Хор ветэранаў “Успамін” парадуе зэльвенцаў новай праграмай, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі

Вядомы на Зэльвеншчыне хор ветэранаў “Успамін” не перастае здзіўляць прыхільнікаў сваёй творчасці яркімі выступленнямі. Вось і гэтай вясной – новая праграма, прымеркаваная да юбілею Гродзенскай вобласці і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Канцэртнаму марафону “Майстры творчасці з паклонам Гродзенскай зямлі” ўжо дадзены старт, і калектыў марыць збіраць аншлагі ў населеных пунктах раёна.

Удзельнікі хору любяць успамінаць, як усё пачыналася. Як у 1996 годзе заўсёды ў настроі, з новымі прапановамі і ідэямі прыходзілі на першыя рэпетыцыі. Спачатку прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія ладзіліся ў раённым Доме культуры, з мэтай прапаганды патрыятычнай песні і нацыянальнай музыкі выступалі перад школьнікамі. Да падрыхтоўкі кожнай праграмы адносіліся вельмі сур’ёзна, а на сцэне спявалі з поўнай аддачай. Іх канцэрты не патрабавалі аніякай рэкламы, людзі прыходзілі самі паслухаць знаёмыя мелодыі ў хорным выкананні тады яшчэ ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы.

Важнай падзеяй стаў удзел у IV і V абласных фестывалях “Не старэюць душой ветэраны”. Гэта быў не толькі каштоўны вопыт, але і пытанне іміджу. Хутка калектыў атрымаў першыя ўзнагароды, што толькі дабавіла аптымізму яго ўдзельнікам. У маі 2003 года хору прысвоена званне “народны”.

Хор ветэранаў вызначаецца самабытнымі галасамі старэйшын – Анатолія Верстака, Ларысы Сталпец, Браніславы Ган, Ніны Драцэвіч, Веры Тульвінскай, Віктара Васіліцкага, Аляксея Тачонага, Валерыя Смольскага. Гэта пакаленне тых людзей, якія ўпэўнена выходзяць на сцэну і дораць радасць гледачу. А ў мінулым годзе публікай сталі калектывы ўсіх устаноў адукацыі і культуры раёна.

З кожным годам “Успамін” пашырае рэпертуар, уключае сольныя нумары, якія ўдала гучаць у выкананні Станіслава Казакевіча, Станіславы Прызван, Галіны Андрэевай. З нядаўніх пор на канцэртах загучалі паэтычныя творы ў выкананні Святланы Мацкевіч. Упрыгожваюць канцэртную праграму і вакальныя выступленні Ніны Агароднік, Алены Канюшэўскай, Антаніны Гром, Галіны Громавай, Генадзія Іоська. Узнімаюць настрой зэльвенцам жартоўныя прыпеўкі Веры Гусак і Міхаіла Пазнанскага.

– Хор – гэта вялікая і дружная сям’я, у якой усе мы адчуваем сябе шчаслівымі і патрэбнымі, – расказвае Ала Рэдута, якая год як прыйшла ў калектыў. – Ды і шаноўная публіка, мяркуючы па апладысментах падчас канцэртаў, нас паважае і чакае. У агульным, “Успамін” – гэта прыклад таго, як неабходна жыць у залатым узросце.

Што цікава, першапачаткова калектыў выступаў пад акампанемент баяна. А пару гадоў таму дапамагаць артыстам стала аркестровая група настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў. Атрымалася вельмі цікавая, яркая работа.

– Кожная песня, патрыятычнай ці лірычнай тэматыкі, беларуская народная ці сусветная класіка, мае сваю таямніцу. І наша задача – перадаць яе сэнс на такім узроўні, каб заваражыць слухача, – расказвае мастацкі кіраўнік хору Марына Бусловіч. – Калі нам падпяваюць людзі старэйшага пакалення, моладзь і падлеткі, значыць, песня будзе жыць, а творчасць развівацца.

– Муза нас не пакідае, мы поўныя сіл і планаў і зараджаем сваёй энергіяй другіх, – адзначае старэйшая ўдзельніца хору Ларыса Сталпец. – Запавольваць тэмп жыцця і не думаем – нас чакаюць важныя юбілейныя даты, і мы павінны праслаўляць іх.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены