Чужых дзяцей не бывае, альбо Падарунак у першы вераснёўскі дзень

Чужых дзяцей не бывае — прытрымліваючыся такога меркавання, калектыў рэдакцыі аказаў невялікую дапамогу дзецям сям’і Малаш. 1 верасня завіталі ў госці не з пустымі рукамі – перадалі  грашовыя сродкі і “вітамінны” падарунак (гародніну і садавіну).

Рома і Жэня, гімназісты, толькі вярнуліся дамоў і ахвотна дзяліліся ўражаннямі ад свята першага званка, шматлікімі ўспамінамі пра лета. Так, Рома, другакласнік, любіць матэматыку і ўрокі па прадмету чакае з нецярпеннем. Жэню – вучня  6 класа– апошнім часам вабіць фізкультура: ён аддае перавагу футболу як віду спорту для моцных духам людзей і гэтай цікавай гульні гатовы аддаваць увесь вольны час. Але пры гэтым, як зазначыў Мікалай Мікалаевіч, іх тата, абодва хлопчыкі дапамагаюць яму і ў няхітрых хатніх справах.

Развітваліся з  гасціннымі гаспадарамі з цяплом у душы і радасцю на сэрцы. Дзень, ад якога кожны дарослы па традыцыі, што склалася з уласнай школьнай пары, чакае святла, дабрыні і прадчувае новыя шчаслівыя часіны, адбыўся.

Дзякуй вам за гэта, хлопчыкі. Няхай родная гімназія, родныя людзі прадоўжаць адкрываць для вас цікавыя старонкі кнігі жыцця, а ўсё задуманае абавязкова здзейсніцца!

Любоў ШЭЙКА

Фота: Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены