Дзярэчын святкуе 610-годдзе: весела, шумна, цікава
Дзярэчын святкуе 610-годдзе: весела, шумна, цікава
На эстраднай пляцоўцы было весела і шумна. Тут ладзілася адразу некалькі конкурсаў. Пачэснае месца ў Год беларускай жанчыны заняў конкурс “Беларуская жанчына”. У летні перыяд прыйшоўся да густу аматарам флоры конкурс на лепшую кампазіцыю з кветак “Летні феерверк”. Пашанцавала на свяце пакаштаваць і прысмакаў, так як гаспадыні прынялі ўдзел у так называемым харчовым спаборніцтве і прыгатавалі кулінарныя вырабы - “Пернікавы цуд”.
Але аб усім па парадку.
Пасля ўрачыстага адкрыцця свята, па традыцыі мясцовае насельніцтва і гасцей прывіталі галоўныя гістарычныя асобы – вяльможны князь Сапега са сваёй світай. Ён і даў дазвол весяліцца, апладысментамі падтрымліваць артыстаў і канкурсантаў, карысна бавіць час.
Для гэтага было шмат магчымасцей – для дзетвары працавалі кропкі продажу сувеніраў і салодкіх пачастункаў, гульнёвая пляцоўка.
Для аматараў фальклору і народнай спадчыны была арганізавана выстава дэкаратыўных рэчаў. Тут праводзілі майстар-класы па пляценні вырабаў з саломкі, ткацтве паясоў таленавітыя рамесленікі.
Сярод іх, напрыклад, Аляксандр Галянда з Дзярэчына. Ён расказаў, што ўжо 8 гадоў пляце кашы. Навучыўся праз інтэрнэт. Зараз сам рыхтуе лазу. Маленькі кошычак можа сплясці за паўтара дня. А вось на большы і часу патрабуецца больш. Яго рэчы набылі жыхары Гродна і Мінска, многіх гарадоў Расіі.
Нядаўна майстэрства па ткацтве паясоў асвоіла Лідзія Кіслая, якая дапоўніла свае шматгранныя ўменні яшчэ адным захапленнем. Яно, канешне, патрабуе ўседлівасці, але і вырабы атрымоўваюцца прыгожыя.
Побач размясціўся Аляксандр Ішчанка і распавядаў пра гліняныя збаны. А таксама Лілія Амяльянчык -умеліца ператвараць саломінку ў найпрыгажэйшы сувенір.
Дэгусціравалі журы і гледачы выпечку. Яна бавіла і пахам, і выглядам. Пернікі былі і з мёдам, і джэмам, згушчонкай. Гаспадынькі пастараліся на славу: здоба разыходзілася за рукамі.
Зону каля сцэнічнай пляцоўкі ўпрыгожвалі букеты кветак. Цікава глядзеліся кампазіцыі з палявых рамонкаў і васількоў, якія дапаўнялі каласкі. Прыгожа выдзялялася фларыстычнае афармленне кветак з палісадніка.
А на сцэне было шумна. Перш-наперш сюды запрасілі самых актыўных, ініцыятыўных жанчын Дзярэчына. Менавіта тых, якія клапоцяцца аб дабрабыце насельніцтва, добраўпарадкаванні аграгарадка, прапануюць розныя ідэі, каб Дзярэчын захаваў сваю гісторыю і развіваўся далей. Яны заслужылі не толькі апладысментаў аднасяльчан, але і сувеніраў ад мясцовай ўлады і сельгаспрадпрыемства.
Павіншаваць цудоўную палову аграгарадка права было прадастаўлена старшыні райсавета дэпутатаў Вадзіму Панасіку, старшыні сельвыканкама Аляксандру Белякала, намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства “Галынка” Іллі Яфімаву, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзярэчынскай сярэдняй школы імя Р.Л. Кірылава Наталлі Кароль.
Падарункі прымалі Біч Таіса Мікалаеўна, стараста аг. Дзярэчын; Мацко Таццяна Уладзіміраўна, прараб камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Галынка”; Пазняк Ганна Іванаўна, настаўнік пачатковых класаў Дзярэчынскай сярэдняй школы імя Р.Л. Кірылава; Зыбко Феадосія Аляксееўна, ветэран педагагічнай працы; Раманчук Вольга Пятроўна, прыбіральшчык памяшканняў мясцовай установы адукацыі, Мароз Лілія Уладзіміраўна і Качук Людміла Валянцінаўна, прадаўцы магазіна “Родны кут”; Лапа Валянціна Уладзіміраўна, загадчык філіяла “Дзярэчынскі сельскі клуб”; Жоглік Марыя Сцяпанаўна, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры; Жамойціна Ганна Вітольдаўна, культарганізатар філіяла “Дзярэчынскі сельскі клуб”; Русецкая Валянціна Міхайлаўна, хормайстар народнага ансамбля песні “Звончыкі”.
А вось жанчынам – удзельцам конкурсу “Беларуская жанчына” - трэба было пастарацца, каб уразіць журы і гледачоў. Чатыры ўдзельніцы спаборнічалі ў некалькіх этапах. Неабходна было прыгожа прадэфіліраваць на сцэне, расказаць коратка аб сабе і сваіх захапленнях, пры дапамозе веера прызнацца ў пачуццях мужчыне, прыгатаваць яўрэйскі бутэрброд, стаць на хвілінку медсястрой і завязаць мужчынскі гальштук.
Канкурсантка Марыя Ацьман падарыла аўдыторыі прыгожы музычны нумар, Святлана Карнейчык расказала байку на ўзбекскай мове, Лілія Макарэвіч прызналася, што аддае перавагу здароваму ладу жыцця і кветкам, а вось хобі Ганны Роўгач – рыбалка на спінінг.
Какетліва ўдзельніцы валодалі веерам, за 3 хвіліны ладзілі пачастунак, хутка перавязалі імправізаваную параненую руку, умела завязалі гальштук.
Хто якую намінацыю атрымаў, чытайце падрабязней у газеце “Праца”.
Феадосія Зыбко:
-З 1990 года жывём у Дзярэчыне. Да гэтага часу шмат дзе пабывалі, пераезды былі звязаны з пасадамі мужа. А вось тут прыжыліся. Нас прыветліва сустрэлі мясцовыя людзі, усё добра ладзілася па месцы працы – займала пасаду намесніка дырэктара вучэбна-вытворчага камбіната. Заўсёды жыццё ў Дзярэчыне "кіпела”. Хай так будзе і далей. Бо гэты край, ужо сваёй гісторыяй, заняў адметнае месца на зэльвенскай зямлі. Няхай малая радзіма дорыць землякам сілу і моц, натхнення і радасці нашым жыхарам, росквіту і дабрабыту мястэчку!
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX. Подписывайтесь по ссылке!





















