Дарогамі франтавых гадоў. Па Зэльвеншчыне едуць “ваенныя агітбрыгады”

Напярэдадні юбілейнай даты вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў культработнікі раёна далучыліся да абласной акцыі “Ваенныя агітбрыгады”. У кожнай установе культуры створаны спецыяльныя калектывы, якія з канцэртнымі праграмамі наведваюць мікрараёны райцэнтра, сельскія населеныя пункты. Іх маршруты ляжаць не толькі ў аграгарадкі, але і ў аддаленыя маланаселеныя вёскі.

– Мэта акцыі – стварыць святочную атмасферу для ўсіх без выключэння зэльвенцаў, – паведаміла метадыст цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Якута.

Разам з агітбрыгадай дзярэчынскіх культработнікаў наш карэспандэнт адправілася ў вёску Алексічы.

Артысты Валянціна Лапа, Ганна Жамойціна і Валянціна Русецкая сёння ў ваеннай форме. На шчасце, гэта толькі канцэртныя касцюмы.

– Мы вырашылі аднавіць атмасферу далёкіх саракавых гадоў і пераўвасобіліся ў ваенную агітбрыгаду, каб як мага праўдзівей перадаць франтавую атмасферу. І сваю праграму назвалі адпавед-
на – “Песня да Перамогі вяла”, – расказала кіраўнік калектыву Валянціна Лапа.

Вяскоўцы такі фармат выступлення прынялі з захапленнем: канцэрт прайшоў прама на вясковай вуліцы. Артысты прадставілі гледачам музыкальны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Расказы вядучых аб франтавых песнях яшчэ раз нагадалі, як яны нараджаліся ў ваенных умовах. Напэўна менавіта таму яны не трацяць сваёй актуальнасці – іх ведаюць, любяць і сёння.

Пад баян, разам з культработнікамі вяскоўцы з настроем выканалі легендарныя “В лесу прифронтовом”, “Смуглянку”, “Синий платочек”, “Катюшу”…

– Артысты расчулілі да слёз, – прызналася 81-гадовая Соф’я Сончык. – Эмоцыі ў час такіх выступленняў стрымаць цяжка. У знак удзячнасці вяскоўцы зрэзалі ў палісадніку для культработнікаў самыя прыгожыя кветкі.

“Байцоў” агітбрыгады потым сустракалі ў аграгарадку Дзярэчын, Малой і Вялікай Угрыні.

Такія ж кранальныя сустрэчы сяльчан з артыстамі праходзяць у розных куточках раёна. Святлана Якута ўпэўнена, што канцэрты пад адкрытым небам запомняцца зэльвенцам:

– Праграмы вельмі душэўныя, і гэта аб’ядноўвае людзей, асабліва там, дзе няма ўстаноў культуры. На выступленні прыходзіць і малеча, і людзі больш сталага ўзросту.

“Ваенныя агітбрыгады” будуць ствараць святочны настрой жыхарам раёна да 3 ліпеня. Такія канцэрты – шчырая ўдзячнасць тым, хто адваяваў наша неба і падарыў яго нам чыстым і мірным.

“Ваенныя агітбрыгады” будуць ствараць святочны настрой жыхарам раёна да 3 ліпеня.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены