Версия для слабовидящих

«Галубы з чырвонымі стужкамі»: як змагалася моладзь Зэльвеншчыны

Просмотры: 74

«Галубы з чырвонымі стужкамі»: як змагалася моладзь Зэльвеншчыны

Змаганне за лепшую долю. Рэвалюцыйны рух на Зэльвеншчыне ў 1920–30-я гады

Вялікую ролю ў станаўленні рэвалюцыйных поглядаў адыгрывалі беларускія газеты левага накірунку, якія з канца 1924 г. выпісвала моладзь Зэльвеншчыны. Асаблівай папулярнасцю карысталіся газеты «Наш кліч», «Наша праўда», «Чырвоны сцяг», якія распаўсюджваліся нелегальна. У газетах, якія выдаваліся ў Вільні, друкаваліся заклікі аб напісанні насельніцтвам Заходняй Беларусі дэкларацыі з патрабаваннем адкрыцця беларускіх урадавых школ, крытыкаваліся і высмейваліся польскія чыноўнікі, паліцэйскія. 

Удзельнікі першамайскай дэманстрацыі в. Пінскавічы

Прадаўжальнікам вызваленчых традыцый Грамады ў 1928-1930 гг. стаў беларускі сялянска-рабочы пасольскі клуб «Змаганне», створаны пасля перамогі народных сіл на выбарах у сейм у сакавіку 1928 г. Дэпутаты з народа, якія прайшлі ў сейм, у тым ліку і Павел Крынчык, стварылі сама стойную арганізацыю. Клуб «Змаганне» меў у паветах свае аддзяленні-сакратарыяты, у абавязкі якіх уваходзіла наладжванне сувязі з сялянамі, збор звестак аб іх патрэбах, пажаданнях. Усё гэта перапраўлялася паслам (дэпутатам) сейма. 
Шмат членаў клуба «Змаганне» было ў в. Вострава. Гэта арганізацыя атрымала ў спадчыну лепшыя традыцыі БСРГ. Члены клуба «Змаганне» выступалі супраць палітыкі ўзбраення, патрабавалі заключэння дагавора аб ненападзе з Савецкім Саюзам, выступалі супраць аграрнай палітыкі, за зямлю без выкупу для сялян, супраць асадніцтва і г.д. 

Большая частка мясцовага актыву знаходзілася на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. Дэпутаты і актывісты клуба праводзілі мітынгі, на якіх выступалі з палітычнымі прамовамі, заклікалі да арганізаванай барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У 1930 г. мітынг адбыўся ў мястэчку Дзярэчын. У гэты час у Заходняй Беларусі праводзілася кампанія па выбарах дэлегатаў на Еўрапейскі кангрэс сялян. На мітынг прыбыў дэпутат сейма П.С. Крынчык. Ён выступіў з палымянай прамовай, заклікаў прысутных цясней згуртаваць свае рады і змагацца за вызваленне, за лепшую долю. Больш за 20 паліцэйскіх, якія знаходзіліся на мітынгу, патрабавалі, каб дэпутат спыніў прамову. 

Хата І. І. Сідара ў в. Вострава, дзе знаходзілася чытальня Таварыства беларускай школы.

Аднак удзельнікам мітынгу ўдалося абараніць прамоўцу. КПЗБ паспяхова кіравала палітычнай барацьбой працоўных, якая праводзілася ў форме дэманстрацый, мітынгаў, маёвак і масавых палітычных акцый. Звычайна яны праходзілі ў дні святкавання гадавін Вялікага Кастрычніка, 1 Мая, у дні памяці У.І. Леніна, Парыжскай камуны і інш. 

У красавіку 1928 г. рашэннем Дзярэчынскага падрайкома КПЗБ была прынята рэзалюцыя: зрабіць 1 Мая святам у вёсках, дзе існавалі ячэйкі КПЗБ. Было падрыхтавана 8 чырвоных сцягоў, на якіх напісалі лозунгі: «Няхай жыве дзень 1 Мая!», «Прэч белы тэрор!», «Прэч фашызм!», «Мір усім народам!». Сцягі былі раздадзены ў вёскі Мілявічы, Алексічы, Клімавічы, Вострава і вывешаны 1 Мая. У гэты ж дзень сцягі былі вывешаны таксама ў цэнтры вёсак Галынка, Дзешкавічы, Угрынь і інш. 

Рэпрэсіі з боку польскіх улад да выдатных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху прывялі да некаторага спаду барацьбы ў пачатку 1930-х гг. Але барацьба працоўных Зэльвеншчыны працягвалася. Так, у знак пратэсту супраць рэпрэсій улад у в. Пляцянічы неаднаразова вывешваліся чырвоныя сцягі, а аднойчы на плоце з'явілася палотнішча, на якім былі напісаны словы Якуба Коласа: «Ужо даўно вяроўкі вас, паны, чакаюць і па вас aciны слёзы праліваюць». Жыхары ўсёй вёскі некалькі разоў праходзілі каля палотнішча, употай чыталі напісанае – і ціхая вясковая вуліца раптам стала шматлюднай. Толькі ў другой палове дня стараста Ярмолік з в. Драпаўцы зняў транспарант і забраў з сабой. Вечарам з камендатуры, якая знаходзілася ў Галынцы, прыехалі двое паліцэйскіх і сталі весьці допыт сялян, аднак вінаватых не знайшлі. 

Актыўна працавалі маладзёжныя групы МОПРа (Міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі), КСМЗБ. У в. Каралін працавалі тры групы МОПРа. Мопраўскія арганізацыі актыўна дзейнічалі ў вёсках Вострава, Галынка, Казловічы, Конна, Пляцянічы і інш. Так, жыхарка в. Конна камсамолка Клаўдзія Грышчук, акрамя выканання камсамольскіх даручэнняў, на працягу доўгага часу была казначэем арганізацыі МОПРа ў сваёй вёсцы. Нават калі К. Грышчук трапіла пад нагляд паліцыі, яна не спыніла сваёй падпольнай дзейнасці. Толькі ў лютым 1936 г. камсамолка з сабраных узносаў унесла 13 злотых у дапамогу палітычным зняволеным турмы г. Ваўкавыск.
У 1934 г. у Польшчы ўступілі ў дзеянне новыя антырабочыя законы, узмацніўся паліцэйскі тэрор, праследаванні людзей, якія выказвалі сваю нязгоду з палітыкай урада Пілсудскага. 

Нягледзячы на рэпрэсіі і жорсткае праследаванне з боку польскіх улад, партыйныя і камсамольскія арганізацыі вялі ўзмоцненую падпольную работу. Яна дасягала высокага напалу, асабліва ў дні падрыхтоўкі і правядзення рэвалюцыйных свят. Аб падзеях тых гадоў расказваюць дакументы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці. Так, у рапарце каменданта Дзярэчынскага ўчастка паліцыі паведамлялася: «24 ліпеня 1934 г. у лесе адбылася маёўка жыхароў в. Залацеева. У ёй удзельнічала 50 чалавек. Прысутнічалі жыхары вёсак Крывічы, Марачы, Грабава. Удзельнікі выкрыквалі: «Няхай жыве Кампартыя Заходняй Беларусі і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі», «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1934 г. у в. Конна Ш.М. Заморскі, сакратар ячэйкі КПЗБ, напярэдадні кастрычніцкіх свят купіў у Зэльве 20 галубоў, прывязаў ім чырвоныя стужкі з напісанымі рэвалюцыйнымі лозунгамі і выпусціў 7 лістапада. Галубы некалькі гадзін ляталі над сялом і насілі ў паветры святочныя «транспаранты», а потым селі ў двары аўтара гэтага парада».

Вялікую работу сярод працоўных па арганізацыі і правядзенні рэвалюцыйных свят праводзілі партыйныя і камсамольскія арганізацыі вёсак Івашкавічы, Каралін, Кашалі. У глыбокім падполлі выпускалі адозвы і лістоўкі, якія заклікалі людзей да барацьбы супраць памешчыкаў і капіталістаў, за сваю зямлю і свабоду. Жыхары в. Каралін часта збіраліся ў рэвалюцыйныя святы на мітынгі і дэманстрацыі. У майскія дні – у Кракоцкім лесе, у ярах пад Цыганоўкай, зімой – у гумнах і дамах надзейных людзей. Звычайна збіраліся з чырвонымі сцягамі, выступалі з рэвалюцыйнымі прамовамі, дэкламавалі вершы Я. Коласа, Я. Купалы. На адкрытых месцах вывешвалі сцягі, лозунгі. Іншы раз да іх прыязджалі студэнты-камсамольцы з Вільні: Валянцін Таўлай, Юрый Тарасюк. Вялікі мітынг адбыўся 1 мая 1935 г. у Цыганоўскіх ярах. Потым сяляне з Пятрэвіч і Паўлавіч выйшлі са сцягамі насустрач сваім суседзям з Росцевіч, Кашалёў, Караліна, Навасёлак, Івашкавіч. Хутка з'явілася паліцыя. І хаця сяляне трымаліся салідарна, паліцыя разагнала дэманстрантаў і 12 чалавек арыштавала. 

Такія ж мітынгі і дэманстрацыі правялі ячэйкі КПЗБ і КСМЗБ у вёсках Вострава, Конна, Крываконна, Пляцянічы і інш.  28 ліпеня 1935 г. у Галынкаўскай гміне адбылася антываенная дэманстрацыя і мітынг пратэсту супраць ваеннай небяспекі, рэакцыйнай канстытуцыі і выбарачнай ардынацыі. Паліцэйскім не ўдалося разагнаць мітынгоўшчыкаў. 

Шырока адзначалася свята 1 Мая на Зэльвеншчыне і ў наступным, 1936 г. У рапарце паліцэйскага Дзярэчынскага ўчастка паліцыі гаварылася аб тым, што 2 мая 1936 г. адбылася першамайская дэманстрацыя ў в. Залацеева. У гэтым жа годзе каля 50 жыхароў в. Пляцянічы з чырвоным сцягам і транспарантамі прайшлі па вёсцы і накіраваліся да в. Дзешкавічы. На дарозе дэманстранты сутыкнуліся з атрадам паліцэйскіх. Моладзь кінулася ўцякаць цераз поле ў лес. Двух схопленых дэманстрантаў, В. Лагуту і Г. Лагуту, паліцэйскія па-зверску збілі.

Крывавыя расстрэлы дэманстрацый беспрацоўных у 1936 г. у Львове і Кракаве не пакінулі абыякавымі працоўных Зэльвеншчыны. У дзень памяці забітага паліцыяй рабочага ў Львове не выйшлі на работу пляцяніцкія рабочыя цагельна-чарапічнага завода. У той жа дзень сяляне вёсак Пляцянічы і Дзешкавічы адмовіліся грузіць вагоны на чыгуначным раз'ездзе, а моладзь вёсак не выйшла на будаўніцтва дарогі Слонім — Зэльва. Мітынгі пратэсту супраць расправы над польскімі рабочымі адбыліся ў вёсках Каралін, Вострава, Казловічы і інш. 

На рэвалюцыйныя выступленні моладзі польскія ўлады адказвалі рэпрэсіўнымі мерамі. Многія камуністы і камсамольцы былі арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення. Але і ў турмах яны заставаліся вернымі сваёй справе. 

У той абстаноўцы, што на пачатку 1930-х гадоў склалася у Заходняй Беларусі, дзейнасць КПЗБ, КСМЗБ і іншых прагрэсіўных арганізацый была накіравана на стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць улад у абарону палітычных правоў народа, супраць развязвання новай сусветнай вайны і актывізацыі сіл рэакцыі. У гэтых умовах падпольныя арганізацыі Зэльвеншчыны здолелі арганізаваць масавыя рэвалюцыйныя выступленні працоўных, у ходзе якіх выстаўлялі палітычныя і эканамічныя патрабаванні. Так, у пачатку 1934 г. да вёсак Пляцянічы, Дзешкавічы дайшлі звесткі аб забастовачным руху сялян, занятых на лесараспрацоўках у Слонімскім павеце. У хуткім часе на забастовачную барацьбу падняліся і сяляне на лесараспрацоўках у Старасельскай гміне. Выступленні насілі яскрава выражаны палітычны характар.

Летам 1935 г. у вёсках Каралін, Кашалі, Аляксандраўшчына пачалося выступленне сялян-рыбакоў. Прычынай паслужылі спробы ўлад пазбавіць іх права лавіць рыбу. Забастоўшчыкі стварылі дружыны самаабароны і нікога не падпускалі да возера. Але паліцыі ўдалося арыштаваць арганізатараў забастоўкі А.В. Кедалу, Н.В. Крокаса, М.Д. Самушчыка і інш. Сяляне арганізавана прыйшлі ў Зэльву і запатрабавалі іх вызвалення. Сутыкнуўшыся з упартым супраціўленнем сялян-рыбакоў, улады вымушаны былі пайсці на ўступкі. 

Сялянскія аграрныя выступленні ў 1935- 1938 гг. праходзілі ў асноўным па лініі барацьбы супраць камасацыі, за сэрвітуты. У некаторых выпадках сяляне сілай займалі сэрвітуты, знішчалі межавыя знакі, праганялі паліцыю і чыноўнікаў, адмаўляліся выконваць шарваркі, выступалі супраць прымусовага спагнання нядоімкаў і канфіскацыі маёмасці за падатковую запазычанасць. 

У в. Кабякі памешчык прывёў паліцэйскіх, каб сілай адабраць у сялян сэрвітут. Абураныя сяляне ўсёй вёскай акружылі паліцэйскіх. Адбылася сутычка, у выніку якой збітыя паліцэйскія ўцяклі. У кастрычніку 1935 г. адбылося антыпадатковае выступленне ў в. Даўгаполічы.

Па старонках кнігі "Памяць. Зэльвенскі раён" 
Працяг будзе.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!