Плён руплівай працы: падведзены вынікі конкурсу на самы духмяны каравай
Плён руплівай працы: падведзены вынікі конкурсу на самы духмяны каравай
Ніводнае значнае народнае свята не абыходзіцца без пышнага каравая, які сімвалізуе плён руплівай працы і яе вынік – шчодры ўраджай. Таму і на “Ганненскім кірмашы” разгарнулася выстава-конкурс кулінарнага майстэрства.

Лепшыя пекары зэльвенскіх сельскагаспадарчых арганізацый прадставілі свае работы на падворках. Кожны каравай быў сапраўдным творам мастацтва: са складанымі арнаментамі з цеста, кветкамі, каласамі і сімваламі роднага краю, Года беларускай жанчыны. Адназначна, жанчыны-майстрыхі ўклалі ў іх не толькі сваю душу, але і ўсё майстэрства, дабавілі рэцэптурных сакрэтаў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Журы і гасцям свята было няпроста вызначыцца з фаварытам, бо вочы разбягаліся ад прыгажосці, духмяны пах вабіў хутчэй пакаштаваць. Аднак пры ацэнцы звярталася ўвага на знешні выгляд, выпечанасць, а таксама на параметры, агавораныя ва ўмовах конкурсу.

Па выніках спаборніцтва пераможцамі сталі: Сынкавіцкі каравай за асаблівую прыгажосць і багацце афармлення.

2 месца заваявалі майстры з “Галынкі”, 3 – філіяла “Дабрасялецкі”.


А галоўнае, што прыз сімпатый землякоў і гасцей “Ганненскага кірмашу” застаўся ў памяці і на сэрцы, бо такімі шэдэўрамі хатняй выпечкі можна любавацца бясконца. Хочацца, каб традыцыі выпякання караваяў жылі і развіваліся. Бо гэта не проста духмяны пірог, а сапраўдны сімвал гасціннасці, міру і дабрабыту нашай зямлі, руплівай працы хлебаробаў.

Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX. Подписывайтесь по ссылке!






















