Гісторыя лёсу. Для паляка Мікалая Яўсейчыка Зэльвеншчына стала малой радзімай

Летам бягучага года ў музей “Светач” завітаў вельмі цікавы чалавек – Лех Леапольд Яўсейчык. Можна толькі пазайздросціць яго няўрымслівасці і той ганаровай мэце, якую ён паставіў перад сабой – ушанаваць памяць бацькі Мікалая Яўсейчыка.

Лех Леапольд нарадзіўся ў Польшчы, але ніколі не губляў сувязі з малой радзімай – вёскай Крывічы Дзярэчынскага сельсавета. Абавязкова наведвае і пасёлак Леніна Магілёўскай вобласці, дзе яго бацька прыняў першае баявое хрышчэнне.

У красакіку 1940 года сям’я Яўсейчыкаў была выслана ў Сібір. Такі лёс напаткаў дзясяткі тысяч жыхароў Заходняй Беларусі, якіх лічылі “неблаганадзейнымі элементамі”. Доўгі шлях у глыб Расіі. Канчатковы прыпынак – Краснаярскі край, пасяленне Казулька. Там Мікалай стаў працаваць трактарыстам у калгасе.

6 мая 1943 года Дзяржаўны камітэт абароны СССР выдаў пастанову “Аб фарміраванні І польскай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі”. Фарміраванне дывізіі пачалося 14 мая ў Сялецкіх ваенных лагерах пад Разанню. Адначасова ў дывізію прызываліся грамадзяне Польшчы і грамадзяне СССР, якія былі палякамі па паходжанні. 24 мая 1943 года Мікалай Яўсейчык быў прызваны ў рады польскай арміі.

Дывізія ўступіла ў першы бой 12-13 кастрычніка 1943 года пад пасёлкам Леніна. Сярод салдат ваяваў і сяржант Мікалай Яўсейчык. Ён быў вадзіцелем аўтамабіля. Каб дастаўляць на лінію фронта пад няспынным агнём праціўніка патроны і снарады, патрэбны былі вынослівасць, вытрымка, смеласць.

Польскія салдаты выканалі пастаўленую задачу – прарвалі лінію абароны. Але страты былі вялікія: 512 забітых і памерлых ад ран, 1776 раненых і 663 зніклых без весткі. Прымаецца рашэнне адправіць дывізію на дыслакацыю ў раён Смаленска. У чэрвені 1944 года дывізія разам з корпусам польскіх узброеных сіл увайшла ў склад Першай Арміі Войска Польскага і прыняла ўдзел у аперацыі “Баграціён”. Сярод удзельнікаў быў і Мікалай Яўсейчык. Але радасць перамогі азмрочыла цяжкае раненне.

Пасля выздараўлення салдат трапляе ў распараджэнне ўнутраных войск – міліцыю. На вызваленай тэрыторыі Беларусі і Польшчы яшчэ шмат было адступаючых нямецкіх салдат, паліцаяў, бандытаў. Трэба было канчаткова даць людзям надзею на мірнае жыццё.

Кемлівага і дапытлівага юнака накіроўваюць у город Люблін, дзе ён працуе начальнікам ваяводскага аддзела ўнутраных спраў. На новае месца працы пераязджаюць і яго родныя.

Мікалай Яўсейчык узнагароджаны шматлікімі медалямі Савецкага Саюза і Польскай Народнай Рэспублікі.

Жыццёвы шлях сям’і Яўсейчыкаў нагадвае лёсы соцень жыхароў Зэльвеншчыны. Яны сустрэлі вайну 1 верасня 1939 года, былі мабілізаваны ў польскае войска. Толькі ў кнізе “Памяць” ёсць спіс з 29 імёнаў салдат, якія загінулі ў час германа-польскай вайны. Вядома 590 чалавек, якія былі неабгрунтавана рэпрэсіраваны органамі УКДБ і рэабілітаваны толькі ў канцы мінулага стагоддзя. На жаль, як і сям’я Мікалая Яўсейчыка, большасць з іх так і не вярнуліся на радзіму.

Дзейнасць Леха Леапольда Яўсейчыка – гэта прыклад усім нам, як трэба адносіцца да сваіх каранёў, да гісторыі і лёсу сям’і.

Кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Светач”
Лілія Сідорка

Вам может быть интересно

Комментарии отключены