Галынкаўская школа адзначыла 80-летні юбілей

Урачыста і прыгожа адзначыла Галынкаўская СШ свой 80-гадовы юбілей. Рыхтаваліся да яго ўсёй дружнай сям’ёй. Моцна хваляваліся: ці прыедуць былыя настаўнікі і былыя выпускнікі, ці спадабаецца ім аблічча абноўленай школы, ці ўсе артысты будуць гатовы да сустрэчы гасцей…

Фото: golynka.schools.by

І вось наступіў дзень свята. Госці ідуць адзін за адным. Гаспадары сустракаюць кожнага, уручаюць прыгожа аздобленае запрашэнне і праводзяць у залу. Усе шчасліва ўсхваляваныя ў чаканні святочнай імпрэзы. І вось усе месцы ў зале запоўнены. Каля сцэны збіраецца настаўніцкі і вучнёўскі калектыў, а на саму сцэну паднімаюцца дзеці, якія на працягу апошніх 11 гадоў абвяшчалі пачатак навучальнага года. Зараз яны абвяшчаюць пачатак свята.

Гучыць песня “Школьны вальс”, пад гукі якой на медыяэкране слайд змяняецца слайдам. Тут – гісторыя школы, што, як самая вялікая незгасальная зорка, свеціць над Галынкай і яе ваколіцамі вось ужо 80 слаўных гадоў. Называюцца імёны кіраўнікоў школы, гады іхд ырэктарства і асноўнае з таго, што было зроблена ў той перыяд. Гэта – ілюстрацыя і дадатак да сімвалічных слядоў, якія вядуць у школу, і на якіх кароткія звесткі пра ўсіх галоўных настаўнікаў школы-юбіляркі.

Калі ўлічыць, што на долю школы выпалі такія эпахальныя падзеі, як уз’яднанне з Заходняй Беларуссю, Вялікая Айчынная вайна і зверствы фашыстаў у партызанскай зоне, пасляваенная разруха, часы развалу СССР, – можна лёгка ўявіць, колькі разоў трэба было школе ўзнаўляцца ды адбудоўвацца. Як успамінае былы вучань школы, майстар-ганчар Сяргей Худзяеў, у адбудовах і перабудовах школы ўдзельнічалі ўсе пакаленні настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Нехта ўзводзіў сталовую, нехта – майстэрню, нехта – музей, нехта – да старога (даваеннага) будынка дабудоўваў новы і г.д. Відаць, таму такой дарагой для ўсіх і стала школа: дзе нешта зрабілі твае рукі, – тое дорага будзе табе да скону.

63 выпускі зафіксаваны ў архіве ўстановы. Адных медалістаў 39 чалавек выйшла з яе сцен. Не злічыць тых, хто стаў гонарам Зэльвеншчыны, вобласці, рэспублікі, а то і суседніх краін. Вядома, не ўсе змаглі прыехаць на свята. Таму скарысталіся сучаснымі сродкамі сувязі і прыслалі свае віншаванні па электроннай пошце ці ў аўдыявідэазапісе Святлана Рыбак, Міхаіл Кухарчык, браты Дубатоўкі, Павел Бурак, Андрэй Федзяня і ўсе шчыра дзякавалі настаўнікам за трывалыя веды, за бацькоўскія клопаты, за патрабавальную любоў.

Тыя, хто змог трапіць на юбілей, вельмі эмацыянальна згадвалі пра гады вучобы, дарагіх настаўнікаў. Лілія Захарчук-Сідорка прыйшла ў 9-ы клас Галынкаўскай СШ пасля заканчэння Востраўскай васьмігодкі. Моцна хвалявалася, як пойдуць справы з незнаёмымі настаўнікамі. Але неяк адразу адчула іх зацікаўленасць у лёсе тых, хто ўліўся ў шэрагі “старых” вучняў. І два гады вучобы ў Галынцы згадваюцца як адны з лепшых у жыцці, а настаўнікі А.С.Цвікевіч, С.І.Амяльянчык, У.Ф. і А.У.Дравіцы – як клапатлівыя бацькі.

Людміла Каранец-Ганчарова выступала ад імя выпускнікоў 1980 года. “Тады Соф’я Аркадзьеўна Міхута прадказала нам спатканне праз 40 гадоў. І мы вельмі рады, што яе прароцтва збылося, што мы зноў бачым дарагія твары нашых настаўнікаў”, – усхвалявана, у вершаванай форме, гаворыць былая выпускніца. Яна вельмі ўдзячна калектыву школы, што не дапусцілі закрыцця яе, увесь час нешта ўдасканальваюць як звонку, так і ўнутры, захоўваюць школу для наступных пакаленняў.

Ветэранаў-настаўнікаў прадстаўляла С.А.Міхута, для якой Галынка стала роднай у далёкім 1978-м. Нямала выдатных матэматыкаў узгадавала Соф’я Аркадзьеўна, нямала экспанатаў для музея адшукала. З вялікай пашанай гаварыла пра педагогаў, з якімі давялося працаваць. Усіх іх, без выключэння, лічыць “залатым фондам” школы.

У госці да юбіляраў прыйшлі першы намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Я.В.Грэцкі, намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства “Галынка” Т.М.Калбаска, амаль увесь аддзел адукацыі на чале з Н.В.Булак, былы намеснік загадчыка РАНА М.І.Кароза і іншыя. Школа атрымала ў падарунак камп’ютар (ад сельгаспрадпрыемства), сертыфікат на 1,5 тысячы рублёў (ад аддзела адукацыі), адну пару лыжаў ад былой настаўніцы І.М.Павачкі.

За вялікі ўклад у падрыхтоўку школы да юбілею райвыканкамам былі адзначаны ўзнагародамі дырэктар сельгаспрадпрыемства “Галынка”
У.У.Юч, дырэктар школы Л.І.Літвак, настаўнікі А.М.Кавалевіч і А.І.Чэчат. Лідар галіновага прафсаюза Т.М.Роля ўручыла граматы ажно васьмярым педагогам, як ветэранам, так і працуючым.

Госці свята былі ўражаны майстэрствам дзяцей, што падрыхтавалі цудоўную праграму. Здзіўлення не было б, калі б школа мела хоць за сотню вучняў. А тут – 78 чалавек ва ўсіх 11-ці класах! Калі класныя кіраўнікі ў пачатку навучальнага года ў адчаі гаварылі дырэктару, што не змогуць падрыхтаваць дастойную праграму, яна падбадзёрвала іх: “Кажаце, няма талентаў? Значыць, выгадуем!”. І выгадавалі! Знайшлі ў кожным навучэнцы яго адметнасць ад іншых і выкарысталі на ўсе 100%.

Кожны клас рыхтаваў тое, на што быў найбольш здольны. Так што нястачы ні ў вакалістах, ні ў танцорах, ні майстрах сцэнічнага жанру зусім не адчувалася. Трэба было бачыць, як танцавалі дзяўчынкі ў камандзе Дамінікі Вярстак, якая магла б сапернічаць з самой Ксеніяй Сітнік (дзяўчынка выконвала песню-пераможцу на дзіцячым Еўрабачанні). Хто не мог быць вакалістам, спяваў у хоры (сама дырэктар у ім саліравала, як не далучыцца?!). Хто меў артыстычныя даныя – быў заняты ў сцэнках “Школьнікі”, “Электронны дзённік”, “Першая настаўніца”. Дзяніс Кароль бліскуча сыграў першую настаўніцу, Маша Бяляўская, Мікіта Яфімаў і Коля Плаўскі – маладых бацькоў і сына з незразумелым бацьку электронным дзённікам. Школьнікаў, што стараліся знайсці адказ на пытанне, колькі ўсё ж гадоў Галынкаўскай школе, вельмі непасрэдна прадставілі Д.Александровіч, М.Корынь, А.Латышэвіч, К.Чурыла. Адным словам, юбілей дапамог выяўленню такіх здольнасцей, пра якія не ўсе і самі здагадваліся.

Пра настаўнікаў ужо і гаварыць не прыходзіцца: яны проста зачаравалі і дэкламацыяй, і вакалам, і рэжысёрскімі дараваннямі. Не перабольшвае дырэктар, калі лічыць увесь свой калектыў таленавітым, здольным вырашаць самыя складаныя пытанні навучання і выхавання.

За время действия школы сменилось 14 директоров. Каждый из руководителей оставил свой след в истории учебного учреждения. В честь 80-летнего юбилея создана «аллея» директоров.

Яніна ШМАТКО
Фота Віктара САСНОЎСКАГА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены