Ганненскі кірмаш. Што ні год – новыя падзеі. Год 2017-ы

1721 год – яркая старонка ў жыцці Зэльвенскага краю, якая сведчыць аб адкрыцці тут унікальнага па свайму значэнню Ганненскага кірмашу. Праз стагоддзі Зэльвеншчына палічыла сваім абавязкам адрадзіць традыцыю Ганненскага кірмашу, якому сёлета спаўняецца 300 гадоў.

«Новае дыханне» знакаміты кірмаш атрымаў у 2001 годзе, калі ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што свята з магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для мясцовых жыхароў і гасцей. З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання. Нагадаем нашым чытачам цікавыя падзеі мінулых гадоў.

Даступны турызм

Тэму стварэння рэгіянальных турпрадуктаў на аснове інтэрпрэтацыі культурнай і прыроднай спадчыны абмеркавалі ўдзельнікі трэнінгу, які адбыўся ў рамках святкавання Ганненскага кірмашу ў аграсядзібе «Верас».

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі зацікаўленых служб раёна, уладальнікі аграсядзіб, эксперты.

Аб ролі спадчыны ў агра- і экатурызме ў сваім выступленні гаварыла прафесар Брэнда Лакі з універсітэта Стывенс Пойнт штата Вісконсін: «Турыстам важна прадстаўляць годнасць таго ці іншага краю. Гэта можа быць знаёмства са славутасцямі, расказ або легенда аб мясцовасці, магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе».

Тэму даступнага турызму закранула эксперт па безбар’ерным асяроддзі БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Райко. «У нашай краіне ёсць турфірмы, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю, шэраг аб’ектаў аснашчаны пандусамі, стаянкамі для інвалідаў», – адзначыла эксперт.

Многіх турыстаў прыцягвае знакамітая на ўсю рэспубліку аграсядзіба «Верас», на базе якой функцыянуе школа маладога фермера. Яе стваральнікі Ірына і Міхаіл Макеі сваю ідэю ўвасаблялі ў жыццё дзесяць гадоў. У многім у гэтай справе дапамог праект «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», рэалізуемы ПРААН і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. На сядзібе школьнікі раёна маюць магчымасць навучыцца гасціннасці, гатаваць, пазнаваць асновы ландшафтнага дызайна…

Прайсці навучанне ў школе маладога фермера пашчаслівілася вучням Князеўскай СШ. Падлеткі актыўна займаюцца краязнаўчай работай.

Абмеркавалі на сустрэчы і зялёны маршрут «Зэльвенскі дыяруш». Эксперт Алена Ветрава прапанавала дапоўніць дзеючы маршрут новымі трасамі, абазначыць іх адпаведнымі інфармацыйнымі шчытамі.

Вось гэта вяселле!

Упершыню на юбілейным 10-ым Ганненскім кірмашы правялі сапраўдны вясельны абрад, вытрыманы ў беларускім нацыянальным стылі.

Для маладажонаў, якія вырашылі злучыць свае сэрцы ў час Ганненскага кірмашу, вясельны абрад падрыхтавалі па спецыяльным сцэнарыі. Маладажонаў на ўпрыгожанай карэце даставілі на цэнтральную плошчу пасёлка, дзе і праходзіў рытуал. Жаніха і нявесту павіншаваў сам вялікі князь Сапега. Як заведзена па шматвекавой традыцыі, маладыя выканалі першы танец. Праўда, замест вальса яны танцавалі папулярны ў XVIII стагоддзі паланэз. Цікавы і той факт, што новая маладая сям’я – інтэрнацыянальная: шлюб заключылі грамадзяне Беларусі і Расіі.

Пад эгідай «Белай Русі»

Падчас Ганненскага кірмашу падвялі вынікі раённага конкурсу на лепшую сімволіку РГА «Белая Русь».

Творчы падыход да вырабу сімвалаў грамадскага аб’яднання праявілі пярвічныя арганізацыі «Белай Русі» раёна. У сваіх работах члены пярвічак адлюстравалі любоў да роднай краіны, у кожны элемент стараліся ўкласці пэўную сімволіку. Вырабы былі выкананы ў розных тэхніках, такіх як выцінанка, саломапляценне, роспіс па шкле. Першае месца прысуджана рабоце Князеўскай СШ, другое – калектывам дзіцячых садоў №3 і №4, трэцяе – Каралінскай СШ.

Кірмашовыя інсталяцыі

Упершыню на Ганненскім кірмашы стылізаваныя лаўкі-падворкі прадставілі ўстановы і арганізацыі Зэльвеншчыны.

Работнікі ЦРБ у краме «Лекі» вымяралі ціск, вызначалі рост і масу цела, кансультавалі па надзённых праблемах здароўя. Асаблівую цікавасць выклікала калекцыя лячэбных траў, насення і сіропаў.

У «Лаўцы дываноў» санаторнай школы-інтэрната чыталі лекцыю па тэхніцы ткацтва дываноў, дарылі гасцям абярэгі.

«Галантарэя», што сабрала на сваім падворку адразу некалькі ўстаноў адукацыі – сады №3 і №4, гімназію №1, прадставіла ўнікальную сукенку з гальштукаў. У якасці аксесуараў былі парасоны, сумкі, хусткі, матылі.

Сапраўдную футравую моду прадэманстравала СШ №3 у «Лаўцы футраў».

Дзіцячая школа мастацтваў прадставіла жывапісную выставу «Чароўны пэндзлік». Пейзажы, партрэты, нацюрморты – дыпломныя работы выпускнікоў зацікавілі гасцей сваёй арыгінальнасцю.

Лепшай журы прызнала лаўку «Конная збруя» цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут былі спецыяльны рыштунак для коней, а таксама арыгінальныя пано, сувенірныя вырабы з паперы, саломы і кары.

Другое месца дасталося «Лаўцы лялек» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

На трэцяй пазіцыі – раённая бібліятэка: у «Кніжнай лаўцы» не толькі заклікалі чытаць літаратуру, але і запрасілі жадаючых да ўдзелу ў бяспройгрышнай латарэі.

Заахвочвальнае чацвёртае месца заняла СШ №2, якая прадставіла «Лаўку посуду». Тут красаваліся вырабы са шкла, гліны, лазы і саломы.

Сыгралі ў «Гарады»

Арганізацыі і ўстановы адукацыі раёна прынялі ўдзел у спартыўнай гульні «Гарады», якая прайшла на пляжы вадасховішча. У спаборніцтве прынялі ўдзел 10 каманд. Лепшымі за ўсіх аказаліся хлопцы з гімназіі №1, другой стала зборная аддзела адукацыі, спорту і турызму, трэцяй – РУП ЖКГ.

Па конях!

На Ганненскім кірмашы была прадстаўлена і выстава самаробных коней. Наведвальнікі выставы змаглі ўбачыць коней рэдкіх парод, зробленых сваімі рукамі. Пры іх вытворчасці ў ход пайшлі дрэва, метал, салома, трава, пенапласт… Першае месца ў конкурсе заняла работа Аляксандра і Уладзіміра Ішчанкаў з аг.Каралін, другое – Валерыя Фяцінскага з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, трэцяе – Алены Андалы з раённай бальніцы, чацвёртае – Жанны Еўтухоўскай з дзіцячай школы мастацтваў.

Служба информации газеты «Праца»

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены