Ева Артурава: яе талент не старэе з гадамі

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва не бывае пуста. Кожны дзень працуе які-небудзь з гурткоў або клубаў.
Але ёсць асаблівы дзень у кожным квартале, калі людзей збіраецца найбольш – гэта дзень імянінніка. Вось і ў снежні сардэчна будуць віншаваць народжаных у апошнія месяцы года: Ніну Агароднік, Святлану Мацкевіч і Аліну Супрыновіч (ураджэнкі кастрычніка); Міру Казакевіч, Зінаіду Капусцянскую, Крысціну Пазнякову, Ядвігу Скібу і Міхаіла Пазнанскага (імяніннікі лістапада): і адзіную юбілярку снежня – Еву Артураву. Пра яе і пойдзе размова
.

Знаёмствам з Е.А. Артуравай ганарацца ўсе. Гэта надзвычай таленавіты і духоўна багаты чалавек. Здаецца, мы ведаем яе даўным-даўно, хоць у сапраўднасці нашым членам яна стала гадоў пяць таму, калі пераехала з Гродна ў Зэльву. І хоць яна сама адмовілася даць нам інтэрв’ю, і мы рызыкуем пачуць ад яе папрокі, не расказаць пра яе мы проста не маем права.

Ева Артурава ў маладосці.

Дзяцінства і юнацтва Евы Артуравай прайшло ў недалёкай ад нас Росі. Там яна з сярэбраным медалём закончыла сярэднюю школу, з вялікай цеплынёй згадваючы настаўнікаў. Адтуль паступіла на агранамічны факультэт Гродзенскага сельгасінстытута (дзяўчына вырасла ў вялікай сям’і, дзе праца цанілася як найвышэйшая якасць чалавека). Падчас вучобы – на летніх канікулах – разам з іншымі студэнтамі ездзіла ў Казахстан на нядаўна асвоеныя цалінныя землі. Працавала так, што заслужыла медаль, а не так даўно – праз шмат гадоў! – атрымала падзяку ад прэзідэнта рэспублікі Нурсултана Назарбаева.

На Гродзеншчыне працавала ў Астравецкім, Ашмянскім і Ваўкавыскім раёнах. То галоўным аграномам, то намеснікам старшыні калгаса, і нават выкладчыкам біялогіі і дырэктарам адной са школ. Падчас працы ў Вярэйках была абрана сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса “Ваўкавыскі”, што на многа гадоў наперад вырашыла яе лёс. Водгукі пра яе самаадданую працу дайшлі да абкама партыі, і Еву Артураву пераводзяць спачатку ў Гродзенскі абкам КПБ, а адтуль – у Зэльвенскі райкам.

З Зэльвай нашу Еву Аляксандраўну звязвае не толькі час працы сакратаром райкама. Тут жыве яе старэйшая сястра Яўгенія Аляксандраўна, тут вучыўся яе сын Алег (зараз – юрыст аддзела адукацыі), тут шмат знаёмых і дарагіх яе сэрцу людзей. Тыя, хто працаваў з Евай Артуравай у 1971 – 1974 г.г., інакш як у найвышэйшай ступені пра яе не згадваюць. “Калі ні звярніся, Ева Аляксандраўна выслухае цябе да канца, вельмі тактоўна падкажа шлях вырашэння тваёй праблемы, – успамінае Ганна Канановіч-Гураль. – Мы былі зачараваны яе чалавечнасцю, эрудыцыяй. Гэта проста ўнікальны чалавек”. Гэтак жа высока ацэньваюць былога сакратара Зэльвенскага райкама Ганна Жыдок, Валянціна Дзікая, муж і жонка Зянько. “Прынцыповая, але чулая і чалавечная, справядлівая, вельмі прыстойная і сумленная. Ніколі не кідала незавершанай пачатую справу, умела наладзіць кантакт з кожным чалавекам. Аўтарытэт у яе быў бясспрэчным”, – вось такія водгукі пачулі мы ад тых, хто працаваў у тыя гады поруч з Евай Аляксандраўнай.

Самы дарагі для Евы Аляксандраўны чалавек – сын Алег – паведаміў, як матуля прывучала яго, школьніка, да самастойнага авалодвання ведамі. “Спытаю нешта незразумелае, – расказвае Алег Эдуардавіч, – а мама адразу накіроўвае да таго ці іншага слоўніка, да той ці іншай энцыклапедыі. У нас ужо тады была вялікая бібліятэка. Яна не сядзела са мной, калі я вучыў урокі, а вось так ненавязліва падштурхоўвала да неабходнасці ўмець вучыцца. Гэта вельмі спатрэбілася, калі я пайшоў у вучылішча, а потым – ва ўніверсітэт”.

А работнікі ЦСАН і наведвальнікі яго аддзялення не ўяўляюць ніводнага мерапрыемства без Евы Артуравай. Мы ёй бязмежна ўдзячны за самы актыўны ўдзел у клубах “Спявай, душа!”, “Малюся Слову”, за парады, якія дае крыху маладзейшым за яе жанчынам. Калі сказала Ева Аляксандраўна – гэта не падлягае сумневу!

Талент Евы Артуравай не старэе з гадамі. Яна так прыгожа спявае і дэкламуе вершы любімых паэтаў, што паслухаць яе збягаюцца члены ўсіх гурткоў аддзялення. Менавіта Ева Аляксандраўна падарыла нам літаратурныя вечары па творчасці Канстанціна Сіманава і Міхаіла Лермантава, зачаравала песнямі многіх савецкіх кампазітараў, якіх ведае безліч.

Разам з членамі клуба “Спявай, душа!” яна неаднойчы выступала і перад зэльвенцамі, і перад пенсіянерамі з Ваўкавыска.

Ахвотна дзеліцца яна з намі ўспамінамі аб творчых сустрэчах, на якія хадзіла падчас вучобы на Вышэйшых партыйных курсах у Маскве. Ідзе літаратурная імпрэза па творчасці А.С.Пушкіна – Ева Аляксандраўна згадвае пра свой удзел у пушкінскіх чытаннях каля яго помніка, незабыўныя ўражанні ад пашаны масквічоў да любімага паэта. Знаёмімся з творчасцю Роберта Раждзественскага – яна прыпомніць пра аўтарскі вечар паэта і абавязкова прачытае некалькі вершаў, што гучалі тады са сцэны (памяць у яе – выключная!).

Мы віншуем нашу ўсеагульную любіміцу з юбілеем, жадаем ёй моцнага-моцнага здароўя і дзякуем за ўсё, што яна для нас робіць!

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены