Даніна памяці. Увесь лістапад каталікі будуць маліцца за памерлых

Асаблівую ўрачыстасць хрысціяне каталіцкага веравызнання адзначаюць у першы дзень лістапада. Падчас набажэнства яны ўспамінаюць Усіх Святых і праз іх заступніцтва просяць святасці для сябе і сваіх блізкіх памерлых.

Як і першы дзень лістапада, так і актава, наступныя дні месяца прысвечаны перажыванню Таямніцы праўды веры аб апошніх справах чалавека, асаблівай памяці аб нашых памерлых, малітве за іх душы ў чыстцы, – адзначыў пробашч касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва ксёндз Яцэк Маркель, распачынаючы імшу. – Сёння свае думкі і сэрцы мы накіроўваем да Касцёла, які ўжо трыумфуе ў Валадарстве Нябесным. 2 лістапада аддадзім даніну памяці тым, каго няма разам з намі і хто патрабуе нашай шчырай малітвы. Кожны каталік павінен знайсці час для наведвання святыні, прыняцця Святой Камуніі, каб атрымаць адпушчэнне грахоў.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля, святар падкрэсліў важнасць для чалавека жыць з Богам, жыць у святасці:

Для гэтага, безумоўна, патрэбна шмат намаганняў. Гэтым нялёгкім шляхам стараліся ісці ў няпросты час нашыя продкі, бабулі і дзядулі, бацькі. Гэтай няпростай сцежкай прайшлі многія святыя, якія сваім прыкладам паказалі, як адкрыць сваё сэрца насустрач Пану. І перад кожным з нас ёсць выбар: з дапамогай Божай ласкі перамагаць усе перашкоды і разам з Ім цікава крочыць па жыцці, ці сесці і сумаваць у адзіноце і роспачы. Толькі наша сумленне дапаможа пачуць голас Хрыста, жыць з чыстым сэрцам і яснымі думкамі, адчуваючы Яго прысутнасць, а малітва дапаможа крок за крокам набліжацца да Айца Нябеснага.

Таксама ксёндз Яцэк акцэнтаваў увагу вернікаў, асабліва старэйшага пакалення, на тым, што хрысціянскія традыцыі павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Толькі сваім прыкладам мы пакажам дарогу да Касцёла сваім дзецям і ўнукам. Толькі сумеснымі малітвамі і духоўнымі разважаннямі заахвоцім іх прымаць удзел у святой імшы, ва ўрачыстасцях, у тым ліку такіх важных, як лістападаўскія.

Памяць аб памерлых павінна ўшаноўвацца ў кожнай сям’і, пачынаючы ад старэйшых і да самага малодшага чалавека з радні. У актаве Свята Усіх Святых, з 1 па 8 лістапада, кожны вернік можа атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў і дапамагчы памерлым, якія знаходзяцца ў чыстцы. Для гэтага неабходна выконваць некалькі абавязковых умоў. Па-першае, наведваць святыню, ахвяраваць святой імшой, якую нічым іншым замяніць нельга. Па-другое, дзейсным сродкам дапамогі душам з’яўляецца адгаворванне штодзённай малітвы ружанцовай. Крыжовы шлях, ахвяраваны за іх, таксама прыносіць ім палёгку. Дзейсныя спосабы цярпенне, міласэрнасць і добрыя ўчынкі. Запаленыя свечкі як акт памяці і любові, як свет у цемры для душ, наведванне магіл родных і блізкіх, акрапленне асвечанай вадой месца пахавання таксама палягчаюць пакуты. Хто пры жыцці ахвяроўвае адпусты, сам атрымае ласку поўнага адпушчэння сваіх правін.

Такая рэлігійная практыка павінна стаць абавязкам у кожнай сям’і, паколькі яна мае вялікае значэнне для кожнага хрысціяніна, для захавання памяці, прызнання веры.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены