"Саламяны цуд" пяты раз пакарыў Зэльву
"Саламяны цуд" пяты раз пакарыў Зэльву
Легендарны "Ганненскі кірмаш" у чарговы раз пацвердзіў статус аднаго з галоўных культурных брэндаў краіны, сабраўшы ў Зэльве мноства гасцей. Сапраўдным трыўмфам народных рамёстваў стаў юбілейны, пяты адкрыты конкурс-пленэр па саломапляценні "Саламяны цуд", які аб'яднаў лепшых віртуозаў гэтага старажытнага мастацтва.
Нават капрызы надвор'я не парушылі творчую атмасферу свята. У гэтым годзе за званне лепшага змагаліся восем выдатных умельцаў. Сем з іх прадставілі Мастоўскі, Бераставіцкі, Слонімскі, Свіслацкі і, вядома ж, Зэльвенскі раёны Гродзеншчыны. Удзел майстрыхі з Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці падкрэсліў рэспубліканскі маштаб зэльвенскага пленэру.
Конкурсная праграма разгарнулася па двух ключавых напрамках, кожны з якіх патрабаваў ад удзельнікаў ювелірнай дакладнасці і глыбокага разумення традыцый. У першай намінацыі майстры прэзентавалі свае дамашнія калекцыі, галоўным героем якіх стаў знакаміты саламяны конь – візітная картка і гістарычны сімвал “Ганненскага кірмашу”.
Другая, неверагодна тонкая намінацыя, была прымеркавана да Года беларускай жанчыны. Удзельнікі на вачах у журы стваралі традыцыйны жаночы галаўны ўбор – саламяны вянок. Сакрэт гэтага элемента ў тым, што даўней яго насілі выключна незамужнія дзяўчыны, у той час як замужнія жанчыны пакрывалі галаву хусткамі.
Па рашэнні журы конкурса першае месца атрымала Тамара Касьян – майстрыха з Бераставіцкага раёна, другое месца ў нашай зямлячкі Ліліі Амяльянчык, трэцяе – у Ірыны Фунт са Свіслаччыны.
Барысевіч Яніна Анатольеўна, вядучы метадыст па выставачнай дзейнасці ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”
– Сёння саломапляценне ў Беларусі – гэта не проста прыгожае хобі, а афіцыйна прызнанае «беларускае золата». Гэты від рамяства ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, унікальныя мастацкія практыкі саломапляцення нашай краіны ўключаны ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гродзеншчына па праву лічыцца адным з галоўных захавальнікаў гэтага рамяства: сёння ў вобласці афіцыйна твораць 52 майстры. Наша “золата” ведаюць і шануюць далёка за межамі краіны. Літаральна напярэдадні фестывалю творчая дэлегацыя Беларусі вярнулася з маштабнай паездкі ў Ніжагародскую вобласць Расійскай Федэрацыі, дзе аўтэнтычныя выставы беларускай саломы зрабілі сапраўдны фурор. Пленэр у Зэльве яшчэ раз даказаў: пакуль жывуць нашыя традыцыі, жывая і душа беларускага народа.
Ірына ШАБАЛОЎСКАЯ
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX. Подписывайтесь по ссылке!






















