наадварот, здраджалі радзіме. Нягледзячы на то, што я добра сябравала з дачкой Мікуціка Валяй, яна мне ні разу не намякнула аб раненым салдаце. У Сцяпана была вялікая сям’я – шасцёра дзяцей. Аднак мужчына рызыкнуў і выхадзіў воіна. Сёння з роду Мікуцікаў і Жывулькаў у вёсцы нікога не засталося, але іх подзвіг заслугоўвае вялікай удзячнасці і павагі. Такі гераізм жыве і павінен жыць у вяках.

“Гэты эпізод няхай паслужыць напамінам аб тым грозным часе, калі людзі жылі адной сям’ёй, дзелячы гора і нястачу, змагаліся з фашыстамі за тое, каб быў светлым сённяшні дзень. Д. Алейнік”.

Людміла ПОПКА

P.S. Шаноўныя чытачы, калі вам вядомы падобныя гісторыі, патэлефануйце ў рэдакцыю ці ў раённы савет ветэранаў: 2-41-09, 7-23-36.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены