Гучы, беларускае слова! Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці правёў цікавыя тэматычныя заняткі, прысвечаныя Дню роднай мовы

Захапленне гісторыяй Беларусі, любоў і павагу да роднага слова выхоўваем штодзённа: наша ўстанова адукацыі беларускамоўная. Каб у дзіцячым асяроддзі гучала родная мова, патрэбна на ёй размаўляць усім ўдзельнікам адукацыйнага працэсу.

Падчас Тыдня, прысвечанага беларускай мове і нацыянальнай культуры, які праходзіць з 18 па 22 лютага, у цэнтры рэалізавана шмат творчых праектаў, якія спрыяюць далучэнню дзяцей да беларускай нацыянальнай гісторыі, культуры, традыцый і мовы.

Паміж выхаванцамі старэйшай групы адбыўся конкурс на лепшага чытача “Беларускія паэты – дзецям!”, у час якога дашкольнікі з захапленнем дэкламавалі вершы пра поры года ў Беларусі, пра родны край. З дзіцячых вуснаў прагучаў і знакаміты “Хлопчык і лётчык” Я.Купалы.

Цікавыя тэматычныя заняткі ў “Беларускай хатцы” спрацавалі на пашырэнне ўяўленняў як пра культурную спадчыну беларускага народа, так і пра славутасці роднай Зэльвы, пра імёны, што раней бытавалі на нашых землях. І што немалаважна – у “Беларускай хатцы” ўстаноўлены свае правілы паводзін, адно з якіх – шырокае выкарыстанне ветлівых слоў. Сардэчна дзякую! Просім прабачэння! Прабачце, калі ласка! Вельмі добра! Цудоўна! Вось здорава! Мне вельмі прыемна! Я задаволены! Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! і інш. – такімі формамі маўленчага этыкету суправаджаюцца ўзаеміны ў цэнтры на працягу дня.

Кожны дзень ва ўстанове праходзяць тэматычныя гульні “Назаві па-беларуску”, “ Хто жыве ў беларускім лесе?”, “Апрані хлопчыка і дзяўчынку ў беларускі касцюм”, “Купім мэблю для Янкі і Арынкі”, “Нацыянальныя стравы беларускай кухні”, “Пазнай казачнага героя па апісанню”,  “Перакладчыкі” і іншыя. Акрамя таго, асаблівую ролю ў далучэнні дзяцей да духоўнай спадчыны беларусаў выконваюць і лэпбукі.

У групах установы абсталяваны кніжныя куткі. Гартаючы старонкі цікавай кніжкі з выхавальнікамі, маленькія чытачы суперажывалі героям беларускіх казак “Не сілай, а розумам”, “Пра быка і яго сяброў”, атрымоўваючы ці не самыя важныя ўрокі жыцця. А выхаванцы групы №7 прапанавалі малодшым сябрам сцэнічнае ўвасабленне “Зайкавай хаткі”. У нас існуе яшчэ адна добрая традыцыя – перад дзённым сном чытаць дзеткам казкі на беларускай мове. Гэта “Прыгоды Нуліка” і “Я тут жыву” Уладзіміра Ліпскага, “Вандроўка з божымі кароўкамі” і “Першая прыгажуня” Алены Масла, ”Цуда-вуда” Уладзіміра Мазго і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў.

Варта зазначыць, што педагагічны калектыў аднадумцаў кіруецца прынцыпам: дзіця, якое з маленства шануе традыцыі продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, і пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.

Педагог-псіхолаг
ДЦРД №1 Таццяна КАМАРЭЦ

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены