Экскурс у мінулае і дыялог пра жыццё і творчасць

Кожны год, прыязджаючы з няблізкіх Ганцавіч на магілы бацькоў і родных, наш зямляк А.П.Галаскок не адмаўляецца ад сустрэчы з аматарамі яго паэзіі. Сёлета ён стаў госцем работнікаў раённай бібліятэкі і членаў клуба “Малюся Слову” ЦСАН.

Імпрэза адбывалася ў чытальнай зале бібліятэкі. Аляксей Пятровіч прывёз з сабою галерэю фотаздымкаў і альбом, з якіх можна было даведацца пра важныя вехі яго жыцця. Захапіў і дыск з песнямі на яго словы, якія вельмі хораша выконвалі ганцавіцкія артысты.

Экскурс у мінулае здзяйснялі вядучая Наталля Цынс, сам госць і адказная за медыяэкран Юлія Чарнецкая. Успамінаючы пра сваё жыццё на Зэльвеншчыне, у далёкай Сібіры і на Ганцаўшчыне, Аляксей Пятровіч “падмацоўваў” успаміны вершамі. Прагучалі творы пра месца нараджэння (“Талалайкі”), пра яго родных (“Каб родны бацька мой вярнуўся”, “Як волат, дзед стаяў ля хаты”), пра родную хату ў Зэльве, даўно ўжо займеўшую новага гаспадара (“Мне не прылегчы на бацькоўскі ложак”) і інш.

Шмат сустрэч было ў Аляксея Пятровіча з вядомымі пісьменнікамі Беларусі. Прысутныя цікавіліся, хто з іх найбольш блізкі яму, а з кім з класікаў хацеў бы сустрэцца, калі б надарылася такая магчымасць. “Вельмі люблю творчасць Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Вольгі Іпатавай, Ніны Мацяш, Міколы Мятліцкага і шэрагу іншых. А з класікаў вельмі хацелася б пагутарыць з Іванам Мележам: Яго “Палеская хроніка” – адзін з любімых маіх твораў.

З многімі творчымі асобамі Аляксей Пятровіч знаёміцца падчас Дзён беларускага пісьменства ці як удзельнік конкурсаў. Напрыклад, за ўдзел у конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая” разам з іншымі пераможцамі быў запрошаны ў Мінск і выступіў перад мікрафонам для радыёслухачоў. Тады блізка пазнаёміўся з Міколам Мятліцкім, старшынёй журы. А з сынам Якуба Коласа, Міхасём Канстанцінавічам, пасябраваў у Ганцавічах на Дні беларускага пісьменства. Калі даведаўся пра смерць нашчадка класіка, ездзіў у Мінск на пахаванне.

Каментуючы здымак з Лунінецкага краязнаўчага музея, што зацікавіў прысутных, расказаў: Мастак Іван Караленка мае шмат карцін аб роднай прыродзе, а ў мяне нямала вершаў аб ёй. Мы вырашылі аб’яднаць нашы напрацоўкі і праставіць на суд гледачоў. Атрымалася цудоўна: маляўнічая карціна мастака, а побач – чатырохрадкоўе з майго верша, якое як бы растлумачвала і дапаўняла яго задуму. Людзі шчыра дзякавалі нам, прасілі працягваць творчую супольнасць.

На пытанні, калі пачаў пісаць і як доўга ідзе праца над вершамі, адказвалі і Аляксей Пятровіч, і яго любая жонка Ларыса Іванаўна. Чаму? Жонка – першы чытач і рэдактар яго вершаў, таму і ведае, як ён старанна і доўга шліфуе іх. А пісаць я пачаў яшчэ ў школе, і першым маім рэдактарам была мая любімая настаўніца Таісія Іванаўна Лагунова. Я ёй вельмі ўдзячны, падтрымліваў стасункі з ёю да канца яе жыцця.

У працяг тэмы прагучала пытанне: Чаму Вы, гуманітарый ад прыроды, сталі не філолагам, а вайскоўцам?. Я не шкадую, што чвэрць стагоддзя аддаў службе ў арміі. У мяне былі здольнасці і да гуманітарных, і да дакладных навук. Заўсёды паспяхова ўдзельнічаў у абласных алімпіядах па фізіцы. Але, калі я закончыў школу, мае дзве старэйшыя сястры вучыліся ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце. Я не мог узваліць на плечы бацькі яшчэ аднаго студэнта. А курсант ваеннага вучылішча быў на дзяржаўным забеспячэнні. Вось я і падаў дакументы ў Рыжскае ваенна-каманднае вучылішча. Не быў “белай варонай” ні ў вучылішчы, ні падчас службы. Пра дывізіён, які я ўзначальваў, пісала “Красная звезда”, да нас з візітам прыязджалі Генеральны сакратар ЦК КПСС Л.І.Брэжнеў і міністр абароны СССР Д.Ф.Усцінаў. Жылі мы, прадстаўнікі 19 нацыянальнасцей, адной дружнай сям’ёй, ніколі не крыўдзілі адзін аднаго за адрозненні ў звычаях і мове. Дарэчы, пра мову. Кожная нацыя, кожная мова дадзены людзям Богам, і кожны народ абавязаны берагчы сваю адметнасць і сваю мову. Мне вельмі баліць душа за нашу, беларускую. Да 17 верасня 1939 года людзі змагаліся за адкрыццё беларускіх школ, а зараз самі адмаўляюцца ад іх.

Усё жыццё сваё ганаруся
Нашай спадчынай – роднай мовай,
Прыгажуняй маёй, Беларуссю,
І яскравым бацькоўскім
словам.

Хочацца верыць, што здаровы сэнс пераможа, і мы не дапусцім знішчэння нашай мілагучнай і прыгожай мовы.

Нямала ў Галаскока вершаў пра жанчын і любую жонку. “Афіцэру вельмі цяжка без жаночай падтрымкі, і мы вельмі ўдзячны сваім дарагім сяброўкам.

Шэры дзень. Сівы голуб
за шыбай.
Хмары ў небе плывуць
за акном,
Я жывы. І лічу, што шчаслівы,
Пакуль разам з табою
жывём”.

Чытаючы ў “Працы” вершы Галаскока, зэльвенцы адзначаюць адметнасць яго гумару. Папрасілі і на імпрэзе ўзнавіць некалькі яго вясёлых твораў. Прагучалі “Дранікі”, “Абразанне”, “Клон”.

Не менш цікавыя ў Аляксея Пятровіча вершы для дзяцей. Як ні кажы: ёсць унукі – ёсць і нагода прысвячаць ім казкі, загадкі, жарты.

Натуральная і цікавая размова працягвалася каля дзвюх гадзін, якія прабеглі непрыкметна. Развітваліся са спадзяваннем на новыя сустрэчы.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены