Версия для слабовидящих

На пленуме раённага савета ветэранаў падвялi вынікі работы за адыходзячы год і вызначылі планы на будучае

19 декабря 2024
Просмотры: 14089

На пленуме раённага савета ветэранаў падвялi вынікі работы за адыходзячы год і вызначылі планы на будучае

Традыцыйна ў снежні раённы савет ветэранаў на пленуме падводзіць вынікі работы ў адыходзячым годзе і вызначае план на будучае. Старшыня ветэранскай арганізацыі С.У.Баган расказаў пра асноўныя здзяйсненні, адзначыўшы актыўнасць зэльвенцаў ва ўсіх важных грамадска-палітычных падзеях у краіне. Тут ён выдзеліў удзел у адзіным дні галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у мерапрыемствах, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 85-годдзю ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі і інш.

Лідар ветэранаў вельмі ўдзячны ўсім організацыям і ўстановам, якія дапамагаюць вырашаць праблемы людзей залатога ўзросту, у першую чаргу раённаму выканаўчаму камітэту, яго старшыні і намеснікам. Адзначыў, што раённая газета «Праца» не шкадуе сваіх старонак для адлюстравання жыцця ветэранаў.

Сярод самых значных мерапрыемстваў 2024 года вылучыў такія, як дэкада «Залаты ўзрост», экскурсіі ў музеі, тэатр, Жыровіцкі манастыр і Сынкавіцкую царкву; мітынгі-рэквіемы каля брацкіх магіл і помнікаў; велапрабегі па месцах баявой славы, акцыі «Зберажом памяць навекі» і г.д. Рэгулярна папаўняецца новымі матэрыяламі інтэрнэт-старонка савета «Вэтэранская Зэльва».  

Шмат праведзена культурна-масавых мерапрыемстваў з удзелам ветэранаў. Творчыя аб'яднанні, клубы па інтарэсах, што працуюць пры клубных установах і бібліятэках, у ЦСАН, дапамагаюць пажылым людзям развіваць свае здольнасці, пашыраць кола знаёмстваў, адчуваць сваю еднасць з маладым пакаленнем. Сярод самых актыўных ветэранаў Сяргей Уладзіміравіч назваў Еву Артураву, Станіславу Прызван, Леаніда Гана, Веру Тульвінскую, Міхаіла Пазнанскага, Ванду Кавалевіч, Валерыю Селівёрставу, Алену Пайзулаеву, Івана Міхнайця і інш.

Нядаўна мы прадставілі матэрыял нашых ветэранаў-творцаў у абласны савет ветэранаў, які рыхтуе зборнік «Память огненных лет». Спадзяёмся ў хуткім часе ўбачыць у гэтым зборніку вершы нашых паэтак Алены Карозы і Святланы Літвінчык, – паведаміў Сяргей Баган.

Лідар ветэранаў прадставіў сваё бачанне работы раённага савета і пярвічных ветэранскіх арганізацый на 2025 год. Гэта актыўны ўдзел ветэранаў у выбарах Прэзідэнта, у мерапрыемствах па святкаванні 80-годдзя Вялікай Перамогі, 85-годдзя з дня ўтварэння Зэльвенскага раёна, падрыхтоўкі турыстычнага злёту ветэранаў і шэрагу іншых. У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый, якія ўнеслі свае прапановы. Ірына Кавалевіч назвала некалькі мерапрыемстваў, у якіх удзельнічалі ветэраны-педагогі. Напрыклад, у конкурсе малюнкаў «Нам мир завещено беречь” бралі ўдзел 47 навучэнцаў школ раёна. У лагеры “Блакітная хваля” з поспехам прайшла выстава малюнкаў, прымеркаваная да Дня Перамогі. Лепшыя мастакі адзначаны Дыпломамі раённага савета ветэранаў. Сярод лепшых школ Ірына Уладзіміраўна назвала гімназію №1, СШ №3, Князеўскую, Дзярэчынскую СШ, Міжэрыцкую БШ і дзіцячую школу мастацтваў. Высока ацаніла старшыня камісіі па патрыятычным выхаванні моладзі работу школьных музеяў. Разам з ветэранамі школьнікі вядуць работу па перапахаванні астанкаў загінуўшых у гады вайны, удзельнічалі ў закладцы капсулы памяці і мітынгу-рэквіеме па ўстаноўцы інфармацыйных таблічак з назвай вёсак раёна, спаленых фашыстамі, у адкрыцці памятных знакаў на вуліцах, якія носяць імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Зараз у савеце ветэранаў ідзе апрацоўка ўспамінаў ветэранаў працы Людмілы Шышко і Аляксандра Зянько для перадачы іх у музей.

Ірына Раманчык падзялілася поспехамі ветэранаў-культработнікаў. Ганарыцца сапраўды ёсць кім і чым. Салісты ветэранскага хору “Успамін” адзіныя ў вобласці адзначаны сярод усіх ветэранскіх калектываў. І заслуга ў гэтым, як можна здагадацца, нашых залатых галасоў – Станіславы Прызван і Станіслава Казакевіча.

Марыя Заяц падкрэсліла, што нашы ветэраны заўсёды адчуваюць клопат пра сябе. Няма праблем ні з выплатай пенсій, ні з сацыяльнай абаронай пажылых людзей. Адзінае, як адзначыла Марыя Паўлаўна, хацелася б, каб адзінока пражываючыя маглі атрымліваць разавую дапамогу пры ўзворванні прысядзібнага ўчастка ці, скажам, навядзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі. На гэта Марыя Паўлаўна адразу атрымала адказ ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Н.Т.Юркевіч:

– Што датычыцца санітарна-бытавых паслуг, то можна пазваніць у ЖКГ, іншыя аказваюць індывідуальныя прадпрымальнікі.

У рабоце пленума прымаў удзел намеснік старшыні райвыканкама С.М.Лойка. Ён падзякаваў ветэранам за пастаянную падтрымку мясцовай улады, падзяліўся планамі на будучы год. Ёсць дамоўленасць з арганізатарамі “Легендарных эпох”, што яны да лета 2025 года падрыхтуюць рэканструкцыю трох асноўных этапаў мінулай вайны – 1941 год, 1942-1943 гады, 1944-вызваленне. На кінастудыі “Беларусфільм” плануецца работа над фільмам “Зэльвенскі прарыў”, таму ветэранам абавязкова трэба прыняць удзел у будучай працы  работнікаў кінастудыі. 

Затым Сяргей Мікалаевіч адказаў на пытанні прысутных і заклікаў ветэранаў стаць актыўнымі ўдзельнікамі кампаніі па выбарах Прэзідэнта. 

Прыемнай нечаканасцю для ўдзельнікаў пленума стала ўзнагароджанне лідара ветэранаў С.У.Багана, старшага лейтэната запасу, нагрудным знакам “100 год з дня заснавання Узброеных Сіл”. Узнагароду ўручыў начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Яўгеній Шышко.

Ветэраны выбралі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі і наглядальнікаў на выбарчыя ўчасткі. 

Завяршылася работа пленума узнагароджаннем лепшых старшынь пярвічных арганізацый – Уладзіміра Мянчэні, Леаніда Рудога, Віктара Чапкевіча і Валерыя Войны. 

Яніна ШМАТКО 

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!