Галынкаўцы гавораць школе: «Да пабачэння!»

Непрыкметна праляцелі адзінаццаць школьных гадоў. Сёння мы ўжо выпускнікі. А што для нас значыць школа?

Згадваецца 1 верасня 2008 года, калі мы, маленькія і баязлівыя, пад пералівы школьнага званка разам з настаўніцай Святланай Яўгенаўнай Бурак ішлі ў свой утульны першы клас. Святлана Яўгенаўна акружыла нас цеплынёй, увагай, пяшчотай, навучыла пісаць і чытаць, сябраваць і дапамагаць. Наш кабінет абагравала печка, і мы заўсёды каля яе адчувалі сябе вельмі ўтульна.

Ішлі гады, мы раслі, набывалі новыя веды і паспяхова пераходзілі ў наступныя класы. Нам шанцавала на класных кіраўнікоў. Яны мяняліся кожны год, але, дзякуючы гэтаму, сёння мы хутка наладжваем адносіны з новымі людзьмі, адчуваем сябе ўпэўнена ў незнаёмай сітуацыі.

Змянілася і наша школа – стала больш сучаснай, падведзены вадаправод, паравое ацяпленне. Класы светлыя і прыгожыя, з новай мэбляй. Дзякуючы дырэктару ўстановы Ліліі Іванаўне Літвак, яе ўмеламу кіраўніцтву і прафесіяналізму, у школе заўсёды дысцыпліна і парадак. Усе разам – і вучні, і настаўнікі – даглядаюць прышкольную тэрыторыю, таму так многа вакол прыгожых кветак.

Нас вучылі педагогі – сапраўдныя майстры сваёй справы. Мы ўдзячныя ўсім настаўнікам, асабліва Віктару Іванавічу Бураку, Таццяне Георгіеўне Бяляўскай, Але Віктараўне Панасік, Антону Мар’янавічу Кавалевічу, Марыі Міхайлаўне Худзяевай.

Нам вельмі падабаліся агульнашкольныя мерапрыемствы, на якіх сапраўды адчувалася яднанне і сяброўства: турыстычныя злёты, дні здароўя, святы, лінейкі, якія прыдавалі сілы і пакідалі добрыя ўраджанні.

Наша школа – наш другі дом. Мы заўсёды ведалі, што нас тут падтрымаюць і выслухаюць, дапамогуць добрай парадай.

Зараз мы стаім на парозе дарослага жыцця, а за спінай застаюцца школьныя гады і дзяцінства. Дзякуй табе, школа! Успамін пра цябе мы пранясём праз усё жыццё.

Выпускнікі 11-га класа Галынкаўскай СШ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены