Гарадок прымае гасцей юбілейнага
Дня беларускага пісьменства

КОРАТКА ПРА ГАЛОЎНАЕ
- 2-3 верасня ў самым паўночным раёне Беларусі – Гарадоцкім – адбудзецца XXX Дзень беларускага пісьменства.
- Сталіца юбілейнага Дня – г.Гарадок Віцебскай вобласці. Ён размешчаны
на рацэ Гаражанка, за 30 км на поўнач ад Віцебска. - Гарадок – самы снежны куток Беларусі, таму тут пабудавана лыжаролерная траса.
- У Гарадоцкім раёне ажно 162 возеры.
- Раён багаты лясамі: каля 60% яго тэрыторыі займаюць лясныя масівы.
- Мясцовае “золата” – камяні, дар ледніковага перыяду.
- Брэнд горада – скульптурная кампазіцыя “Тарас на Парнасе”, прысвечаная бессмяротнай паэме, створанай ураджэнцам Гарадоцкага краю Канстанцінам Вераніцыным.
- З 2008 года тут ладзяць “Гарадоцкі Парнас”, на які збіраюцца творчыя
асобы з усяго рэгіёна. - Сярод старадаўніх танцаў, узноўленых танцорамі, абавязковым з’яўляецца “Мяцеліца”: яна згадваецца ў паэме
ЗАГАДКАВАЯ ПОСТАЦЬ
Доўгі час паэма “Тарас на Парнасе” лічылася ананімнай. Шмат даследчыкаў шукала сапраўднага аўтара. Кропку над “і” паставіў Генадзь Кісялёў у некалькіх даследаваннях пра “Энеіду навыварат” і «Тараса на Парнасе”.
Стала вядома, што “Энеіду…” напісаў Вікенцій Равінскі, а “Тараса…” – Канстанцін Вераніцын. Нарадзіўся Вераніцын у 1834 г. ў в.Астраўляны Віцебскага павета Віцебскай губерніі. Паходзіў з прыгонных сялян ліберальнага пана Бондарава. Сапраўднае яго імя – Васільеў. Сыну прыгоннага селяніна ўдалося паступіць у Гарадокскае парафіяльнае вучылішча, якое ён скончыў у 1844 годзе. Праз год атрымаў вольную, што дало магчымасць вучыцца ў Віцебскай губернскай гімназіі. У 1851 г. ён становіцца мешчанінам Гарадка. У гэты час ён і выбірае сабе новае прозвішча – Вераніцын.
Праз год паступае ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, а вярнуўшыся з Пецярбурга, становіцца студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Хутчэй за ўсё ў творчым асяроддзі гэтай установы і ўзнікла ў Вераніцына ідэя напісання паэмы пра палясоўшчыка Тараса. У 1859 г. Канстанцін Вераніцын абараняе дысертацыю “Пра беларускую гаспадарку” і атрымлівае званне агранома. Служыць аканомам у адным з маёнткаў, потым пераязджае ў Пецярбург і служыць там у розных установах.
Праз 10 год зноў вяртаецца на радзіму, працуе выкладчыкам геаграфіі, прыродазнаўства і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. З 1880 года – зноў у Пецярбургу, служыць чыноўнікам Міністэрства шляхоў зносін. У чыне стацкага саветніка ў 1890 г. выходзіць у адстаўку. Акрамя “Тараса на Парнасе” Вераніцын напісаў паэму “Два д’яблы”. Памёр Канстанцін Васільевіч Вераніцын у 1904 годзе.
УСПОМНІМ «ТАРАСА…»
I
Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазні блізка жыў.
Што ж, чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губу ён не браў,
Затое ж ў ласцы быў у пана, –
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ні разу не збрахаў,
Затое ж ён балота з рання
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак – стрэльбу ён за плечы,
Заткне сякеру за паяс, –
Заўсёды ходзіць бор сцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці доўга ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда ў бары яго спаткала…
Во, як казаў нам сам Тарас.
II
«На самага Кузьму-Дзям’яна
Пайшоў я ў пушчу паміж мхоў;
Устаў я нешта дужа рана, –
Здаецца, з першых петухоў.
Іду сабе я панямногу,
Але на пень крыху прысеў,
Аж тут – лоп-лоп! Цераз дарогу
Як быццам цецярук зляцеў.
Злажыўся стрэльбай – кляпсь! –
не паліць,
Крамзель з другога! – не пякець!
Гляджу – аж вось з-за елі валіць
Як ёсьць хароміна-мядзведзь!
Хоць не труслівы я дзяціна,
Але затросся, як асіна,
Зубом, як цюцька, лепячу.
Аж бачу – зломана лясіна,
І ўздумаў: дай-ка ўскачу!
ЧЫМ ЗАЦІКАВІЦЬ ГАРАДОК?
У плане свята, якое прадоўжыцца 2 дні, вельмі шмат цікавых мерапрыемстваў, як традыцыйных, так і адметных. Арганізатары прысвяцілі яго двум асноўным датам – 80-годдзю вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра.
У рамках свята – рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святынь з жыватворным агнём ад Труны гасподняй”, міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фестываль кнігі і прэсы, шматлікія выставы і конкурсы, час паэзіі “Вераніцынская зорка”, дзе выступяць паэты і пісьменнікі Гарадоцкага раёна. Сваю прадукцыю прадставяць ААТ “Белкніга”, РУП “Белсаюздрук”, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, РУП “Белпошта”. Больш 40 кніг серыі “У пошуках страчанага” прапануе сумесны праект Міністэрства інфармацыі і лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” У. Ліхадзееў.
УЛАДАЛЬНІКІ ГАЛОЎНЫХ ЛІТАРАТУРНЫХ ПРЭМІЙ – ГОСЦІ ЗЭЛЬВЕНСКІХ САКАВІН
Інтрыга кожнага Дня пісьменства – узнагароджанне пісьменнікаў. Зараз гэта Нацыянальная літаратурная прэмія, а яе папярэднікам быў рэспубліканскі конкурс на лепшы літаратурны твор года ў некалькіх намінацыях. Лаўрэаты тады атрымлівалі статуэтку “Залаты Купідон” і дыплом. Першае ўзнагароджанне “Залатым Купідонам” адбылося 2 верасня 2007 г. у Шклове падчас святкавання 14-га Дня. А першае ўзнагароджанне Нацыянальнай літаратурнай прэміяй – 6 верасня 2015 г. у Шчучыне падчас 22-га Дня.
Знамянальна, што вельмі шмат узнагароджаных гэтымі прэстыжнымі прэміямі добра знаёмы зэльвенцам. Па той простай прычыне, што яны былі ўдзельнікамі нашых Сакавін. Сярод узнагароджаных “Залатым Купідонам” – Віктар Шніп, Алесь Марціновіч, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Мазго, Мікола Чарняўскі, Людміла Кебіч, Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша, Мікола Маляўка, Зіновій Прыгодзіч, Іван Саверчанка, Нацыянальнай літаратурнай прэміяй – Уладзімір Саламаха, Алесь Марціновіч, Міхась Пазнякоў, Зіновій Прыгодзіч, Казімір Камейша, Мікола Маляўка, Уладзімір Ягоўдзік, Віктар Шніп.
А раптам і сёлета сярод узнагароджаных пачуем знаёмае імя?! А надзеі на гэта ёсць, бо сярод намінантаў на прэмію Іна Фралова, Генадзь Аўласенка, Алена Стэльмах, Уладзімір Мазго.
ПАДАРУНАК СТАЛІЦЫ СВЯТА
У гэтым годзе СПБ выступіў з ініцыятывай: напярэдадні Дня пісьменства дарыць бібліятэцы сталіцы свята кнігі з аўтографамі ад пісьменнікаў. Сёлета з падарункамі ў раённую бібліятэку Гарадка прыехала дэлегацыя на чале з намеснікам міністра інфармацыі Ігарам Бузоўскім. Чытачам бібліятэкі перадалі свае кнігі Генадзь Аўласенка, Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Мікалай Чаргінец, Мікола Чарняўскі, Віктар Шніп і шэраг іншых творцаў. Больш за 400 экзэмпляраў
ГОСЦІ СВЯТА – ПРА БЕЛАРУСЬ
Штогод у нашу краіну прыязджаюць пісьменнікі з розных краін свету, каб прыняць удзел у Днях беларускага пісьменства. Сёлета ў сталіцы краіны і сталіцы свята будуць прадстаўнікі з Кітая, Казахстана, Таджыкістана, рэспублік Расійскай Федэрацыі. Прапануем увазе чытачоў “Працы” верш пра Мінск Валеры Тургая (Рэспубліка Чувашыя, Расійская Федэрацыя).
КОНКУРС МАЛЮНКАЎ
Віцебскае абласное аддзяленне СПБ правяло конкурс дзіцячых малюнкаў па кнігах пісьменнікаў Віцебшчыны “З кнігай свет дабрэйшы і лепшы”. Больш за 100 малюнкаў было даслана ў журы. Найлепшыя работы будуць дэманстравацца на адной з пляцовак XXX Дня беларускага пісьменства.
А ў Мінску зноў надвор’е сапсавалася
І вецер злосны дуб стары шматуе.
Зусім нядаўна быў я ў гэтым Горадзе,
Яго душа заўжды з любоўю чуе.
Зусім нядаўна быў я ў гэтым Горадзе…
Да гэтага не раз бываў я ў Мінску.
Я Горад светлы палюбіў сардэчна,
У ім душа знайшла сваю прапіску.
Ён неаднойчы шчэціўся руінамі,
Ператвараўся неаднойчы ў попел…
Ды ўваскрасаў, нібыта горды Фенікс,
На крылах дужых узлятаў высока.
Сягоння зноўку дзень пагодны у Мінску,
Ды вецер злы шматуе дуб старэчы…
Гасподзь Святы, уберажы той Горад!
Прашу Цябе ўсім болем чалавечым.
О Божа! Хай суціхне злосны вецер,
Хай дуб стары устане пад зарой!
Мне надта дарагі сяброўскі Горад!
Я не хачу, каб ён сцякаў крывёй.
Мне надта дарагі сяброўскі Горад!
Люблю яго адкрытаю душой!
Матэрыял падрыхтавала
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены