“Хто ёсць Хто ў Рэспубліцы Беларусь”. Мiкалай Януль – пра выбар прафесii, забудову мікрараёна “Паўночны” i сямейнае шчасце

У 1999 годзе выдавецтва “Энцыклапедыя” заснавала новую серыю “Хто ёсць Хто ў Рэспубліцы Беларусь”. У выпуску, прысвечаным будаўнікам, ёсць кароткая біяграфія нашага земляка М.І.Януля (дарэчы, адзінага з зэльвенцаў). Мікалай Іванавіч заслугоўвае, каб пра яго расказалі больш падрабязна.

ВЫБАР ПРАФЕСІІ

Нарадзіўся і рос Мікалай у вялікай сям’і Івана Канстанцінавіча і Ганны Васільеўны Янулёў у Сянькоўшчыне (зараз вёска належыць Слонімскаму раёну, а ў год нараджэння хлопчыка адносілася да Зэльвенскага). Бацькі, вялікія працалюбы, змалку прывучалі і дзяцей да пасільнай работы. Іван Канстанцінавіч пэўны час узначальваў будаўнічую брыгаду ў калгасе і так цікава расказваў дома пра ўсё, чым займаліся самадзейныя дойліды, што, магчыма, паўплываў і на выбар прафесіі сына. Так ці інакш, але Мікалай пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум на аддзяленне “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Практыка была вельмі запамінальнай і карыснай: у Слоніме студэнты дапамагалі вопытным будаўнікам узводзіць камвольна-прадзільную фабрыку.

 На жаль, адразу закончыць вучобу не давялося: прызвалі на службу ў армію.

МАРАК БАЛТЫЙСКАГА ФЛОТУ

Служыць давялося на Балтыйскім моры. Меў вельмі адказную пасаду рулявога. Складаныя ўмовы службы замацавалі выпрацаваную яшчэ з дзяцінства адказнасць за кожны свой крок і кожнае слова. Балтыйскае мора вясной і восенню вельмі неспакойнае. Моцныя буры ў гэты час – не рэдкасць, а даволі частая з’ява. І адказнасць рулявога за кожны рух у штармавое надвор’е вельмі высокая. Можна сказаць, вызначальная для ўсяго экіпажа. Як правіла, на судне тры чалавекі валодаюць навыкамі рулявога. На практыцы іншы раз атрымліваецца так, што ў шторм даверыць лёс судна можна толькі аднаму. І гэтым адным, на думку камандзіра карабля, быў Мікалай Януль. Вось і даводзілася ў складаных сітуацыях адстойваць у рубцы па дзве, а то і тры вахты. За бездакорнае выкананне абавязкаў падчас вучэнняў “Акіян” Мікалай быў адзначаны спецыяльным значком, а яго імя занесена ў Кнігу гонару вайсковай часці. Камсамольцы выбралі юнака дэлегатам на канферэнцыю флота. Вялікай радасцю для хлопца стала магчымасць пабыць дома: яго ўзнагародзілі грашовай прэміяй і 10-дзённым адпачынкам.

За тры гады службы Мікалай атрымаў ад камандавання ажно сем грамат. А яшчэ набыў спецыяльнасць штурмана-электрыка.Так што да вучобы ў тэхнікуме вярнуўся ўзмужалым і загартаваным не адным штормам няласкавага мора. Вясной 1974 года паспяхова закончыў тэхнікум, а летам стаў студэнтам-завочнікам Беларускага палітэхнічнага інстытута (зараз БНТУ).

ПРАРАБ САЎГАСА ІМЯ XVIII ПАРТЗ’ЕЗДА

З цеплынёй згадвае Мікалай Іванавіч месца сваёй першай працы. Дырэктарам саўгаса быў тады А.Р.Юрык, чалавек вельмі патрабавальны. Павагай да яго малады прараб пранікся пасля першай жа размовы, калі дзяліўся з кіраўніком сваім бачаннем развіцця будаўнічай галіны, а той знаёміў з магчымасцямі гаспадаркі. Параіў крытычным вокам паглядзець на план, улічыць заўвагі і – брацца за справу. (Да слова: праз пару гадоў менавіта Януля Юрык убачыць сваім пераемнікам).

За сем гадоў працы Мікалая Іванавіча ў гаспадарцы зроблена было нямала, усяго і не ўспомніш. Будавалі жыллё для рабочых, зернесушыльныя і жывёлагадоўчыя комплексы, склады, навесы для тэхнікі. Не забывалі пра дарогі. Вельмі памятнае будаўніцтва комплексаў: на 1600 галоў у Сынкавічах і 5000 – у Ярневе.

У хуткім часе да саўгаса далучылі суседні калгас імя XX партз’езда. Работы ў будаўнікоў стала яшчэ больш, колькасць работнікаў таксама павялічылася. Але да Януля прыйшоў – дакладней, прыйшла – высокакваліфікаваны памочнік А.С.Каўчун (у дзявоцтве – Вярстак, у былым калгасе ўзначальвала будаўнічую арганізацыю). Не наракаў прараб і на іншых памочнікаў: эканаміста, бухгалтара-нарміроўшчыка, з якімі заўсёды знаходзіў агульную мову.

Адзіным цэлым з саўгасам і ўсімі яго службамі была жывёлагадоўчая база ў Калінаўцы разам з вёскай Талалайкі. Яны ўваходзілі ў адзін і той жа трэст па нарыхтоўцы і адкорме жывёл. Галоўная кантора знаходзілася ў Гродне, туды дасылаліся справаздачы і заяўкі на патрэбныя матэрыялы. Заяўкі, як правіла, выконваліся, і будаўнікі не адчувалі недахопу ні ў чым. Дырэктар і прараб спаўна выкарыстоўвалі такое прывілеяванае становішча і былі першымі ў раёне па якасці і тэмпах будаўніцтва.

Ладзілася справа ў Януля і як сакратара камсамольскай арганізацыі саўгаса. Моладзь была актыўнай – толькі паспявай ёй садзейнічаць, ствараць умовы для рэалізацыі праектаў. На адной са справаздачных канферэнцый разам з важаком моладзі калгаса імя Дзяржынскага Марыяй Чарнушыч Мікалай Януль суправаджаў сцяг раённай камсамольскай арганізацыі. Меў падзякі і граматы ад райкама камсамола.

Таму з неахвотай пераязджаў у Зэльву да новага месца працы – у арганізацыйны аддзел райкама партыі. Але як камуніст не меў права на адмову ад прапановы – загада першага сакратара.

ПЛАЦДАРМ ДЛЯ КАР’ЕРЫ

Як чалавек дысцыплінаваны і адказны, Януль пачаў паглыбляцца ў новыя абавязкі. Радавала, што ён не зусім развітваецца з любімай справай, бо будзе курыраваць будаўнічую галіну ва ўсім раёне. Поўным ходам ішло будаўніцтва вадасховішча. Мікалай Іванавіч унікае ў яго справы, рыхтуе шэраг патрэбных дакументаў. Бліжэй знаёміцца з адказнымі за будоўлю людзьмі, стараецца паўплываць на якасць работ.

 Ён ужо паспеў закончыць інстытут, вопыт і тэарэтычныя веды дазволілі бачыць перспектыву развіцця як будаўнічай галіны, так і раёна ў цэлым. Цесныя кантакты з сакратарамі райкама партыі М.П.Кантаровічам, С.А.Гоцкам, Н.К.Кашко, загадчыкам аргаддзела А.Ф.Мацко сталі тым універсітэтам, які насычае прагнага да ведаў чалавека неацэнным багажом, крыніцай, з якой можна чэрпаць бясконца. Неўзабаве з’явілася магчымасць перайсці на пасаду галоўнага інжынера ў МПМК-70. В.К.Кулак, кіраўнік гэтай арганізацыі, настойліва прасіў раённае кіраўніцтва адправіць да яго Януля. Перасоўная механізаваная калона была асноўным падрадчыкам па будаўніцтве ўсіх аб’ектаў на сяле. За кароткі час сумеснай з Кулаком работы дабіліся многага. Пабудавалі адміністрацыйныя будынкі СВК “Галынка”, “Князева”. “Караліно”, сярэднія школы ў Елцы, Караліно, дзіцячыя сады ў Бародзічах і Міжэрычах. Тут трэба адзначыць спецыялістаў: Я.Г. Ільяшэвіча, В.В. Лазоўскага, П.В.Мізінца, Я.А.Бяляўскую і інш.

Каманда МПМК-70 (другі злева – М.І.Януль) у час раённай спартакіяды, 1985 г

Менавіта МПМК-70 даверылі абнавіць да 40-годдзя Вялікай Перамогі мемарыял памяці загінуўшым воінам і партызанам. Мікалай Іванавіч разам з Т.І.Азерскім, У.І.Верстаком, З.Ю.Кашчыцам, П.М.Дубатоўкам і іншымі спецыялістамі вырашылі пачаць працу яшчэ восенню і не перапыняць яе зімой, каб без спешкі выканаць вялікі аб’ём работы. Унушальных размераў тры стэлы – 17,5 метраў – патрабавалі ювелірнай работы. Тут асабліва стараліся рабочыя брыгады П.М.Дубатоўкі, рыхтуючы дошкі для апалубкі. Дэмантавалі стары помнік, падрыхтавалі катлаван, метр за метрам уздымалі апалубку, улічваючы контуры будучых фігур. Як толькі дазволіла надвор’е, ушчыльную заняліся асноўнымі работамі.

З гонарам узначалілі на 9 Мая калону дэманстрантаў, прымалі шчырую падзяку ад ветэранаў.

 21 ГОД У РАЙВЫКАНКАМЕ

У 1986 годзе Мікалаю Іванавічу прапануюць стаць намеснікам старшыні райвыканкама і адначасова ўзначаліць упраўленне капітальнага будаўніцтва. 18 гадоў сумяшчаў Януль гэтыя дзве адказныя пасады! Было вельмі складана. Добра, што ў УКСе працавалі адказныя людзі і дробязнага кантролю не патрабавалася. Каб усё паспяваць, трэба было ўмець вызначаць на кожны дзень галоўныя задачы і вырашаць іх грунтоўна і прафесійна.

Толькі галоўных задач было больш чым дастаткова. Вось сітуацыя з газіфікацыяй пасёлка і раёна. Гэта ж праблема не на месяц і не на год. А паколькі Януль – спецыяліст па цеплагазазабеспячэнню і вентыляцыі, то да яго і сцякаліся ўсе пытанні па якаснай і хуткай падрыхтоўцы належнай дакументацыі ад усіх устаноў і арганізацый. Узгадненні, зацвярджэнні, дамовы з падрадчыкамі – хіба можна ўсё загадзя спланаваць?! – Мікалай Іванавіч нацэльваў раённую газавую службу на стварэнне асобнага падраздзялення для патрэб газіфікацыі. На жаль, не знайшоў належнай падтрымкі, па-ранейшаму даводзілася мець справу са спецыялістамі з іншых раёнаў. Бясконца ўдзячны за падтрымку намесніку Генеральнага дырэктара Гроднааблгаза В.П.Лысенку, незабыўнаму В.І.Чаркесу, Слонімскаму ПМК. Без іх дапамогі было б намнога складана і цяжка.

Галоўныя трубы на вуліцах удавалася пакласці і зварыць даволі аператыўна. А вось падвесці адгалінаванні да кожнага дома – праблема з праблем. Нехта не паспеў падрыхтаваць дакументацыю, нехта яшчэ раздумвае, трэба яму газ ці не, нехта не мае сіл вырыць траншэю належнай глыбіні… А вуліца між тым разрыта ўздоўж і ўпоперак. Ох, і цяжка давалася добраўпарадкаванне такіх участкаў. Хацелася ж і заасфальтаваць іх. Каманда аднадумцаў у складзе І.І.Якімовіча, Г.Г.Панасіка, С.М.Крэчкі, А.П. Голуба, В.А. Пачабыт, З.М.Баранік, Т.У.Лях і інш. дабівалася зладжанасці ў працы ўсіх удзельнікаў такой адказнай справы. Дзякуючы ўсім, паступова закончылі газіфікацыю пасёлка, потым – мікрараёнаў “Бародзічы-1“ і “Бародзічы-2“. Прыступілі да забеспячэння блакітным палівам гаспадарак раёна і галоўных аб’ектаў у іх.

Вельмі складанай для кіраўніцтва раёна была сітуацыя з вадой у Зэльве – з яе ачысткай. Да развалу СССР у пойме Зяльвянкі будавалася станцыя абезжалезвання “Бярэжкі“. На працяг будаўніцтва грошай у раёне не было, і гінула, разбуралася тое, што паспелі зрабіць да 1991 года. І тады рызыкоўны Януль без папярэдняга запісу едзе ў Мінск … у прыёмную Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На што разлічваў? – На разуменне Л.І.Харужыка, міністра, які ў маладосці працаваў некалькі гадоў на Зэльвеншчыне. І не памыліўся: інтуіцыя, як заўсёды, не падвяла. Харужык уважліва выслухаў (у тым ліку і выкладзены Янулём козыр: у Мастах пачынаюць будаваць станцыю, а ў нас яна напалову гатова) і распарадзіўся ўключыць наш раён у лік першачарговых на завяршэнне даўгабуда. У даверлівай размове папрасіў асабіста дакладваць яму аб ходзе работ і адраснай затраце сродкаў (Харужык фінансаваў набыццё абсталявання). Параіў падрадчыка, які найбольш якасна і ў тэрмін выканае ўсе работы.

Пасля ўзвядзення ў эксплуатацыю водазабора “Бярэжкі” зэльвенцы атрымалі ваду, у якой жалеза стала менш у 10 разоў. Значыць, недарэмнымі былі ўсе намаганні Януля!

Мнагалюдная Зэльва мела ў тыя гады патрэбу ў новых садках і школе. Адзіная ў пасёлку сярэдняя школа працавала ў дзве змены, групы ў садках былі перапоўнены. Стаўку зрабілі на мікрараён “Паўночны”. М.І.Януль і І.І.Якімовіч скрупулёзна даследавалі яго. Мясцовасць каля “Сельгастэхнікі” была забалочанай, зарослай кустоўем. Трэба было адвесці ваду, выкарчаваць кусты, перанесці ў іншае месца заправачную станцыю, падвесці газавую ветку праз чыгучнае палатно. Ільвіную долю клопатаў па падрыхтоўцы тэрыторыі для будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў узяў на сябе кіраўнік “Сельгастэхнікі” І.А.Габрыянчык. І як радаваліся жыхары вуліц Гагарына, Булака, Якуба Коласа і іншых, калі ў “Паўночным” з’явіліся свой садок на 90 месцаў, школа на 834 навучэнцы! (Дарэчы, да школы была дабудавана спартыўная зала, у якой сягоння праводзяцца абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы па некалькіх відах спорту. Унікальная спартзала, як лічыць Мікалай Іванавіч).

Шмат чаго было пабудавана ў апошнія дзесяцігоддзі XX-га ст. У 1987 годзе адкрыўся дзіцячы лагер “Блакітная хваля”. З цэнтра Зэльвы перанесены на ўскраіну ачысныя збудаванні. Рэканструяваны цэнтральная плошча і парк. Зараз ужо ніхто і не згадвае, якім непрывабным было месца каля вуліцы Перамогі. А цяпер – цудоўны выгляд і на “Беларусбанк”, і на мемарыял воінам і партызанам, і на стадыён “Колас”, які таксама гатовы прымаць спартсменаў з усёй рэспублікі.

Яшчэ ў час існавання СССР М.І.Януль наведаў суседнюю Польшчу і па-добраму пазайздросціў палякам, што так уважліва адносяцца да добраўпарадкавання населеных пунктаў. “Зараз, – лічыць Мікалай Іванавіч, – мы таксама можам ганарыцца выглядам пасёлка, аграгарадкоў і дарог”.

Дарэчы, пра аграгарадкі і дарогі. У нашым раёне першымі атрымалі статус аграгарадкоў Князева, Караліно, Бародзічы, Елка. Зараз іх ужо адзінаццаць. Жыхары маюць усе ўмовы для дастойнага жыцця, працы і адпачынку.

У выкананні дзяржпраграмы “Дарогі Беларусі” прымалі ўдзел і дарожнікі, і будаўнікі. Вельмі якасна працавалі брыгады армян: яны заключалі кантракт з сынкавіцкімі хлебаробамі. Усе разам ажыццявілі ўдасканаленае пакрыццё дарогі ад Зэльвы да Галынкі, Дзярэчына, Крывіч, упарадкавалі ўчасткі дарог паміж населенымі пунктамі Кашалі-Славацічы, Бязводна-Цяглевічы, Росцевічы-Караліно.

Як лічыць Мікалай Іванавіч, Зэльвенскі райвыканкам справіўся з задачай, якую паставіў калісьці старшыня аблвыканкама Д.К.Арцыменя: нарасціць магутнасці сваіх арганізацый, каб не залежаць ад будаўнікоў суседніх раёнаў. У 2005 – 2010 г.г. у Зэльве было 7 падрадных арганізацый, якія не толькі спраўляліся з патрэбамі свайго рэгіёна, але і дапамагалі іншым.

НА ГРАМАДСКАЙ РАБОЦЕ

У 2007 годзе М.І.Януль стаў прафсаюзным лідарам работнікаў аграпрамысловага комплексу, а неўзабаве ўзначаліў Каардынацыйны савет старшынь прафкамаў Зэльвенскага раёна (на грамадскіх пачатках). Яго першачарговай задачай стаў клопат пра здароўе людзей, ахову іх працы, захаванне правоў і інтарэсаў. Уважліва разбіраўся ў кожнай скарзе, не дапускаў незаконных дзеянняў кіраўнікоў у адносінах да радавых членаў прафсаюзаў.

Пастаянна клапаціўся пра якасную падрыхтоўку лагера “Блакітная хваля” да летняга сезону. Разам з начальнікам лагера С.М.Мікуцік сумелі так арганізаваць работу аздараўленчай дзіцячай установы, што па выніках Рэспубліканскага агляду-конкурсу наш лагер у 2009 годзе быў названы сярод узорных і ўзнагароджаны граматай.

За вялікі ўклад у развіццё прафсаюзанага руху партрэт Януля быў занесены на Дошку гонару Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Вопыт работы райкама прафсаюзаў быў абагулены і распаўсюджаны. У 2011 годзе ў Зэльве прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Райкам прафсаюзаў быў узнагароджаны грашовай прэміяй для набыцця камп’ютара, якім карыстаюцца паслядоўнікі Януля.

Актыўная натура Януля праяўляе сябе і зараз, калі заслужыў права на адпачынак. Ён узначальвае партыйную арганізацыю раёна, з’яўляецца намеснікам старшыні раённага савета ветэранаў, удзельнічае ў шматлікіх раённых акцыях.

Бездакорная праца Мікалая Іванавіча заўсёды ацэньвалася дастойна. Ён адзначаўся граматамі камсамола, раённага выканаўчага камітэта, раённага і абласнога камітэтаў партыі, абласнога і рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК, юбілейнымі медалямі.

СЯМЕЙНАЕ ШЧАСЦЕ

Мікалай Іванавіч вельмі ўдзячны лёсу, што падарыў яму адзіную на ўсё жыццё жанчыну, з якой сустрэўся ў самым пачатку працоўнага шляху. Калі ў сельгасупраўленні яму сказалі, што нарміроўшчыцай у яго будзе прыгожая дзяўчына з незвычайным імем і прозвішчам – Лілія Жаваронак, – сэрца чамусьці застукала часта і радасна. “Яна будзе маёй жонкай, і ў нас будзе добрая сям’я: жаваранкі ўюць надзейныя гнёзды”, – падумаў юнак…

Дзесьці праз год яны пажаніліся. Мінулым летам споўнілася 45 гадоў іх сумеснага жыцця. Жыцця, у якім было многа нягод і бедаў. Выстаялі, бо патрымлівалі адзін аднаго і верылі ў непарыўнасць свайго саюза. Даўно падраслі і ўзмужалі сыны. Аляксандр – медык, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, намеснік начальніка кафедры ваенна-палявой тэрапіі. Юрый – інжынер аддзела аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Мінгазе. Падарылі бацькам чатырох унукаў, фотаздымкі якіх радуюць вочы дзядулі і бабулі штодзённа, бо размешчаны на сценах самага ўтульнага пакоя. Няхай і яны сустрэнуць у сваім жыцці такіх жа верных сябровак, як іх дзядуля!

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены