Храналогія падзей і подзвігу танкіста Леаніда Гаўрылава пад Дзярэчынам

24 чэрвеня 1941 года імкліва наступаючыя войскі вермахта сумелі падцягнуць і хутка сканцэнтраваць даволі вялікія сілы артылерыі і танкаў у раён прыроднага ўзвышша каля мястэчка Дзярэчын, паміж ракой Зальвянкай і вёскай Алексічы, якое сёння ўсім добра вядома, як “малады лес”.

Вораг хутка ўзяў пад свой кантроль адзіную і ўжо брукаваную на той час шашу – Масты-Дзярэчын, праз якую раз-пораз у поўным беспарадку адступалі абяскроўленыя ў жорсткіх і няроўных баях з немцамі атрады байцоў і тэхнікі Чырвонай Арміі.

Спешна адступаючая, але арганізаваная калона з часцей 10-ай арміі генерал-маёра Д.К. Голубева, а таксама 3-яй арміі – генерал-лейтэнанта В.І. Кузняцова, – абсалютна не ведаючы аб засадзе немцаў, адыходзіла з боку Мастоў і паўночна-ўсходняй часткі Ваўкавыскага раёна, маючы цвёрды намер далучыцца да дзярэчынскага гарнізона, каб агульнымі сіламі даць немцам вялікі бой за Дзярэчын. Але фашысты апярэдзілі нашых і, удала выкарыстоўваючы дарогу Дзярэчын-Мілявічы (выгадны стратэгічны плацдарм), нечакана ўдарылі па нашай калоне. Не без дапамогі даволі шматлікага нямецкага дэсанта, які быў выкліканы ворагам, калона савецкіх войскаў у ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года фактычна была поўнасцю знішчана немцамі. Бесперапынны і шквальны агонь фашысцкай артылерыі і танкаў цалкам накрываў як стратэгічную шашу Масты-Дзярэчын, так і прылягаючую вёску Алексічы, якая гэтым агнём, дарэчы, была амаль напалавіну спалена… І ў гэтым, літаральна кажучы, пекле адзіны і ўжо падпалены савецкі танк Т-34, які вёў механік-вадзіцель 42-га танкавага палка сяржант Леанід Гаўрылаў, малады 23-гадовы паэт, ураджэнец вёскі Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, вырваўся з радоў практычна знішчанай савецкай бронетэхнікі і з боем рушыў праз поле пад жудасным артабстрэлам немцаў у бок маладога лесу, дзе акурат акапаліся танкі і батарэя ворага. Менавіта там механік-вадзіцель савецкага танка сяржант Леанід Гаўрылаў, “навёўшы адпаведны парадак на нямецкіх пазіцыях”, сустрэў апошнія імгненні свайго кароткага, ды слаўнага жыцця. Ён гераічна загінуў, назаўсёды пакрыўшы сябе вечнай і неўміручай славай…

Аб тым страшным баі пад Дзярэчынам я ведаў яшчэ ў дзяцінстве. Летам 2020 года у прыватнай гутарцы жыхар вескі Алексічы, экс-кінамеханік усёй акругі Валянцін Гербік, які ўжо, на вялікі жаль, сышоў з жыцця, даволі падрабязна распавядаў мне і пацвердзіў тыя ўжо далёкія падзеі першых дзён вайны.

На жаль, канкрэтная магіла Леаніда Гаўрылава на сёння не ўстаноўлена. Жыхарамі мястэчка Дзярэчын, вёсак Алексічы і Мілявічы героі былі пахаваны ў дзвюх брацкіх магілах.

Дзесьці ў сярэдзіне 50-ых, а мажліва, у пачатку 60-ых, на адной з брацкіх магіл, практычна на граніцы Зэльвенскага і Мастоўскага раёнаў, мясцовымі ўладамі быў устаноўлены помнік-абеліск, па зразумелай прычыне – без пераліку імёнаў загінуўшых.

Выконваючы свой грамадзянскі і чалавечы абавязак, схіляючы нізка галаву ў найвышэйшай і найвялікшай павазе перад вялікім і светлым подзвігам дарагога земляка-беларуса, героя-танкіста і магіляўчаніна Л.Гаўрылава, а таксама соцен герояў, якія склалі галовы за маю шматпакутную радзіму, за мой Дзярэчын, у гонар чарговай гадавіны вызвалення Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёння я, на каленях, прысвячаю ўсім загінуўшым героям жар свайго сэрца, свой чалавечы боль, свой вялікі смутак, сваю споведзь.

Алег Януль-Венскі (Алік Дзярэчынскі), ліпень 2021 г.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены