Ганна Венская ўсё жыццё прысвяціла выкладанню любімага прадмета

На сваім педагагічным шляху мне пашанцавала сустрэць чалавека, у якога прафесія стала ладам жыцця. Ганна Пятроўна Венская – настаўнік матэматыкі, дырэктар былой Бібіцкай базавай школы, чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў выкладанню любімага прадмета.

Г.П. ВЕНСКАЯ (другая злева ў першым радзе) з настаўнікамі школы. 1988 г.

Нарадзілася Ганна Пятроўна ў в. Лабзова Мастоўскага раёна. Пасля заканчэння Дзярэчынскай СШ паспяхова здала экзамены і стала студэнткай Мінскага педінстытута імя А.М. Горкага. Яна разумела, што веды – не пасіўны наведвальнік, які прыходзіць да нас, хочам мы гэтага ці не. Іх трэба шукаць, яны – вынік вялікай працы. Венская лічыла, што мусіць сама дасканала валодаць прадметам, каб потым на высокім узроўні выкладаць яго дзецям. Таму накіравала ўсе намаганні і энергію на атрыманне ведаў. З вялікай павагай і ўдзячнасцю Ганна Пятроўна успамінае многіх выкладчыкаў, іх лекцыі і парады.

Першым месцам працы маладой настаўніцы матэматыкі стала школа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Потым давялося працаваць у Зэльве і в. Крываконна. У 1981 годзе Венская была прызначана дырэктарам Бібіцкай базавай школы.

Урок – асноўная форма арганізацыі навучання. Менавіта падрыхтоўцы, правядзенню і аналізу заняткаў Ганна Пятроўна ўдзяляла вялікую ўвагу. Была патрабавальнай у першую чаргу да сябе. Якім бы загружаным ні быў дзень, колькі б важных спраў ні чакалі, у прыярытэце – вучні. Чым ім запомніліся ўрокі дырэктара? Паслядоўнасцю і даступнасцю выкладання, насычанасцю матэрыялу, дысцыплінай, кантролем, а яшчэ – вялікай павагай да дзяцей, да іх няведання і цікавасці.

Заняткі не абмяжоўваліся раскладам. Ганна Пятроўна з задавальненнем займалася з вучнямі ўвечары, выхадным днём, бо іх веды і рэзультаты – найлепшая ацэнка яе працы. А рэзультаты былі. Вучні Венскай паспяхова выступалі на алімпіядах, атрымлівалі добрыя адзнакі пры здачы экзаменаў у навучальныя ўстановы, а пазней – набіралі высокія балы па матэматыцы на цэнтралізаваным тэсціраванні і станавіліся студэнтамі прэстыжных факультэтаў і вузаў. Па праву можа ганарыцца настаўніца Алесяй Грэцкай і Мікітай Галаўко, якія скончылі Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, юрыстамі Сяргеем Канановічам і Аленай Кароткай (Антановіч), галоўным урачом цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклінікі г. Гродна Аксанай Сончык (Корзун) і ўрачом-стаматолагам Таццянай Пачабыт (Белякала), настаўнікамі Таццянай Сукач, Святланай Пазняк (Карман), Наталляй Жукоўскай (Супрун), Кацярынай Боцька (Казак), залатой медалісткай Вольгай Кузьміч (Фядук), лепшым ляснічым рэспублікі па выніках 2013 года, лаўрэатам прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны 2017” Аляксеем Галавачом і многімі іншымі.

Гэта вынікі не толькі карпатлівай працы з вучнямі, але і пастаяннага ўдасканалення сваіх ведаў і бесперапыннай самаадукацыі. Кожны дзень, не пабаюся такога ўдакладнення, Ганна Пятроўна знаходзіла час для работы з метадычнымі выданнямі, з кнігамі, аснову якіх складалі зборнікі задач, падручнікі, даведнікі, рашэбнікі, тэсты, займальныя матэматычныя матэрыялы. Аналізавала заданні і паслядоўнасць іх падачы, ступень цяжкасці і эфектыўнасці, знаходзіла рацыянальныя спосабы рашэння задач, складала памяткі для навучэнцаў.

Група падоўжанага дня ў Бібіцкай базавай школе не працавала. Як дзеці рыхтуюць дамашнія заданні? Калі бяруцца за выкананне ўрокаў? З якіх прадметаў пачынаюць? Гэтыя і іншыя пытанні хвалявалі вопытнага матэматыка. У вызначаны дзень пешшу Ганна Пятроўна накіроўвалася ў в. Крывічы, дзе пражывала большасць вучняў установы. А там – як каму пашанцавала! Дзеці паказвалі сшыткі, чарнавікі, расказвалі вершы (калі паспелі вывучыць).
Настаўніца не шкадавала свайго асабістага часу на выпраўленне памылак, тлумачэнне задачы, дапамогу. Сарафаннае радыё спрацоўвала вельмі хутка, і ўжо тыя, хто не думаў брацца за падручнікі, сядзелі за сталом і нешта пісалі. Такія рэйды на працягу навучальнага года не былі аднаразовымі. На пасадзе дырэктара Венская працавала больш за 20 гадоў. Установа была ўзведзена даўно – ў 1939 г., пастаянна патрабавала рамонтаў. Спартыўная зала ўвогуле адсутнічала. Многа намаганняў патраціла жанчына-кіраўнік, каб прыстасаваць памяшканне былой сельскай бібліятэкі пад пакой, у якім можна праводзіць заняткі фізічнай культуры. У тым жа будынку абсталявалі піянерскую і кабінет гісторыі. Разам з настаўнікамі і тэхработнікамі Ганна Пятроўна фарбавала вокны і падлогу, клеіла шпалеры, замазвала шчыліны ў печках і развешвала стэнды. Пад кіраўніцтвам Венскай былі праведзены капітальны рамонт школьнай сталовай і майстэрні, замена ўсіх аконных блокаў. А колькі клопату дастаўляла пячное ацяпленне! Любоў да працы, мэтанакіраванасць, вытрымка, настойлівасць дапамагалі дырэктару пераадольваць цяжкасці.

Згуртаванню педкалектыву садзейнічалі высокі ўзровень прафесійных якасцяў Ганны Пятроўны, яе добразычлівасць, павага да кожнага, клопат, давер, адмова ад асабістых прывілей, жаданне прыйсці на дапамогу. Настаўнікі на працягу 11 гадоў пасля закрыцця ўстановы засталіся не проста былымі калегамі, а сапраўднымі сябрамі. А таму ўспаміны пра Бібіцкую школу і яе кіраўніка ў нас самыя цёплыя.

Лідзія Міхайлаўна Равінская памятае дырэктара як чалавека, які добра ведаў сваю справу. “Настаўнік у першую чаргу павінен даваць веды”, – казала Ганна Пятроўна. Яна вельмі ўмела расстаўляла прыярытэты ў адукацыйным працэсе: на першым месцы ўрок, усё астатняе потым. Заняткі наведвала часта, прычым без папярэджання. Гэта была яе прынцыповая пазіцыя. Настаўнік павінен быць гатовым да ўрока заўсёды.

“Я прыйшла ў Бібіцкую базавую школу маладым спецыялістам, – успамінае Наталля Аляксандраўна Ракевіч. – Ганна Пятроўна рэгулярна правярала рабочыя планы і праводзіла кансультацыі. Размаўляла заўсёды спакойна, тактоўна падказвала рашэнне праблемы і давала парады. Яна была кампетэнтная, строгая і справядлівая. Менавіта дырэктар дапамагла мне пазбегнуць няўпэўненасці ў сваіх сілах, сфарміраваць асабістую прафесійную траекторыю. Але больш за ўсё я памятаю любоў Ганны Пятроўны да дзяцей. Яна шчыра радавалася іх поспехам, гадзінамі магла займацца з імі пасля заняткаў і размаўляць пра свой прадмет. Матэматыка абрала Ганну Пятроўну, ці Ганна Пятроўна – матэматыку, не ведаю, але не магу ўявіць Венскую выкладчыкам іншага прадмета”.

Амаль 3 гады таму мы, былыя настаўнікі Бібіцкай БШ, віншавалі Г.П. Венскую з 70-гадовым юбілеем. Знайшлі свайго дырэктара ў яе роднай вёсцы Лабзова. З вясны і да восені жыве Ганна Пятроўна на дачы, атрымлівае вялікае задавальненне і асалоду ад працы на агародзе, збору грыбоў і ягад, спеву птушак і цішыні. Мы спыталі: “Чым займаецеся, калі непагадзь не дае выйсці з хаты і знаходзіцца свабодная хвілінка?” Ганна Пятроўна адказала коратка: “Чытаю і рашаю задачы”. Другога адказу быць і не магло.

Алена ФЁДАРАВА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены