Нацыянальна-вызваленчы і рэвалюцыйны рух на Зэльвеншчыне ў складзе Польскай дзяржавы
Нацыянальна-вызваленчы і рэвалюцыйны рух на Зэльвеншчыне ў складзе Польскай дзяржавы
На тэрыторыі цяперашняга Зэльвенскага раёна ў той час апорай улад былі ўчасткі паліцыі ў Зэльве, Дзярэчыне, Галынцы, Міжэрычах, Крамяніцы. На кожным участку было ад 4 да 10 паліцэйскіх. Дзейнічалі міравыя суды ў Зэльве і ў Дзярэчыне. Па сутнасці, яны выконвалі волю паноў, спаганяючы з сялян штрафы за выпасы, высечку лесу, збор у панскім лесе ягад, грыбоў, галля. Сялян каралі за нявыплату запазычанасці па падатках, невыкананне дарожных павіннасцей, вырошчванне тытуню і іншыя «правіннасці».
Першыя члены КПЗБ в. Вострава: С. П. Татарын, А. В. Рыбак, П. С. Крынчык, М. У. Ламека, У. В. Сідар, С. Л. Татарын.
Цяжкае жыццё выклікала незадаволенасць працоўных, уздым рэвалюцыйнага руху. І калі ў кастрычніку 1923 г. была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі як састаўная аўтаномная частка Кампартыі Польшчы, адразу пачалі стварацца партыйныя ячэйкі на ўсёй тэрыторыі Зэльвеншчыны. Першымі камуністычнымі ячэйкамі на Зэльвеншчыне былі ячэйкі ў вёсках Кашалі і Вострава. Камуністычную ячэйку ў в. Кашалі ўзначаліў камуніст Н.М. Скробат. Яна была арганізавана ў 1924 г. У ячэйку ўвайшлі Н.С. Жук, А.А. Масальскі, І.В. Пашкоўскі, В.Я. Скробат, Н.М. Скробат. Ячэйка атрымала назву «Маланка» і ўвайшла ў склад Кулянскага падрайкома. Арганізатарам ячэйкі ў в. Вострава ў 1925 г. быў П.С. Крынчык. У яе склад уваходзілі А.В. Рыбак, І.О. Сідар, С.А. Татарын. Сакратаром ячэйкі быў абраны С.Л. Татарын.
У пачатку 20-х гадоў у в. Івашкавічы вярнуўся з СССР Н.К. Дробчык. Нічым асаблівым ён не вызначаўся, прыслухоўваўся да размоў аднавяскоўцаў. Іншы раз з асобнымі сялянамі вёў сакрэтныя размовы, расказваў аб жыцці савецкіх людзей, аб тым, што трэба ўсім змагацца з буржуазна-памешчыцкім ладам. У сакавіку 1925 г. у Івашкавічах была створана ячэйка КПЗБ. У яе ўступілі І.А. Войтка, Н.В. Крокас, В.Д. Мікуцік, А.Е. Раманчук і інш. Сакратаром абралі А.Е. Раманчука.
Пачалі арганізоўвацца ячэйкі і ў іншых населеных пунктах. У 1926 г. С.Л. Татарын арганізаваў ячэйку ў в. Угрынь, якую ўзначаліў С.Г. Слёзнік. У гэтым жа годзе ўзнікла камуністычная ячэйка ў в. Алексічы, якую ўзначаліў А. Біч.
Затым былі арганізаваны ячэйкі ў вёсках Залацеева, Пустаборы, Клімавічы, Дзешкавічы, Бародзічы, Конна, Крываконна, Цыганоўка, Каралін, Пятрэвічы, Старое Сяло, Галынка і інш. Мелі месца выпадкі, калі ў адной вёсцы арганізоўвалася па дзве камуністычныя ячэйкі. Напрыклад, у в. Вострава ў 1926 г. была створана яшчэ адна ячэйка, якую ўзначаліў А.В. Рыбак.
На Зэльвеншчыне дзейнічалі два райкомы КПЗБ: Зэльвенскі і Дзярэчынскі, куды ўваходзіла па некалькі падрайкомаў.
Адзін з падрайкомаў Зэльвенскага РК КПЗБ знаходзіўся ў в. Конна. Гэты падрайком аб'ядноўваў ячэйкі КПЗБ у вёсках Конна, Бародзічы, Крываконна. Узначальваў яго актыўны член партыі А. Рысюк.
Пад кіраўніцтвам КПЗБ у Дзярэчыне вялі падпольную работу 5 падрайкомаў, у тым ліку ў в. Залацеева, дзе сакратаром быў В. Скіба. Залацееўскі падрайком кіраваў работай ячэек у вёсках Крывічы, Грабава, Даўгаполічы, Залацеева.
Усе падпольныя партыйныя арганізацыі праводзілі сярод насельніцтва агітацыю супраць польскага ўціску, за навучанне ў школах на роднай беларускай мове, за ліквідацыю беспрацоўя і аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Арганізоўваліся зборы сродкаў у дапамогу палітычным вязням, у дні рэвалюцыйных свят – дэманстрацыі, а таксама забастоўкі рабочых і сялян. Партыйныя арганізацыі шмат увагі ўдзялялі прыёму новых членаў, распаўсюджванню партыйных лістовак і газет, вывешванню чырвоных сцягоў. Асабліва актыўна дзейнічалі падпольныя арганізацыі КПЗБ у вёсках Вострава, Залацеева, Пляцянічы, Кашалі, Каралін.
Напярэдадні 1 Мая 1925 г. сакратар партыйнай ячэйкі в. Кашалі Н.М. Скробат атрымаў пачак лістовак і адозваў. Камуністы ячэйкі расклеілі іх у бліжэйшых вёсках, што выклікала паніку мясцовых улад. З Ружанаў і Зэльвы выехала паліцыя.
Пачаліся вобыскі, аблавы, арышты. 5 чэрвеня 1925 г. паліцыя акружыла в. Кашалі. Н.С. Жук, В.Я. Скробат былі арыштаваны. А.А. Масальскага, І.В. Пашкоўскага і Н.М. Скробата ў гэты дзень не было, яны выконвалі партыйныя даручэнні. Некаторы час падпольшчыкі хаваліся, а затым, калі пачаліся масавыя арышты, эмігрыравалі ў СССР. У 1926 г. адбыўся судовы «працэс 30-ці». В.Я. Скробат атрымаў два гады турэмнага зняволення, Н.С. Жук паўтара, Н.М. Скробат завочна быў прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення.
Газеты, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва падпольшчыкамі ў 1921-1939 гадах
Аднак ні турмы, ні судовыя працэсы не запалохалі кашалёўскіх патрыётаў. У тым жа годзе ў Кашалях узнікла новая камуністычная ячэйка. Яе арганізатарам быў жыхар в. Івашкавічы Н.К. Дробчык. У склад ячэйкі ўвайшлі С.М. Жук, М.В. Зянько, В.А. Пашкоўскі, І.П. Саўка, І.М. Скробат, А.В. Скробат. Сакратаром ячэйкі быў абраны С.М. Жук. Члены Івашкавіцкай камуністычнай ячэйкі актыўна вялі растлумачальную работу сярод аднавяскоўцаў, расказваючы, што ў Савецкай Беларусі няма паноў і асаднікаў, землі перададзены сялянам, дзеці вучацца на роднай мове, людзі жывуць вольна.
Калі з Беластоку і Вільні пачала паступаць спецыяльная (нелегальная) літаратура, адказным за яе дастаўку ў в. Івашкавічы быў прызначаны В.Д. Мікуцік. Камуністы ячэйкі самі шмат чыталі, аб прачытаным расказвалі людзям.
Выезды Мікуціка з вёскі (а ён ездзіў за літаратурай) зацікавілі паліцыю. Яна пачала рабіць засады і перакрываць дарогі. Аднак за дзеяннямі паліцыі сачылі і камуністы, якія папярэджвалі Мікуціка аб небяспецы. І ён вяртаўся з літаратурай зусім з іншага боку, дзе не было засад. Літаратура размяркоўвалася па партыйных ячэйках: у Бародзічы, Конна, Крываконна, Залацеева, Варонічы. Пасля чарговага прыезду Мікуціка па ўсіх навакольных вёсках расклейваліся лістоўкі.
На Зэльвеншчыне адначасова з партыйнымі ствараліся і камсамольскія ячэйкі. У 1926 г. у в. Вострава была створана падпольная ячэйка КСМЗБ. Узначаліў яе У.М. Татарын. У 1928 г. па ініцыятыве сакратара бародзіцкай партячэйкі Коніка ў Бародзічах была створана камсамольская ячэйка з сямі чалавек. Сакратаром яе стаў І.П. Іоська. У Гродзенскім абласным архіве захавалася справа па абвінавачванні камсамольцаў в. Бародзічы. У ёй сказана: «Камендант пастарунка паліцыі Зэльвы ўстанавіў, што ў в. Бародзічы існавала камсамольская арганізацыя, да якой належалі І.М. Байбус, І.Р. Качук, Н.П. Лазута, Н.А. Попка і І.М. Байбус».
Актыўнымі барацьбітамі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне краю былі многія жыхары вёсак Івашкавічы, Пляцянічы, Дзешкавічы і іншых населеных пунктаў Зэльвеншчыны. Асабліва вылучаліся патрыятызмам і самаадданасцю К.А. Атарык, А.П. Казак, Л.К. Лабовіч, І.П. Мікуцік, Б.Л. Татарын і многія іншыя.
У 1930 г. была створана камсамольская ячэйка ў в. Залацеева. У яе ўвайшлі В.Я. Белянко, У.Ф. Снітко, К.Н. Супрун, А.І. Якубовіч. Сакратаром ячэйкі стаў В.С. Скіба. У 1931 г. такая ж ячэйка была арганізавана ў Івашкавічах. Дзве камсамольскія ячэйкі былі створаны ў в. Конна.
У пачатку 1930-х гадоў камсамольская ячэйка арганізавалася і ў в. Варонічы. У яе ўвайшлі М.В. Варона, М.Я. Галёнка, Б.І. Ласкевіч, М.В. Ламека, Н. Плюта, Е.С. Саўко, А.С Саўко, П.М. Скіба, П.І. Якубеня. Сакратаром быў абраны М. Я. Галёнка. Ячэйка мела цесныя сувязі з Слонімскім акруговым камітэтам камсамола і суседнімі тэрытарыяльнымі арганізацыямі.
Член Вароніцкай ячэйкі КСМЗБ П.М. Скіба быў сакратаром участка, у які ўваходзілі наступныя камсамольскія ячэйкі: Зблянская, Навасёлкаўская, Лаўрыновіцкая, Старасельская, Пляцяніцкая, якія налічвалі каля 50 камсамольцаў.
Па заданнях КПЗБ камсамольцы распаўсюджвалі забароненую літаратуру, лістоўкі, расклейвалі іх на дамах паліцэйскіх, праводзілі сходы, святочныя дэманстрацыі, заклікалі сялян на барацьбу за свабоду. Іншы раз у ячэйкі прыбывалі члены кіруючых камсамольскіх органаў, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, так званыя эмігранты. Яны праводзілі з мясцовымі камсамольцамі гутаркі, давалі заданні, іх трэба было хаваць, забяспечваць харчаваннем, іншы раз і адзеннем.
У першай палове 1930-х гадоў неаднаразова ў вёсках Зэльвеншчыны тайна бываў вядомы рэвалюцыянер Сяргей Осіпавіч Прытыцкі, які выступаў на мітынгах і сходах. Члены партыі, камсамольцы хавалі яго ад вачэй правакатараў. Многія падпольшчыкі вёсак Івашкавічы, Даўгаполічы, Галынка, Вострава, Клімавічы, Залацеева расказвалі аб сустрэчах з гэтым цікавым чалавекам, аб дапамозе, якую ён аказваў ім у кансалідацыі партыйных сіл.
У 1932-1933 гг. падпольны райком камсамола з актыву камсамольцаў стварыў тройку, у склад якой увайшлі Н. Лойка з Бародзічаў, І. Жабрак са Зблян, С. Мікуцік з Івашкавічаў. У іх абавязкі ўваходзіла кіраўніцтва камсамольскімі ячэйкамі Зэльвенскай гміны, забеспячэнне іх нелегальнай літаратурай і г.д. Крыху пазней членаў тройкі арыштавалі і судзілі. Н. Лойку прыгаварылі да шасці гадоў турэмнага зняволення, І. Жабрака і С. Мікуціка да пяці. Іх месца заняў камсамолец з Івашкавічаў Міхаіл Крокас, які ў 1935 г. стаў сакратаром Зэльвенскага падпольнага райкома камсамола, але ўжо ў 1936 г. быў таксама арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў турмы.
Камсамольцы ўдзялялі вялікую ўвагу рабоце сярод салдат польскай арміі і дапрызыўной моладзі. Перад адыходам у армію з дапрызыўнікамі камсамольцы праводзілі спецыяльныя сходы, на якіх прымалі прысягу. «Усімі сіламі, – гаварылася ў прысязе, буду змагацца супраць фашысцкай дыктатуры. Калі адправяць мяне на разгон дэманстрацыі, зброю накірую супраць паліцэйскіх і афіцэраў».
У барацьбу з існуючымі парадкамі ўключаліся і дзеці. У 1926 г. была створана піянерская ячэйка ў в. Вострава. Яе кіраўнікамі былі Сцяпан Жук, Сцяпан Кірцун, Данат Татарын. За прыналежнасць да піянерскай арганізацыі польская жандармерыя ў кастрычніку 1930 г. арыштавала С. Жука і С. Кірцуна. С. Жук тры месяцы знаходзіўся ў турмах Слоніма і Гродна, а С. Кірцун быў асуджаны на чатыры гады турэмнага зняволення.
У в. Залацеева ў 1930 г. была таксама створана падпольная піянерская ячэйка. Яе ўзначаліў пятнаццацігадовы Міша Серада. У піянерскую арганізацыю ўваходзілі аднагодкі Мішы Валя Гарбач, Косця Лешчык, Пеця Серада і інш. За ўдзел у рэвалюцыйнай барацьбе М. Серада неаднаразова сядзеў у турмах.
Піянеры дапамагалі старэйшым, вучылі непісьменных, збіралі сродкі ў дапамогу рэвалюцыянерам капіталістычных краін, якія знаходзіліся ў турмах, развешвалі камуністычныя транспаранты, чырвоныя сцягі, расклейвалі і раскідвалі лістоўкі.
У ліпені 1925 г. у Заходняй Беларусі арганізавалася Беларуская сялянска- работніцкая грамада (БСРГ). Гэта была рэвалюцыйна-дэмакратычная, нацыянальна-вызваленчая арганізацыя. Яе праграма найбольш поўна адлюстроўвала інтарэсы працоўных, арганізацыя была масавая і легальная.
У чэрвені 1926 г. у лесе была праведзена канферэнцыя Слонімскага райкома КПЗБ, якому падпарадкоўваўся Дзярэчынскі падрайком КПЗБ. На канферэнцыі была дадзена дырэктыва аб неабходнасці арганізацыі легальных гурткоў БСРГ. Кіруючую ролю ў ёй павінны былі адыгрываць члены КПЗБ, якія яшчэ не былі скампраметаваны ў вачах панскіх улад і карысталіся вялікім аўтарытэтам сярод сялян вёскі.
У в. Вострава гурток Грамады быў арганізаваны летам 1926 г. У хаце С.Л. Татарына адбыўся сход сялян вёскі, на які былі запрошаны дэмакратычна настроеныя сяляне. Сабралася каля 20 чалавек. Была зачытана аб'ява з газеты аб тым, што ствараецца БСРГ. Прысутных азнаёмілі з праграмай і статутам арганізацыі, якія прыйшліся сялянам па душы. Вырашылі стварыць гурток. Старшынёй гуртка быў абраны С.Я. Мазоль, сакратаром І.С. Крынчык, казначэем С.Л. Татарын. Востраўскі гурток Грамады аказваў вялікі ўплыў на сялян. Да жніўня 1926 г. у гурток было пададзена звыш 60 заяў сялян з просьбай прыняць іх у гурток.
Паколькі Грамада афіцыйна лічылася легальнай арганізацыяй, то сходы праводзіліся адкрыта. Аднак аб кожным такім сходзе неабходна было дакладваць войту гміны, які накіроўваў туды паліцэйскага. Апошні павінен быў сачыць за парадкам, за тым, каб прамоўцы не дапускалі антыўрадавых выказванняў. Таму другі масавы сход гуртка, які збіраўся ў пачатку жніўня 1926 г. у в. Вострава, быў забаронены паліцэйскімі. На ім сяляне хацелі выступіць з патрабаваннем адабраць зямлю ў памешчыкаў і раздаць тым, хто яе апрацоўвае. Члены гуртка выказалі рашучы пратэст заспявалі на вуліцы гімн Грамады. Аднавяскоўцы апладзіравалі дэманстрантам. Пасля сходу адбыўся значны рост арганізацыі. Хутка С.Л. Татарын арганізаваў падобныя гурткі ў вёсках Драпаўцы, Барукі, Галынка і іншых населеных пунктах.
У канцы 1926 г. гурткі БСРГ па ініцыятыве падпольных партячэек КПЗБ былі створаны ў вёсках Залацеева, Каралін, Дзешкавічы, Пляцянічы, Казловічы і інш. Там, дзе моцнымі былі арганізацыі Грамады, сяляне адмаўляліся плаціць падаткі, актыўна выступалі супраць камасацыі (хутарызацыі), выганялі з вёсак зборшчыкаў падаткаў, каморнікаў.
Рост класавай свядомасці членаў Грамады і ўсіх працоўных праяўляўся таксама ва ўзаемнай матэрыяльнай падтрымцы пацярпелых ад стыхійных бедстваў (пажараў, неўраджаяў), у падтрымцы насельніцтвам актывістаў у выпадку іх штрафавання, турэмнага зняволення, прызыву на ваенную службу. Так, гурток в. Вострава Слонімскага павета сабраў 11 злотых 55 грошаў для сваіх таварышаў па барацьбе. Уся дзейнасць Грамады праходзіла праз пераадоленне чыноўніцка-паліцэйскага самавольства. Працоўным прыходзілася адстойваць сваё права на арганізацыю і палітычную дзейнасць явачным парадкам. Нярэдка сходы гурткоў праходзілі без ведама ўлад і паліцыі.
У пачатку 1927 г. дзейнасць БСРГ была забаронена польскімі ўладамі.
З вясны 1927 г. у Заходняй Беларусі пачала працаваць новая легальная арганізацыя Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яна змагалася за адкрыццё ў Заходняй Беларусі школ на беларускай мове, праводзіла вялікую культурна-асветніцкую работу сярод насельніцтва.
Моладзь в. Вострава арганізавала гурток ТБШ, на грамадскіх пачатках пабудавала Народны дом. У кастрычніку 1928 г. у Слоніме адбыўся акруговы з'езд ТБШ, на якім С.Л. Татарын быў абраны намеснікам старшыні павятовай управы ТБШ.
Гурткі ТБШ дзейнічалі таксама ў вёсках Пляцянічы, Грабава, Дзярэчын, Дзешкавічы, Елка. Шматлікім быў гурток ТБШ у Залацееве. У яго ўваходзіла больш за 40 чалавек.
Члены гурткоў ТБШ, моладзь вёсак тры гады вялі ўпартую барацьбу за беларускую школу. Але з дазволу ўлад беларуская школа была адкрыта толькі ў в. Вострава, а ў в. Залацеева некаторы час нароўні з польскай мовай выкладанне вялося на беларускай мове. У лютым 1929 г. Слонімская ўправа была закрыта, забаронены гурткі ТБШ.
Па старонках кнігі "Памяць. Зэльвенскі раён"
Працяг будзе.
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX. Подписывайтесь по ссылке!























