Доўгажыхарка вёскі Івашкавічы: “Лічу, што з людзьмі трэба жыць у згодзе, трымацца адзін аднаго”

– Заходзьце, заходзьце, будем знаёміцца, – з прыветлівай усмешкай запрашае мяне прайсці ў дом Алена Крокас. – Ці выглядаю я на 95 гадоў? – з парогу задае мне пытанне жанчына і, не дачакаўшыся адказу, заліваецца задорыстым смехам. Забягаючы наперад, скажу: гэта і ёсць адзін з сакрэтаў душэўнага стану доўгажыхаркі вёскі Івашкавічы. Лёсам ёй наканавана адзначаць два дні нараджэння, таму і святкуе адзін – у жніўні, другі – у студзені (апошні – па пашпарту).

ПРЫВЫЧНАЯ ДА ПРАЦЫ

Як успамінае суразмоўца, дзіцячыя гады былі нялёгкімі:

– Па ўспамінах мамы я нарадзілася, калі гарох быў у струках, а на полі жыта жалі і сена сушылі. У бацькоў нас было двое – я і малодшы брат.

Зямлі хапала, таму працаваць даводзілася шмат. І дзіцячая калыска пастаянна качавала за матуляй. Мне было чатыры гады, а брату ўсяго 9 месяцаў, калі памёр бацька.

Школа размяшчалася ў самой вёсцы, але адпраўляць дзяўчынку вучыцца маці не спяшыла: патрэбна была памочніца па гаспадарцы і ў полі. Аднак 4 класы польскай школы Алена ўсё ж скончыла. З чатырох гадзін раніцы яна была на нагах. З юнацкіх гадоў навучылася і палоць, і кароў пасвіць, і цягаць плуг, і ставіць стагі, і грузіць іх на павозку. А калі ў 1947 годзе арганізавалі калгас (агульны сход праходзіў у бацькоўскай хаце мужа), пайшла працаваць паляводам:

– Здароўем Бог не абдзяліў, таму сіл хапала на ўсякія работы. Рвала, слала і церабіла лён, капала бульбу, умела і сечкі нарэзаць, і на трактар заскочыць. Не баялася ніякай працы, куды ні пасылалі – усюды спраўлялася. Праўда, часта дапамагаў муж – вясковы хлопец, з якім сябравалі з юнацтва, дачакалася яго з вайны і ў лістападзе 1946 года пажаніліся. Ён працаваў у нас брыгадзірам.

Добра памятае Алена Іванаўна як будавалі хату. Прызнаецца, што вельмі цяжкая гэта справа. Жанчына, як будучая гаспадыня, не адыходзіла ні ад мужа, ні ад новабудоўлі:

– Праз два гады засяліліся. А ў хаце былі толькі печка і лава. Нажывалі дабро гадамі. А для гэтага трымалі вялікую гаспадарку: карову, свіней, іншую жыўнасць.

Многае за сваю бытнасць давялося перажыць жанчыне. Памятае, як варожыя атрады захапілі вёску, а яна разам з іншымі людзьмі ўцякала на хутар Лешна. Як пры адступленні немцы спалілі амаль усю вёску. Уцалела толькі некалькі хацін на “маніполі” (так называлі цэнтральную вуліцу). Як радня хавала яўрэйскага хлопчыка. Як дапамагала гадаваць чужых дзяцей (Бог не даў Крокасам сваіх).

– Дапамагала многім, а найбольш сям’і Жук. Лічу, што з людзьмі трэба жыць у згодзе, трымацца адзін аднаго. Тады і настрой будзе, і гадочкі будуць прыбаўляцца…

НА ВЁСЦЫ СЁННЯ ЖЫЦЬ ДОБРА

Алена Іванаўна да самай пенсіі працавала ў сельскай гаспадарцы. Большую частку стажу складае работа ў паляводстве і некалькі гадоў – на ферме.

– Хоць даяркай тады і цяжка было працаваць (уручную даілі кароў, насілі поўныя вёдры малака), засталася б на ферме і далей, – расказвае жанчына, – ды моцна захварэла. А калі падлячылася, пайшла зноў у паляводства, а адтуль – ужо на пенсію.

У канцы 70-х Алена Крокас пахавала мужа. Замуж больш так і не выйшла. Прызнаецца, што пачуцці былі толькі да аднаго мужчыны.

– Наш род вялікі быў, асабліва па мамінай лініі, жылі дружна, – прадаўжае жанчына

– Часта адныя да адных наведваліся. Я такая рухавая была, што ў Зэльву хадзіла пехатою. Ды і не так даўно, да гэтай эпідэміі, з лёгкасцю ў царкву хадзіла і назад вярталася. Трэба, дзеткі, як мага больш рухацца, тады і сілы будуць.

У цяперашні час, сцвярджае жанчына, ёй, ды і наогул пенсіянерам, добра жывецца:

– Каб толькі ў маёй маладосці столькі ўсяго ў магазінах было, як цяпер! А дзяржаўная дапамога якая…Патрэбны дровы – адзін званок – і трактар на падворку. Калі стала неабходнасць замяніць электраправодку, сацыяльная служба задарма ўсё зрабіла. З хатнімі справамі дапамагае мне спраўляцца сацыяльны работнік Вольга Шпетная. Вады прынясе, прадукты ў магазіне купіць, за лякарствамі з’ездзіць, у хаце прыбярэ.Часта і ў агародзе дапамагае, але я сама люблю папрацаваць на зямельцы. Хоць і не дазваляе мне Вольга, дык я раблю, каб яна не бачыла. І цыбульку, і клубніцы вясной палола, сама выгадавала расаду перцаў і памідораў. Зараз любуюся ўраджаем. Клапоцяцца пра пажылых і нашы медыкі. Урач Людміла Германовіч са Славаціцкай амбулаторыі то тэлефануе, то заязджае. Ціск памерае, таблеткі праверыць, параіць, калі якія лекі прымаць.

У 95-гадовым узросце Алена Іванаўна з задавальненнем выпісвае і чытае раённую газету. Асабліва цікавяць матэрыялы пра людзей, гісторыю раёна, сельскую гаспадарку. Аддае перавагу кнігам ваенный тэматыкі. Але як у глыбока веруючага чалавека, самым любімым заняткам застаецца чытанне Бібліі.

На маё пытанне пра сакрэт даўгалецця бабуля паціскае плячыма і з уласцівым ёй пазітывам кажа:

– У нашым родзе доўгажыхароў не было. Мама памерла ў 68-гадовым узросце. Бабуля з дзядуляй пражылі трошкі больш. А я вось і не ведаю, колькі Бог гадоў мне адмерыў. Напэўна, справа ў тым, што ніколі не сядзела без работы. Я працаголік, жыўчык і аптыміст. Ніколі не сумую: чаго плакаць, калі слязьмі гору не паможаш, абставіны не зменіш. Радуйцеся кожнаму пражытаму дню, кожнай новай сустрэчы, кожнаму добраму знаёмству. І яшчэ мая парада – не пасуйце перад цяжкасцямі, жывіце па сумленню, будзьце міласэрнымі і чалавечнымі. Адным словам – любіце жыццё і тых, хто вас акружае!

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены