Галоўную ўзнагароду «Лістапада» атрымаў эстонскі фільм

Апошнім часам толькі і гаворкі, што пра «Лістапад». Галоўная кінападзея года, тыдзень паглыблення ў кіно, свята, якое заўсёды з табою, — Мінскі кінафестываль і ўсё, што стаіць за прыгожымі эпітэтамі, якімі мы яго характарызуем, завяршыўся. Асноўныя мерапрыемствы фэсту пачаліся ў мінулую суботу, а ўжо ўчора на цырымоніі закрыцця ў кінатэатры «Масква» былі абвешчаны пераможцы. Такім чынам, Гран-пры прысуджана эстонскай карціне Райнэра Сарнэта «Лістапад», фестывальныя дні аказаліся справай мінуўшчыны, а для нас ад гэтай кінанасычанасці засталіся толькі водгаласы ў выглядзе фільмаў, што і пасля лістападаўскіх дзён будуць ісці ў пракаце, і, вядома, рэфлексій. Не важна, маеце вы непасрэднае дачыненне да фестывалю ці не, набываеце білеты на тое, што ён прапануе, альбо не — вы так ці інакш прычыняецеся да прыгожага знака беларускай кінаіндустрыі і прымаеце ў валоданне ўнікальны спіс фільмаў, на якія ў перспектыве варта звярнуць увагу. Цяпер, калі галоўная інтрыга абярнулася спісам пераможцаў (глядзіце справа), а ўсё паступова вяртаецца ў звычайнае русла, можна асэнсаваць убачанае альбо скарыстацца жывымі ўражаннямі, каб больш узважана выбраць наступныя для прагляду карціны. «Лістапад» можа дагадзіць любым густам: яго можна не проста ахарактарызаваць разнастайнасцю фільмаў, а назваць увасабленнем кантрастаў. Па-першае, згодна з сёлетнім слоганам «Лістапада» мы шукалі «ісціну, любоў і прыгажосць» у шыкоўнай падборцы разнажанравых і рознастылявых карцін. Па-другое, на афіцыйных цырымоніях назіралі людзей у вячэрніх уборах, джынсах і нават у форме спецпадраздзяленняў. Праўда, найбуйнейшы арганізацыйны кантраст крыецца ў адчуванні, што цырымоніі і кінапраграмы на фестывалі робяць людзі з розных планет (імі сапраўды займаюцца розныя каманды). З году ў год заводзіцца адна і тая ж пласцінка пра тое, што цырымонія адкрыцця «Лістапада» выглядае як безгустоўны дадатак да вытанчана складзеных конкурсаў, за што асабліва сорамна перад замежнымі гасцямі.
Але трэба заўважыць, што сёлета ў кінатэатры «Масква», дзе адбылася цырымонія адкрыцця ўжо XXІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», уціскацца ад сораму ў крэсла не хацелася. Цырымонія прайшла амаль бязбольна і зрабіла стаўку на акадэмічную музыку і оперны вакал Аксаны Волкавай, хоць і з застаўкай у караоке-стылі.
Да таго ж прысутнасць рэжысёра карціны «Масква слязам не верыць» Уладзіміра Мяньшова, які сёлета атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» і разбіў талерку аб штатыў кінакамеры, чым абвясціў адкрыццё кінафестывалю, надала цырымоніі нейкую пяшчотную ноту. Хоць для прыза Прэзідэнта за духоўнасць, які ўручаецца на беларускім кінафестывалі «Лістапад», можна было б разглядаць больш шырокую кінематаграфічную прастору. Так ці інакш, галоўнымі вартасцямі «Лістапада» застаюцца фільмы і поўныя ці амаль поўныя залы. Нагадаю, сёлета фестываль паказаў 165 фільмаў з 55 краін. З гэтага кола вылучаюцца шэсць конкурсаў; фільмы Міхаэля Ханеке, Акі Каўрысмякі, Франсуа Азона, Фаціха Акіна, Бруно Дзюмона, Сяргея Лазніцы, пераможцаў Канскага і Берлінскага кінафестываляў; праграмы, што факусуюцца на постсавецкай прасторы і прасторы былога савецкага ўплыву. Шыкоўны выбар, які дазваляе крыху ўвайсці ў кантэкст сусветнага фестывальнага руху і імёнаў жывых класікаў, але больш — прычыніцца да дзіўнай кінападборкі, з якой можна асэнсаваць агульныя постсавецкія праблемы. Свайго гледача знайшоў нацыянальны конкурс, які сабраў у сабе каля трыццаці беларускіх фільмаў. У рамках індустрыяльнай платформы прайшоў дзень віртуальнага кіно «VІR: CІNEMA», дзе гледачы мелі магчымасць спазнаць найноўшыя тэхналогіі ў кіно і ў спецыяльнай «экіпіроўцы» зацаніць сферычныя фільмы.
Я бачу, наколькі розныя ў гледача падыходы да «Лістапада» — нехта бярэ адпачынак, каб ахапіць як мага больш фільмаў, нехта робіць стаўку на вячэрнія паказы (на шчасце, фестываль паказваецца ў многіх кінатэатрах, з праграм якіх утвараецца добры выбар), нехта набывае білеты на лічаную колькасць карцін, каб мець час асэнсаваць кіно і, магчыма, зрабіць нейкія высновы.
Мы ж у гэтае кіно па-сапраўднаму паглыбіліся і знаходзіліся ў ім з раніцы да вечара і ў снах. Кінафестываль завяршыўся, а ў нас усё яшчэ толькі і гаворкі, што пра «Лістапад», і мы ўсё яшчэ не спыняемся ў пошуках ісціны, любові і прыгажосці.
Асноўны конкурс ігравога кіно
  • Гран-пры «Золата Лістапада» за найлепшы фільм — «Лістапад» Райнэра Сарнэта (Эстонія, Нідэрланды, Польшча)
  • Прыз «За найлепшую рэжысуру» — «Іней» Шарунаса Бартаса (Літва, Францыя, Польшча, Украіна)
  • Прыз «За найлепшую аператарскую работу імя Юрыя Марухіна» — «Лістапад» Райнэра Сарнэта
  • Прыз «За найлепшую жаночую ролю» — «Арытмія» Барыса Хлебнікава (Расія, Фінляндыя, Германія)
  • Прыз «За найлепшую мужчынскую ролю» — «Вестэрн» Валескі Грызебах (Германія, Балгарыя, Аўстрыя)
  • Прыз «За найлепшае гукавое (музычнае) рашэнне фільма» — «Лістапад» Райнэра Сарнэта
  • Спецыяльны прыз журы — «Арытмія» Барыса Хлебнікава
  • Прыз «За найлепшы сцэнарый» — «Гранатавы сад» Ільгара Наджафа (Азербайджан)
Асноўны конкурс дакументальнага кіно
  • Гран-пры «За найлепшы дакументальны фільм» — «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет» Арунаса Матэліса (Літва, Італія, Швейцарыя, Бельгія, Латвія, Вялікабрытанія, Ірландыя, Іспанія)
  • Спецыяльны прыз журы — «Горад сонца» Раці Анелі (Грузія, ЗША, Катар, Нідэрланды)
Прыз міжнароднага журы кінапрэсы ФІПРЭСІ
  • «Новыя галасы — Прыз ФІПРЭСІ» за найлепшы дэбют — «Горад сонца» Раці Анелі (Грузія, ЗША, Катар, Нідэрланды)
«Маладосць на маршы»
  • Прыз «За найлепшы фільм імя кінарэжысёра Віктара Турава» — «3/4» («Тры чвэрці») Іліяна Мецева (Балгарыя)
  • Спецыяльны прыз журы — «Баламут» Міраншы Наік (Індыя, Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды)
Конкурс маладога дакументальнага кіно — конкурс нацыянальных кінашкол
  • Прыз «За найлепшы фільм конкурсу нацыянальных кінашкол» — «Узы» Зоф’і Кавалеўскай (Польская нацыянальная школа кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі)
Нацыянальны конкурс
  • Прыз «За найлепшы ігравы фільм» — «Заўтра» Юліі Шатун (Беларусь)
  • Прыз «За найлепшы дакументальны фільм» — «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» Барыса Нікалайчыка (Беларусь)
  • Прыз «За найлепшы анімацыйны фільм» — «І месяц спыніўся» Юліі Рудзіцкай (Беларусь, Германія, ЗША)
Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік»
  • «Залаты «Лістападзік» за найлепшы фільм» — «Падарожжа Фані» Лолы Дуаён (Францыя)
  • Прыз «За найлепшую дзіцячую ролю» — Сарэх Нур Мусаві ў фільме «Подых жыцця» Наргеса Абіяра (Іран)
  • Прыз «За найлепшую працу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме» — Эктар Гарсія ў фільме «Крокі героя» Энры Рынкона (Калумбія)
  • Спецыяльны прыз журы «За найлепшую рэжысуру» — Наргес Абіяр за фільм «Подых жыцця»
Прыз глядацкіх сімпатый
  • За найлепшы ігравы фільм — «Кандэларыя» Джоні Хендрыкса Інестросы (Калумбія, Германія, Нарвегія, Аргенціна, Куба)
  • За найлепшы дакументальны фільм — «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет» Арунаса Матэліса
  • За найлепшы фільм конкурса «Лістападзік» — «Цім Талер, або Прададзены смех» Андрэаса Дрэзена (Германія)
  • Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно» — народнаму артысту Кыргызскай Рэспублікі Актану Арым Кубату, рэжысёру-пастаноўшчыку фільма «Кентаўр».
«Звязда»
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.