Ганна Дзянішчык з вёскі Шулякі Зэльвенскага раёна

З вялікай цікавасцю прачытаў артыкулы дачкі беларускага пісьменніка Адама Бабарэкі – Алесі Бабарэка пра сваіх маці “Маміны песні” і бацьку “Слова пра бацьку” у зборніках “Скарыніч-2” (Мн., 1993) і “Скарыніч-4” (Мн., 1999). Справа ў тым, што маці Алесі Бабарэка, Ганна Іванаўна Дзянішчык, была родам з вёскі Шулякі Зэльвенскага раёна. Дзесьці кіламетры са тры ад Шулякоў знаходзіцца і мая родная вёска Хадзявічы Слонімскага раёна. А паміж Шулякамі і Хадзявічамі, на мяжы двух раёнаў, узвышаецца Сынкавіцкая царква ХV стагоддзя. Сюды шмат часу з усіх навакольных вёсак ішлі і ідуць вернікі, каб памаліцца Богу. Некалі спяшаліся ў Сынкавіцкую царкву і Ганна Іванаўна Дзянішчык, яе маці Магдалена і бацька Янка.

Адам Бабарэка з жонкай Ганнай і дочкамі, 1929 год

Вёска Шулякі знаходзіцца каля самай шашы Слонім – Зэльва. У 1930-1970-х гадах гэта была вялікая, працавітая і вясёлая вёска. Неяк летам вырашыў завітаць у Шулякі – родную вёску Ганны Дзянішчык. У шулякоўскую дзяўчыну з першага позірку закахаўся беларускі паэт, празаік і крытык Адам Бабарэка (1899-1938). Яна стала яго жонкай і была побач з ім усё яго кароткае жыццё.

– А ці жылі ў Шуляках вяскоўцы з прозвішчам Дзянішчык? – запытаўся ў адной з жанчын.

– Былі-былі такія. Але ўсе памерлі. А дзе іх дзеці і ўнукі жывуць, я не ведаю, – сказала жыхарка…

Пасля прачытання ўспамінаў Алесі Бабарэка пра яе маці я напісаў аўтарцы ў Маскву пісьмо. Расказаў трохі пра Слонімшчыну, пра Шулякі, Сынкавічы – пра тыя мясціны, дзе прайшло дзяцінства яе маці. Хутка ад Алесі Адамаўны атрымаў адказ: “Паважаны Сяргей! Вельмі ўдзячна Вам за добрыя словы аб маім артыкуле пра маму. Дзякуй вялікі за ліст, такі аб усім дакладны. Паглядзела карту Карскага за 1917 год (у Мінску на кангрэсе летам гэтым атрымала яе). Знайшла Зэльву, шашу да яе ад Слоніма. Так што ў думках там пабывала.

У мамінай вёсцы Шулякі я ніколі не была, не быў там і мой бацька, бо ён пазнаёміўся з мамай, калі гэты край быў ужо пад Польшчай.
Маміна маці Магдалена памерла ў Мінску неўзабаве пасля сустрэчы са сваім Астапам, які працаваў у вайсковым шпіталі. Не ведаю, хавалі яе там ці сын павёз у Шулякі. Сям’я ўцякала ад немцаў, можа, вяртацца было небяспечна. Бацька мамін памёр у Шуляках ужо пасля вайны. Мама мая пахавана ў Маскве на Вастракоўскіх могілках, таксама тут і мая сястра Лора. Акрамя мяне, нашчадкаў Ганны і Адама няма.

Пра Бялькевіча – гэта той самы Бялькевіч Янка – аўтар слоўніка. Аб ягоным лёсе раней нічога мы не ведалі, бо мама з Вяткі яму не пісала, баялася пашкодзіць родным такімі небяспечнымі на той час сувязямі. Нядаўна сама даведалася аб ягоным лёсе з адной беларускай газеты.
Цяпер пра сябе. Скончыла Маскоўскі універсітэт, хімфак. Працавала 2 гады інжынерам на трактарным заводзе. Потым вярнулася ў Маскву, працую ў інстытуце металургіі РАН старшым навуковым супрацоўнікам, кандыдат тэхнічных навук. Займаюся вось якімі справамі – тэкстурамі металаў і керамікі. Сааўтар кнігі “Тэорыя ўтварэння тэкстур у металах і сплавах”, больш чым за 100 навуковых артыкулаў і 2 вялікіх аглядаў па гэтай тэме.

Як мы з сястрой (таксама хімікам) выбіралі спецыяльнасць. Жыццё паказала, што з двух Гарэцкіх-братоў гуманітарый загінуў, а тэхнічны спецыяліст вытрымаў (мы аб усім гэтым добра ведалі ад жонкі М. Гарэцкага, з якой разам жылі ў Вятцы). Дзеці яшчэ не былі ўпэўнены, што ўслед за бацькам не пагоніць іх лёс. Гэта, канешне, па-за свядомасцю.

Ганна Бабарэка (Дзянішчык), 1940-я гады

Аўтабіяграфія – дык звычайнае жыццё дзяцей рэпрэсіраваных бацькоў. Але маміна добразычлівасць выклікала спачуванне да нашага лёсу і дапамагала ўсім выжыць. Бацька – ахвяра часу. А маці – падзвіжніца. Прагледжваю часам бацькавы паперы, што маці захавала (нават ёсць запісы з мінскай турмы 1930-31 гадоў). З двума малымі дзецьмі мама ехала да бацькі ў Вятку і ўсё везла, усё захавала. Трэба бачыць гэтыя запіскі, каб даведацца, што за жыццё ў яе было, учарашняй вясковай дзяўчыны: праца (бо трэба забяспечыць сям’ю), дома дзеці малыя, перадачы ў турму, адтуль – брудная бялізна і ніякай дапамогі. Ад запісак (урывачкі) адрывалі ў турме ўвесь тэкст, акрамя просьбы аб перадачах. І ніякіх звестак аб бацькавым здароўі (у яго перад арыштам былі сухоты), дык як жа яна хвалявалася аб ім…

Пішу Ваш адрас – Слонім, і гэта выклікае ў мяне пачуццё: колькі разоў чула гэтае слова ад мамы, яна з захапленнем згадвала аб сваім жыцці ў Слоніме. Жыла на кватэры ў Карлінскай (калі вучылася ў школе). Брат мамін, Янка Дзянішчык, працаваў таксама ў Слоніме ці то настаўнікам, ці то школьным інспектарам. Як казала мая маці, яго там добра ведалі і паважалі, нават на яе гэта ўплывала.

Выбачайце за памылкі правапісу. У школе беларускай вучыцца не давялося, як чытаю беларускую літаратуру, дык усюды розны правапіс, вось і блытаю.

Жадаю ўсяго найлепшага і поспехаў у Вашай працы. З павагаю Алеся Бабарэка”.

Даўно не чытаў такіх шчырых і цудоўных пісьмаў, напісаных на прыгожай беларускай мове. І хоць Алеся Адамаўна ніколі не вучылася ў беларускай школе, затое выдатна піша па-беларуску. Адзінай школай для яе была школа яе бацькоў – Адама і Ганны Бабарэкаў. Найвыдатнейшая школа.

У пісьме Алеся Адамаўна прыгадвае пра Янку Бялькевіча – стрыечнага брата сваёй мамы. Тым больш, што Янка Бялькевіч таксама наш зямляк, родам са Слонімшчыны.

Нарадзіўся ён у 1883 годзе ў вёсцы Варонічы (застаецца пакуль загадкай, Слонімскага раёна ці Зэльвенскага). Быў сябрам партыі беларускіх эсэраў. У 1925 годзе закончыў Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам, дырэктарам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума, у інстытуце беларускай культуры і ў інстытуце мовазнаўства БелАН.

Янка Бялькевіч займаўся пытаннямі арфаграфіі і культуры беларускай мовы. У лютым 1930 года быў рэпрэсіраваны і высланы ў Марыйскую АССР. Пасля адбывання тэрміну яму не дазволілі вяртацца ў Беларусь. Ён пераязджае ў Азова-Чарнаморскі край, дзе выкладае рускую мову. З 1955 года наш зямляк працуе ў Жданаўскім філіяле Данецкага вячэрняга будаўнічага тэхнікума.

Далёка ад Беларусі Янка Бялькевіч працуе над краёвым слоўнікам усходняй Магілёўшчыны. Але ўбачыць свой слоўнік надрукаваным яму не ўдалося: у кастрычніку 1960 года яго не стала.

Праз дзесяць гадоў жонка Янкі Бялькевіча Ніна Улашчык і сын Усяслаў Бялькевіч падрыхтавалі “Краёвы слоўнік усходняй Магілёшчыны” і выдалі яго асобнаю кнігай. Гэты слоўнік і з’яўляецца данінай светлай памяці Янкі Бялькевіча – стрыечнага брата Ганны Дзянішчык.

Сяргей ЧЫГРЫН

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены