Гродзенскі філіял Белпошты выпусціў тры камплекты канвертаў і паштовак з выявай героя зэльвенскай пераправы А.В. Смалякова

СМОЛЯКОВ У канцы чэрвеня бягучага года Гродзенскі філіял Белпошты выпусціў тры камплекты канвертаў і паштовак з выявай героя зэльвен-скай пераправы 1941 года А.В. Смалякова. Грошы на выданне трохсот экзэмпляраў гэтай прадукцыі ахвяравала наша мясцовая края- знаўца Валянціна Боцька. Апантаная ўвекавечаннем памяці палкоўніка Смалякова, Валянціна Яўгеньеўна пастаянна шукае людзей, якія б змаглі дапамагчы ёй у гэтым. У Гродне яна знайшла Д.М.Нарэля, які заняўся даследаваннем жыцця А.В.Смалякова. Напісаў вялікі артыкул “Жизнь как долг” (“Праца”, 2007 г., 23 чэрвеня), а зараз дапамог падабраць для паштовага камплекта фотаздымкі палкоўніка. У Зэльве адшукала дызайнера ў асобе Т.У.Лях, начальніка раённага вузла паштовай сувязі. Працуючы над камплектамі ў вольны ад работы час, Тамара Уладзіміраўна заседжвалася за камп’ютарам за поўнач, адточваючы кожны штрых у канверце ці паштоўцы. Фотаздымкі старыя, некаторым амаль па сто гадоў, і трэба было апрацоўваць іх асабліва ўважліва і акуратна. І вось зараз праца Тамары Лях выносіцца на суд кліентаў Белпошты, якія змогуць ацаніць яе падчас Ганненскага кірмашу. Давайце ўважліва прыгледзімся да фотаздымка ў газеце, ахарактарызуем камплекты, падрыхтаваныя Т.У.Лях. Адзін з іх складаецца з прыгожага канверта з чырвонай стужкай, зоркай і кветкамі ў левым яго баку, фотаздымка А.В.Смалякова з датамі жыцця і смерці. І агульнай для ўсіх камплектаў назвы ўнізе: “70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца”. А паштоўка ўзнаўляе партрэт Смалякова, салдата грамадзянскай вайны, калі ён быў памочнікам начальніка атрада Чырвонай Арміі. Другі камплект знаёміць нас са Смаляковым, слухачом разведвальных курсаў удасканалення кадраў рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, на якіх ён вучыўся ў 1939 годзе (канверт), і захавальнікам зброі 19-га стралковага палка 7-й стралковай дывізіі, дзе служыў у 1924 годзе (паштоўка). А трэці камплект дае магчымасць убачыць Смалякова такім, якім ён быў у апошнія гады жыцця, гэта значыць, начальнікам разведаддзела штаба 10-й арміі, з якой ён і ўступіў у бяссмерце на зэльвенскай пераправе. Гэта – на канверце. А паштоўка ўзнаўляе аблічча Аляксандра Васільевіча 1937 года, калі ён у чыне капітана ўзначальваў 4-ю часць штаба 27-й стралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі. Як добра, што ёсць людзі, якія, не клапоцячыся пра грашовыя ці іншыя ўзнагароды, услаўляюць нашу гісторыю! Знаёмцеся і набывайце прадукцыю мясцовых філантропаў. Упэўнена, што яна ўпрыгожыць калекцыі як краязнаўцаў, так і філатэлістаў. Хто хоча набыць камплекты ўжо сёння, можа пазваніць па тэлефоне 3-31-18. Яніна ШМАТКО.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.