Гісторыя каломны каля вёскі Алексічы

Калі едзеш са Слоніма ў кірунку Гродна, адразу за Дзярэчынам, пры павароце на вёску Алексічы, бачыш мураваную каломну, ці, як кажуць у народзе, мураваны слуп. У вёсцы Дзярэчын я неяк спытаў у мясцовых жыхароў, што яны ведаюць пра гэту каломну. Многія вяскоўцы зусім не змаглі нічога сказаць пра яе. Некаторыя расказвалі, што гэты помнік паставіў Напалеон Банапарт, калі адступаў з Расіі на Захад. Іншыя лю-дзі называлі слуп Сапежынскім, бо яго паставіў Аляксандр Сапега, які меў рэзідэнцыю ў Дзярэчыне ў XVIII стагоддзі. А некалькі чалавек сказалі, што з’яўленне каломны звязана са шведамі і што на версе помніка некалі быў вялікі гадзіннік.

binary comment

Пра каломну каля вёскі Алексічы ніхто ніколі не пісаў. I мне знайсці нейкай інфармацыі пра яе так і не ўдалося. Міхась Скобла, аўтар кнігі «Дзярэчынскі дыярыюш», паведаміў, што, магчыма, каломна з’явілася ў XVII стагоддзі. Падобная стаяла і ў цэнтры Дзярэчына. Іх пабудавалі дамінікане. Дзярэчынская каломна з цягам часу разбурылася, а каля вёскі Алексічы – захавалася.

Сапраўды, каломна каля Алексічаў Зэльвенскага раёна – унікальны помнік з цэглы. Але на версе каломны ніколі не было гадзінніка, а быў крыж. Пра гэты факт сведчыць здымак каломны, зроблены ў 1930-х гадах. З версіяй Міхася Скоблы можна пагадзіцца. Але існуе і іншы факт, што гэты мемарыяльны слуп быў пабудаваны ў 1708 годзе. Яго ўзвялі шведскія воіны. Гэтым самым яны выказалі шчырую падзяку мясцоваму насельніцтву, якое шмат дапамагала шведам падчас руска-шведскай вайны. На каломне была нават мемарыяльная шыльда з тэкстам па-беларуску і па-шведску. Але, кажуць, яе знішчылі падчас Другой сусветнай вайны.

Цяпер мураваная каломна трохі пахілілася, як Пізанская вежа. Але ёй не пагражае падзенне, бо яна замацаваная на спецыяльным стрыжні на ўсю вышыню свайго збудавання.

Сяргей ЧЫГРЫН
Фота Алены ГАРБАЦЭВІЧ

Цікавыя і актуальныя навіны Зэльвенскага раёна ў нашым Telegram-канале. Падпісвайцеся па спасылцы!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены