Версия для слабовидящих

“Патрэбна ставіць мэты і іх дасягаць”. Выпускніца Галынкаўскай сярэдняй школы імя У.Ф.Дравіцы Паліна Кобрынец – аб адносінах да любой справы

Просмотры: 3394

“Патрэбна ставіць мэты і іх дасягаць”. Выпускніца Галынкаўскай сярэдняй школы імя У.Ф.Дравіцы Паліна Кобрынец – аб адносінах да любой справы

Ва ўсе часы выдатнікам педагогі прарочылі бліскучую кар’еру. Ім, уладальнікам пасведчання аб агульнай сярэдняй адукацыі з адзнакай, зайздросцілі аднакласнікі. Сёлета спаўняецца пяць гадоў, як я выпусціла ў дарослае жыццё сваіх выхаванцаў. Сярод іх гонар нашага класа – залатая медалістка Паліна Кобрынец.

Паліна, прыехала ў родную школу, дзе прайшлі 11 гадоў вучобы, у час першага працоўнага адпачынку. Ёй хацелася пагутарыць з настаўнікамі, выказаць ім сваю ўдзячнасць, паглядзець, як жыве школа ў новым статусе. Восенню 2025 года рашэннем Зэльвенскага райвыканкама школе выдадзена пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, прысвоена імя знакамітага земляка –педагога, настаўніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Фёдаравіча Дравіцы.

Вучоба гераіні артыкула давалася лёгка. Усе прадметы школьнай праграмы яна засвойвала выдатна з улікам таго, што ў спадчыну ад бацькоў атрымала добрыя гены. 

Кожны год мне ўручалі пахвальны ліст за выдатныя веды. Вынікам шматгадовай каласальнай працы і стараннасці стаў медаль, – падзялілася Паліна. – Медаль – гэта прадмет, ён толькі для маральнага задавальнення. Галоўнае не медаль, а трывалыя веды, якія ў спалучэнні з маральнымі якасцямі я набыла ў сценах вясковай установы адукацыі, дзе мяне навучылі шмат чаму. Працавалі мы многа на зямлі, а яна патрабуе вынослівасці, цярпення. Больш за ўсё мне падабаліся фізіка і матэматыка.

Дзяўчына хацела паступаць на энергетычны факультэт БНТУ, як і старэйшая сястра Вольга. Але планы рэзка змяніліся пасля таго, як на руках аказаліся сертыфікаты ЦТ і ЦЭ. Балаў было дастаткова, каб паступіць на бюджэтную форму навучання ва ўстанову “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі” па спецыяльнасці “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”.

Чатыры гады вучобы ў сталічнай вышэйшай навучальнай установе праляцелі хутка. Не было часу расслабляцца: лекцыі, лабараторныя заняткі, залікі, сесіі… На чацвёртым курсе Паліна праходзіла практыку на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Белтаможсэрвіс”. Кіраўніцтва заўважыла зацікаўленасць маладой дзяўчыны, адказнасць, скурпулёзнасць у выкананні службовых абавязкаў і прапанавала ёй першае рабочае месца. У той час там не хапала ІТ- спецыялістаў.

Паліна згадзілася: вельмі падабалася ёй тое, чым займалася ў час практыкі. Прыйшлося сумяшчаць вучобу і працу. Гэта было цяжкавата, таму што рыхтавалася да абароны дыпломнай работы. А калі атрымала заветны дыплом з кваліфікацыяй “інжынер-сістэматэхнік”, уладкавалася ў офіс цыфравізацыі аддзела праграмнага забеспячэння на пасаду інжынера-праграміста.

Дарэчы, РУП “Белтаможсэрвіс” з 1999 года з’яўляецца аператарам на рынку лагістычных паслуг. Офіс цыфравізацыі быў створаны ў 2024 годзе для распрацоўкі і ўкаранення цыфравых працэдур з ключавымі ІТ- спецыялістамі. Цяпер, расказвае малады спецыяліст, яны актыўна займаюцца цыфравізацыяй, развіваючы ІТ-рашэнні для мытні, у тым ліку сістэмы электроннай чаргі, электроннага дакументазвароту і маніторынгу перавозак.

Цяпер я разумею, што любую справу трэба выконваць не добра, а выдатна: ставіць мэты і іх дасягаць. І ў гэтым мне дапамагаюць маё цярпенне і руплівасць у выкананні даручанага. Многія з маіх аднагрупнікаў, аднакурснікаў не атрымалі запаветны дыплом, хоць і паступілі на адзін з прэстыжных факультэтаў ВНУ. Прычыны розныя, але самая распаўсюджаная – няўменне пераадольваць цяжкасці, няўдачы, адсутнасць цярпення, – сказала на завяршэнне былая вучаніца.

Настаўнік біялогіі Галынкаўскай сярэдняй школы
імя У.Ф.Дравіцы Марыя Худзяева

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!