Галынкаўскай школе – 80!

Ці можа быць так, што школа аднаго з рэгіёнаў Гродзеншчыны старэйшая за саму вобласць? Можа! Гэта школа нашага раёна: Галынкаўская. І таксама юбілярка: роўна на 5 гадоў старэйшая за Гродзенскую вобласць. Знаёмцеся, якой яна была і якой стала.

Змена статусу і станаўленне

Будынак школы ў Галынцы быў узведзены ў 1935 годзе. У ім сялянскія дзеці атрымлівалі пачатковую адукацыю на польскай мове. Беларускамоўнай школа стала ў верасні 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне дзвюх частак Беларусі ў адно цэлае. Галынкаўская царкоўна-прыходская ператварылася спачатку ў сямігодку, а пасля – у дзесяцігадовую школу. Паспрабуйце ўявіць, з якой цяжкасцю сутыкнуліся і настаўнікі, і дзеці. У адным можна быць упэўненым: выкладанне на роднай мове супраціву не выклікала. Наадварот: была вялікая радасць, што здзейснілася мара барацьбітоў за сваё, блізкае кожнаму даросламу і дзіцяці.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны заставалася толькі два гады: многае з задуманага першымі настаўнікамі не паспела здзейсніцца. Таму час сапраўднага станаўлення Галынкаўскай СШ прыпадае на пасляваенныя гады. Трэба аддаць належнае і радавым настаўнікам той пары, і кіраўнікам, што не баяліся ні разрухі, ні голаду, а сумленна выконвалі і прамыя, і дадатковыя абавязкі вясковай нешматлікай інтэлігенцыі. Дзесяць самых напружаных гадоў (1945-1955 гг.) школай кіраваў Антон Канстанцінавіч Санкоўскі. Пры ім і адбыўся першы выпуск сямікласнікаў у 1949 годзе. А ўжо пры А.Д.Бугаёву ў 1957 годзе школу ўпершыню пакінулі дзесяцікласнікі. (Да пераводу ў Галынку Андрэй Данілавіч плённа працаваў у Зэльвенскай сярэдняй школе, пра што згадвае знаёмая зэльвенцам прафесар Л.І.Варанчыхіна).

Добры след пакінуў пасля сябе Віктар Георгіевіч Вішнеўскі, які працаваў у Галынцы з 1960 па 1966 гады. Сярод тых, хто памятае яго не толькі як выдатнага кіраўніка і настаўніка, але і як чулага чалавека, – былая супрацоўніца “Працы” М.П.Сячэйка. Яшчэ больш цёплых водгукаў – пра Аляксандра Аляксандравіча Сончыка, які да пераводу ва Угрыньскую БШ сем гадоў шчыраваў у Галынцы.

І названыя кіраўнікі, і іх наступнікі стваралі ўсе ўмовы, каб навучэнцы школы атрымлівалі трывалыя веды і на роўных маглі канкурыраваць з гарадскімі дзецьмі пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дзякуючы школьнаму музею, створанаму значна пазней, сёння мы можам згадаць яе першых настаўнікаў і вучняў. Фотаальбом да 50-годдзя піянерскай арганізацыі расказвае пра першых галынкаўскіх піянераў – Любу Дубель, Жору Цвікевіча, Аню Казлову, Люду Федасюк, Вацлаву Германовіч, Тоню Карман, Сашу Дарашэвіч, Зіну Амяльянчык і іх важатых А.Шмідта, Е.Шукайла, В.Цапа, М.Камякевіч (дарэчы, Марыя Антонаўна Камякевіч-Чэчат потым плённа працавала ў школах раёна, у РАНА і стала адзінай у раёне выдатніцай асветы СССР).

Настаўнікі-ветэраны з актывістамі школы

Фотавітрыны, плакаты, альбомы і ўспаміны былых настаўнікаў узнаўляюць слаўную гісторыю школы-юбіляркі. Няма ніводнага настаўніка, які не падрыхтаваў сабе дастойную змену. Матэматык (а з 1980 па 1985 гг. дырэктар школы) Соф’я Аркадзьеўна Міхута працягваецца ў Алене Раўко, Наталлі Жоглік, Вользе Булак, Аляксандру Роўгачу, Ніне Баркоўскай і інш. Хімік і біёлаг Валянціна Міхайлаўна Янцэвіч ганарыцца вучнямі-біёлагамі Вольгай Дубель, Аленай Махнач, Ірынай Беладзед, Янай Змітрукевіч, медыкамі Аленай Ламека, Людмілай Каранец і г.д. Бо, па словах самой настаўніцы, штогод у Слонімскае медвучылішча паступала па 2-3 яе вучні.

І Соф’я Аркадзьеўна, і Валянціна Міхайлаўна не шкадавалі ўдзячных слоў “залатому фонду” школы, з якім яны працавалі як дырэктар і завуч у 1980-1990 гады. Пералічвалі настаўнікаў-удзельнікаў мінулай вайны (У.Ф.Дравіцу, К.Ц.Дзінгілеўскага, С.Р.Яўстраценку), выкладчыкаў усіх школьных дысцыплін – хіміка Л.М.Кішковіч, матэматыкаў П.С.Пячко (дырэктар школы ў 1977-1979 гг.), Н.А.Баркоўскую, філолагаў А.У.Дравіцу, А.С.Цвікевіч, Л.П.Пячко, М.Б.Ярмолік, біёлага В.П.Аўсеец, гісторыка Ю.С.Ламеку, географа У.М.Давідчыка, настаўнікаў пачатковых класаў Н.І.Ламека, А.С.Захарчук, К.М.Каранец, З.С.Роўгач, класнага кіраўніка першага выпуску дзесяцікласнікаў С.І.Амяльянчык…

Усе яны, лічаць педагогі-ветэраны, няхай і без афіцыйных званняў, былі сапраўднымі выдатнікамі народнай асветы. Таму і выпускнікі школы станавіліся вядомымі на ўсю рэспубліку людзьмі.

Годы росквіту

Росквіт школы ў 70-90-я гады мінулага стагоддзя, несумненна, звязаны з залатым фондам настаўнікаў. Але была і яшчэ адна вельмі важная прычына. Сама вёска ў тыя гады была густанаселенай і пастаўляла ў школу вялікую колькасть сквапных да ведаў дзяцей і падлеткаў. Напрыклад, у 1978 г. з Галынкі і бліжэйшага наваколля школу наведвалі 426 вучняў. Было з каго і медалістаў падрыхтаваць, і будучых вучоных, і пісьменікаў…

У тыя гады якраз усталёўвалася ў школах кабінетная сістэма. Галынкаўская СШ была ў ліку лідараў і па ўвядзенні сістэмы, і па якасці напаўнення кабінетаў, і, галоўнае, – па ўмелым выкарыстанні назапашанага. Не перашкодзіла ўпэўненаму росту школы нават напаткаўшая яе бяда: зімой 1986 г. па недаглядзе апальшчыка (тады яшчэ школа абагравалася печкамі) згарэла палова будынка.

А.М.Кавалевіч

Новы дырэктар А.М.Кавалевіч змог арганізаваць і настаўніцкі, і вучнёўскі калектывы ў адзінае цэлае. І выйшлі яны з таго выпрабавання моцнымі і згуртаванымі. Менавіта ў той нялёгкі час (вучыліся ў дзве змены, калідоры станавіліся класамі) дырэктар і С.А.Міхута з дапамогай мясцовага калгаса стварылі школьны музей, а на базе музея – ваенна-патрыятычны клуб “Ордэн гонару”. Юнакі і дзяўчаты цесна супрацоўнічалі з вайскоўцамі са Слоніма, з некалькімі музеямі як свайго, так і суседняга раёнаў, вялі бесперапынную пошукавую работу. Невыпадковым у клуба было першае месца ў абласным конкурсе, арганізаваным да 60-годдзя Вялікай Перамогі.

Школа прыняла ўдзел ў рэспубліканскім эксперыменце па арганізацыі мультыпрофільнага навучання. Усе вучні-ўдзельнікі эксперыменту, як правіла, станавіліся студэнтамі прэстыжных навучальных устаноў Мінска і Гродна. У БНТУ на энергетычны факультэт паступілі Аляксандр і Пётр Бальшухіны, Аляксей Сакалоўскі, Вольга Кобрынец, Сняжана Ракевіч, Аляксандр Палховіч. Сталі фізікамі Сяргей Бяляўскі, Кацярына Махнач. Удзельнікі патрыятычнага клуба “Ордэн гонару” Аляксандр Калбаска, Яўген Палховіч, Аляксандр Худзяеў, Дзяніс Зелянко абралі ваенныя спецыяльнасці і зараз паспяхова “штурмуюць” камандныя вышыні.

Неаднаразова Галынкаўская школа выходзіла пераможцам у розных накірунках адукацыйнай і выхаваўчай работы, а яе дырэктар Антон Мар’янавіч Кавалевіч заслужана атрымаў званне “Выдатнік асветы БССР”. 22 гады кіраваў школай Антон Мар’янавіч! Яго рэкорд у раёне пакуль нікім не пабіты.

Гонар школы

На школьным стэндзе “Аўтограф на карце роднай Беларусі” змешчана нямала фотаздымкаў выпускнікоў, якімі ганарыцца школа. Але, як лічаць цяперашні дырэктар Л.І.Літвак і гісторык, загадчык музея А.А.Марчанка, гэта толькі частка таго, што ў хуткім часе з’явіцца ў музеі. І сапраўды, даўно пара сабраць звесткі пра знакамітых вучняў і захаваць іх у фондах.

Л.І.Літвак

Але спачатку ўсё ж спынімся каля стэнда. Двое з выпускнікоў сталі настаўнікамі роднай школы. Гэта – Ю.Г.Палховіч і Д.М.Кобрынец. Упісалі свой лёс у гісторыю Беларусі юрысты Л.І.Ракевіч і У.Б.Ламека, народны майстар-ганчар С.А.Худзяеў, “афганец” С.Ф.Залеўскі, «Чалавек года Гродзеншчыны» Т.В.Грыгорык, лепшы выратавальнік Беларусі 2016 г. Андрэй Федзяня, загадчык ідэалагічнага аддзела выканкама Ленінскага раёна г. Гродна Аляксандр Коўш і інш.

Адна з экспазіцый школьнага музея

А зараз уявім, што мы знаёмімся з новай экспазіцыяй музея, дзе сустрэнем вось такіх таленавітых выпускнікоў школы.

Брат і сястра Захарчукі

Аляксандр Барысавіч Захарчук закончыў школу ў 1977 годзе. Дзіцячае захапленне жывапісам і лепкай прывяло да паступлення ў Беларускі палітэхнічны інстытут на факультэт “Жылыя і грамадскія будынкі”. Атрымаўшы дыплом, пэўны час працаваў у Ленінградзе. Калі вярнуўся на радзіму, звязаў лёс з абласным цэнтрам. З 1989 года працуе ў “Гроднаграмадзянпраекце” галоўным архітэктарам інстытута. Мае Падзячнае пісьмо ад мітрапаліта Філарэта за вялікую працу ў Жыровіцкім манастыры. Ад дзяржавы – медаль “За працоўныя заслугі”. Кінадакументалісты ўвасобілі яго ў дакументальным фільме. Архітэктары вобласці даверылі Аляксандру Барысавічу старшынства ў “Беларускім саюзе архітэктараў”. Нямала для аднаго чалавека, ці не так?!

Лілія Барысаўна Захарчук-Сідорка вядома і ў вобласці, і ў рэспубліцы. З моманту адкрыцця СШ №3 у Зэльве выкладала гісторыю, а з 2003-га ўзначаліла школьны гісторыка-краязнаўчы музей. Яна праславіла музей, а музей – яе. Экспазіцыі стаўшага сапраўды народным музея “Светач” прыцягваюць увагу і школьнікаў, і дарослых. Больш за тысячу экспанатаў сабрала са сваімі памочнікамі Лілія Барысаўна, і кожны з іх прайшоў праз яе клапатлівыя рукі. Амаль тысячу экскурсій штогод праводзіла ўлюбёная ў родную зямлю нястомная працаўніца. Трыумф вучняў і экскурсаводаў на шматлікіх конкурсах – яе заслуга! Нездарма да 70-годдзя Перамогі Лілія Барысаўна была ўзнагароджана юбілейным медалём.

Леанід Серафімавіч Татарын

Сын Серафіма Лук’янавіча Татарына, аднаго з самых актыўных змагароў за волю і беларускае слова ў панскай Польшчы, Леанід Серафімавіч стаў гонарам расійскага марскога флоту. Капітан далёкага плавання С.Л.Татарын пабываў у самых розных краінах свету. Хадзіў з міжнароднымі экіпажамі ў Мазамбік, Ірак, Іран, Індыю, Нігерыю, Грэнландыю, у Персідскі заліў, у Арктыку, у моры Баффіна і Лабрадоры…

А ў час адпачынку занатоўваў свае ўражанні на паперы. Яго ахвотна друкуюць газеты Калінінграда “Литературная газета”, “Советская Россия”.

Леанід Серафімавіч – удзячны вучань Галынкаўскай СШ. Ён штогод дасылае віншаванні ўсяму калектыву з нагоды Дня ведаў, Новага года ды іншых святаў, заўсёды цікавіцца навінамі і радуецца поспехам настаўнікаў і выпускнікоў. Асабісты адрасат Татарына – С.А.Міхута, якая і расказвае пра ўсе навіны школы капітану далёкага плавання.

Марыя Пятроўна Чэчат-Сячэйка

Марыя Пятроўна шмат гадоў працавала ў раённай газеце. Была ініцыятарам розных любімых чытачамі рубрык. Асабліва памятныя многім яе “Хутаране”, “Радавыя Перамогі”, “Фота ваенных гадоў”. Як загадчыца аддзела пісьмаў рыхтавала штомесячную старонку “Чытач-газета”. Пазнаёміла зельвенцаў з многімі цікавымі людзьмі нашых вёсак. За вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне зэльвенцаў узнагароджана медалём “60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Сяргей Анатольевіч Худзяеў

На стэндзе пра Худзяева сказана як пра ганчара. А колькі цікавага можна расказаць пра яго як паэта! Творы Сяргея Анатольевіча знаёмы і зэльвенцам, і аматарам літаратуры рэспублікі. Друкаваўся ў “ЛіМе”, “Настаўніцкай газеце”, калектыўных зборніках паэзіі, у тым ліку ў “Зорах над Зальвянкай”. Яго вельмі цэніць наш зямляк Уладзімір Мазго.

… На жаль, няма магчымасці падрабязна расказаць пра ўсіх дастойных пяра выпускнікоў школы. А так хочацца нагадаць пра мікрахірурга Людмілу Дравіцу, стаматолага Людмілу Каранец-Ганчарову, вайскоўцаў У.У.Мякеню і А.В.Сая, “Настаўніцу года-2007” горада Мінска Аксану Ягоўдзік, выкладчыцу Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ганну Пянцяк, ардэнаносца Паўла Пенцяка, дэлегата 3-га Усесаюзнага з’езда калгаснікаў Георгія Цвікевіча, шматгадовага бібліятэкара школы Вацлаву Германовіч, журналістку Веру Гнілазуб і многіх іншых.

Ёсць над чым працаваць кіраўніку музея А.А.Марчанку і яго актыву!

У новым веку– новыя клопаты

Галоўнай праблемай юбіляркі, як і ўсіх сельскіх школ, з’яўляецца маланаселенасць вёскі і, як вынік, нізкая напаўняльнасць класаў. З гэтай праблемай сутыкнуўся ўжо А.М.Кавалевіч у апошнія гады свайго дырэктарства. А зараз хвалюе яна Л.І.Літвак. “Школа – цэнтр усяго жыцця на вёсцы, – упэўнена Лілія Іванаўна. – Не будзе школы – і ўсё заглохне”.

Для паспяховага функцыянавання сёння ў школе ёсць усё: высокапрафесійны калектыў, неабходнае абсталяванне ва ўсіх кабінетах, спартыўная зала, сталовая… Адкрыты гурткі па інтарэсах, дзеці ўцягнуты ў творчы і выхаваўчы працэсы. Працягваюць дзейнічаць слаўныя традыцыі школы: цімураўцы і валанцёры кожны тыдзень спяшаюцца на дапамогу састарэлым аднавяскоўцам. Настаўнікі і вучні штогод удзельнічаюць у розных конкурсах раённага і абласнога маштабаў. Вось і ў мінулым навучальным годзе заваявалі 8 прызавах месцаў у абласных спаборніцтвах. Гэта два праекты настаўніцы біялогіі М.М.Худзя­евай, два праекты філолага Н.В.Гарчычка, два праекты настаўніка фізічнай культуры (як падкрэсліла дырэктар – традыцыйна!) В.І.Бурака, праекты Д.М.Кобрынец і А.І.Чэчат. Праект апошняй “Па старонках гісторыі нашай”, а таксама Н.В.Гарчычка “Край гарадзенскі”, М.М.Худзяевай “Між зямлёй і сонцам” звязаны з гісторыяй малой радзімы. Над імі школьнікі працавалі з асаблівай любоўю. Нездарма вучаніца Марыя Бяляўская падчас адпачынку ў лагеры “Зубраня” стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу экскурсаводаў.

Настаўнікі пачатковых класаў А.І.Чэчат, Ж.Г.Нагула, В.І.Ракевіч, Т.І.Плюш­чэвіч трэці год удзельнічаюць у рэспубліканскім інавацыйным праекце па прафарыентацыйнай рабоце.

Наогул, калектыў установы дружны, мабільны, з радасцю прымае папаўненне. Праўда, маладых педагогаў нямнога: хіба што гісторык А.А.Марчанка мае найменшы педагагічны стаж. Але ўзрост – не перашкаджае таварышскім і прафесійным зносінам. Кожны ўлічвае вопыт сваго папярэдніка, а, назапасіўшы свой, ахвотна дзеліцца ім з маладымі калегамі.

Так, выдатнай пераемніцай Галіны Адамаўны Козел, якую ведалі нават у рэспубліцы як “пастаўшчыцу” абітурыентаў для факультэта перакладчыкаў стала А.В.Панасік. Ёсць кім ганарыцца і Але Віктараўне: у Мінску працуе Юлія Калінкіна, у Гродне – Святлана Хіхлуша, у суседняй Елцы – Людміла Бяляўская. Усе выпускніцы Мінскага ўніверсітэта замежных моў!

Святлана Хіхлуша, яшчэ будучы вучаніцай, заваявала дыплом пераможцы рэспубліканскай навукова­практычнай канферэнцыі (разам з Вольгай Палховіч). “Я шчаслівая, – кажа Ала Віктараўна. – У нас такі добры калектыў, такія ўдзячныя вучні. Колькі год прайшло з майго першага выпуску, а дзеці не забываюць, звоняць, цікавяцца нашымі справамі”.

На год раней за Панасік прыехала ў Галынку філолаг Т.Г.Волгіна-
Бяляўская, якая таксама ўдзячна лёсу за ўсё, што звязана з Галынкай. З цеплынёй узгадвае драмгурткоўцаў, якія вельмі любілі заняткі “па ролях”, паспяхова выступалі са спектаклямі на школьных вечарах, у Востраве, у іншых вёсках сельсавета. З філалогіяй звязалі сваё жыццё вучаніцы Бяляўскай Алена Сінюта, Алена Барташэвіч, Таня Кірцун, Вера Гнілазуб…

Біёлаг М.М.Худзяева раўняецца на колішнюю гаспадыню кабінета біялогіі, школьнага агарода ды вучнёўска-вопытнага ўчастка В.М.Янцэвіч. Вядома, з невялікай колькасцю дзяцей Марыя Міхайлаўна не можа замахнуцца на дасягненні калегі. Тады Валянціна Міхайлаўна магла разам з вучнямі задаволіць патрэбы школьнай сталовай у гародніне і фруктах на ўвесь навучальны год. Зараз Худзяева і школьнікі больш увагі ўдзяляюць кветкаводству: іх клумбы здалёк заварожваюць арыгінальнасцю кампазіцый.

Ведаюць у раёне цудоўнага музыку і выкладчыка працоўнага навучання Ю.Г.Палховіча. Яго выхаванцы – не навічкі ў раённых і абласных конкурсах, а штогадовыя прызёры. Як ужо адзначалася, традыцыйна перамагаюць лёгкаатлеты В.І.Бурака.

Нядаўна папоўніла рады галынкаўскіх настаўнікаў пераможца рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Н.В.Гарчычка. Надзейны памочнік у дырэктара завуч І.Р.Хлапоніна. З такім калектывам не страшна было рыхтавацца Ліліі Іванаўне да юбілею школы.

Руплівая юбілярка

Яшчэ ў канцы мінулага навучальнага года мясцовая гаспадарка дапамагла абсталяваць каля школы стаянку для аўтобуса. А летам выдзеліла каля 30 тысяч рублёў на рамонт школы. Лілія Іванаўна, увесь калектыў настаўнікаў, тэхперсанал, дзеці і бацькі бязмежна ўдзячны старшыні гаспадаркі Уладзіміру Ючу за такую вялікую дапамогу! І літаральна ўсе пастараліся, каб кожная падараваная капейка была патрачана ашчадна.

Зараз сама дырэктар здзіўляецца, як невялікі калектыў паспеў да навучальнага года справіцца з каласальнай нагрузкай. На другім паверсе столь упрыгожылі армстронгам, сцены паштукатурылі і пафарбавалі, замянілі і пафарбавалі падлогу, пліткай выклалі лесвіцу, пад колер ансамблевых забудоў аграгарадка пафарбавалі фасад школы… А колькі дробных спраў перарабілі! Спецыяльна да юбілею аздобілі клумбу-кнігу з лічбамі 1939, абнавілі і суседнія кветкавыя кампазіцыі. Стаў прыгажэйшым фасад музея.

Без прафесійных будаўнікоў, вядома ж, не абышлося. І дырэктар
удзячна калектывам ПМС на чале з К.І.Бердніковічам, МПМК-148 на чале з А.І.Сячэйка. Але ўсё ж асноўная работа лягла на плечы настаўніка працоўнага навучання Ю.Г.Палховіча і тэхперсанала Г.Р.Петраш, Н.Ю.Дубатоўка, Г.А.Грэшчык, К.В.Амяльянчык, І.І.Кандраценка, А.В.Рыбалка, Г.А.Гельд, якія з 7 гадзін раніцы да 21-й вечара былі падсобнікамі і штукатураў, і маляроў, і плітачнікаў. І 26 жніўня стомленыя, але шчаслівыя, уздыхнулі: паспелі, справіліся!

На ўрачыстай лінейцы 2 верасня ўсе адчувалі сябе пераможцамі. Лілія Іванаўна не хавала хвалявання і не шкадавала слоў падзякі.

…Пачынаўся 81-ы год дарагой усім школы.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены