Да Дню друку: Марыя Сячэйка – журналістка «Працы», без якой ніколі б не было рубрыкі «Твае людзі, Зэльвеншчына»

У 60-70-я гады мінулага стагоддзя па радыё часта гучала песня пра журналістаў, дзе былі такія радкі:

Трое суток шагать, трое суток не спать
Ради нескольких строчек в газете.
Если б снова начать, я бы выбрал опять
Бесконечные хлопоты эти…

Рамантыкай далёкіх дарог веяла ад гэтых слоў. А яшчэ – адданасцю сваёй нялёгкай прафесіі. Не ведаю, ці любіла гэту песню Марыя Пятроўна Сячэйка (тады яшчэ Чэчат), але што яна гатова была на штодзённы подзвіг дзеля Слова – бясспрэчна.

ПАДАРУНАК ЛЁСУ

Расла Марыйка ў мнагадзетнай сям’і ў в. Клімавічы Зэльвенскага раёна. Бацькі былі звычайнымі сялянамі, працавалі і на асабістай гаспадарцы, і ў полі. Сын і дочкі ва ўсім ім дапамагалі. Марыйка – малодшая – не адставала. Умела ўсё: і жыта жаць, і снапы вязаць, і лён трапаць, і сена стагаваць… Добра вучылася ў Галынкаўскай сярэдняй школе, асабліва з 5-га класа, калі адчула неадольную цягу да кнігі. Добра ведала беларускую мову і літаратуру.

Нядзіўна, што і дакументы на філфак Гродзенскага педінстытута падала. Напэўна б, і паступіла адразу, ды сарамлівую дзяўчыну напалохалі больш нахабныя абітурыенты. I яна, упэўненая, што з першай «чацвёркай» няма больш на што спадзявацца, забрала дакументы.

Летнія месяцы праляцелі ў звыклай сялянскай працы. А восенню пачала шукаць работу. Дапамог былы дырэктар школы Віктар Георгіевіч Вішнеўскі, які потым стаў працаваць у райкаме партыі. Ён і прапанаваў рэдактару раённай газеты М.М.Кузняцову кандыдатуру сваёй стараннай вучаніцы. Марыю адправілі на курсы, і з 1 студзеня 1967 года яна стала карэктарам «Працы».

Гэта быў, як лічыць сёння Марыя Пятроўна, падарунак лёсу. У газеце працавалі цудоўныя людзі. Сапраўдным бацькам быў для моладзі галоўны рэдактар Міхаіл Мікалаевіч Кузняцоў. Заўсёды гатовы былі прыйсці на дапамогу намеснік рэдактара І.І.Багіна і адказны сакратар А.П.Бяспалы. Гэтая тройка таленавітых журналістаў узяла пад сваю апеку былых рабселькораўцаў, аднагодкаў Марыйкі – Анатолія Дожына і Уладзіміра Карпука з Угрыні, Раісу Кутахіну з Залацеева, Ніну Лойка з Крывіч, Мікалая Шлыка з Конна, Аляксандра Глода з Мастоў і інш. Усе яны працавалі і завочна вучыліся ў розных навучальных установах.

Працаваць тады было няпроста. Набіралі газету ўручную, часта даводзілася затрымлівацца на рабоце. Але ніхто і не думаў скардзіцца. Hi на малыя аклады, ні на мноства абавязкаў. Маладыя і энергічныя, яны не адчувалі стомленасці, сапраўды гатовыя былі «трое суток не спать», толькі б зрабіць газету цікавай і змястоўнай.

Вельмі многія з тых, з кім пачынала працаваць Марыя, сталі вядомымі ў Беларусі і Расіі людзьмі. I яна не засталася без адукацыі. Наступным летам ужо не збаялася конкурсу, смела дайшла да канца іспытаў і стала студэнткай жаданага філфака. Вельмі любіла лекцыі прафесара А.Пяткевіча. I ён ганарыўся ёю, ставіў у прыклад іншым.

ЗАГАДЧЫЦА АДДЗЕЛА ПІСЕМ

Так здарылася, што па сямейных абставінах Марыя Пятроўна (ужо Сячэйка) на 10 год развіталася з Зэльвай. А калі вярнулася на радзіму, зноў прыйшла ў калектыў «раёнкі». М.М.Кузняцоў прапанаваў ёй работу на радыё. І хоць новая была для яе справа – згадзілася. Некалькі год выходзіла ў эфір з навінамі раёна. А ў 1989 годзе яе назначылі загадчыцай аддзела пісем. (З гэтай пасады і пайшла на заслужаны адпачынак). Гэта была яе стыхія. Як ніхто, яна ўмела знайсці агульную мову з актывістамі «Працы», зацікавіць іх, разгаварыць.

Шмат увагі ўдзялала Марыя Пятроўна святая святых загадчыка аддзела пісем – штомесячнай старонцы «Чытач – газета». Па некалькі разоў перачытвала атрыманыя пісьмы, званіла да адрасатаў, удакладняла факты. Раілася з калегамі, што падаць на старонцы цалкам, а што – часткова, што – без лішніх слоў, а што – з адпаведнымі каментарыямі. На названай старонцы можна было пазнаёміцца з умудроным жыццём чалавекам і яго парадамі, пачуць «думкі ўслых» пра жыццё-быццё сельскіх медыкаў ці культработнікаў; сустрэцца ў «радаводзе» са знаёмым чалавекам і прыгадаць свае карані.

Людзі пісалі і пра добрае, і пра благое. Калі што трэба было растлумачыць, удакладніць – Марыя Пятроўна абавязкова старалася змясціць адказы на пытанні чытачоў. Не хапала старонкі ў месяц – загадчыца аддзела пісем дапамагала вырашыць праблему ў больш аператыўнай падборцы «3 рэдакцыйнай пошты», «Даведачнае бюро чытача», «Ваша пісьмо трымалі…», «Пісьмо ў газету: і адказ на яго» і інш.

Тое, што газета «Праца» карысталася любоўю і павагай сярод землякоў, што ў 2006-м годзе атрымала Дыплом II ступені па выніках абласнога конкурсу на лепшы матэрыял пра адзінокіх людзей пажылога ўзросту, – немалая заслуга ў гэтым была і Марыі Пятроўны. Яна актыўна ўдзельнічала ва ўсіх конкурсах. У яе нарысах і замалёўках было столькі цеплыні і сардэчнасці, любові і спагады, што, не ведаючы герояў, чытач пранікаўся да іх даверам і цяплом.

Усе, пра каго пісала М.П.Сячэйка, з вялікай удзячнасцю гаварылі пра яе як пра прафесійнага журналіста і абаяльнага чалавека, які ўмеў знайсці патрэбны ключык да сэрцаў сваіх герояў. Марыя Пятроўна, як чалавек грунтоўны, знаёмілася з людзьмі няспешна, паступова. I пакуль не даведвалася пра ўсё, што цікавіла, «не адпускала» іх. Ды людзі не злаваліся: яны былі рады ўвазе і павазе, з якімі ставілася да іх вопытная журналістка.

У канцы яе матэрыялаў арганічна ўпляталіся і лірычны роздум ці каментарый аўтара, і разважанне героя. Некалькімі штрыхамі ўмела намаляваць вобраз чалавека, з якім знаёміла чытачоў. Як назіральны пейзажыст так магла расказаць пра вёску ці хутар, што чытач і сам як бы там пабываў разам з ёю.

АЎТАРСКІЯ РУБРЫКІ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ І СЁННЯ

Былі ў газеце рубрыкі, што ўзніклі дзякуючы Марыі Пятроўне і існавалі доўгі час выключна яе стараннямі. Асабліва ўдзячнымі засталіся жыхары невялікіх пасяленняў за аўтарскую рубрыку «Хутаране». «Неяк прыехалі на хутар Падбалоцце, дзе засталася жыць усяго адна сям’я, – успамінае Марыя Пятроўна. – Якраз у гэты час завіталі ў госці на былую сядзібу жыхары Ваўкавыска. Якім жа было іх здзіўленне, калі даведаліся аб мэце прыезду журналістаў. Вельмі дзякавалі за памяць і ўвагу да іх незабыўнага куточка. Далі свой адрас і папрасілі абавязкова выслаць газету з матэрыялам пра хутар і двух яго абарыгенаў».

Дзякуючы Марыі Пятроўне не знікалі з памяці людзей вось такія куточкі, а замалёўкі дапамагалі камусьці ўзнавіць свой радавод. Ды і нямала радасных успамінаў ускалыхвалі ў сэрцах былых жыхароў такія шчырыя публікацыі.

Стала любімай зэльвенцамі і яшчэ адна рубрыка, прапанаваная Марыяй Пятроўнай – «Твае людзі, Зэльвеншчына». Напэўна, не было ў раёне вёскі, дзе б ні пабывалі журналісты (у тым ліку і Марыя Пятроўна), шукаючы сустрэч з героямі гэтай рубрыкі. А колькі ветэранаў вайны прадставіла рубрыка «Радавыя Перамогі». I тут матэрыялы Марыі Пятроўны вызначаліся як назвамі, так і глыбокім пранікненнем у падзеі ваенных гадоў, у лёсы сівых ветэранаў. Актыўна дзейнічала на старонках газеты і рубрыка «Фота ваенных гадоў», дзе журналісты расказвалі пра гісторыі старых фотаздымкаў. За распрацоўку і падрыхтоўку матэрыялаў ваеннай тэматыкі М.П.Сячэйка была ўзнагароджана юбілейным медалём «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Валодаючы рознымі газетнымі жанрамі, перавагу Марыя Пятроўна ўсё ж аддавала нарысу. Тут было больш раздолля для яе назіральнасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі. Ведаючы яе «эпічную слабасць», рэдактар не шкадаваў месца для матэрыялаў сваёй надзейнай памочніцы. Бывала, што і ў двух нумарах трэба было шукаць расказ пра дарагіх Марыі Пятроўне людзей з глыбінкі.

Калі Марыя Пятроўна ішла ў водпуск, неяк няўтульна станавілася ў рэдакцыі. Не хапала яе гасціннасці, добразычлівасці, хоць нікога з «ПРАЦАўнікоў» нельга было ўпікнуць у адсутнасці гэтых якасцей. Проста яна як бы акумулявала ў сабе ўсё лепшае, што было ў кожнага члена калектыву.

P.S. Шмат гадоў свайго жыцця прысвяцілі працы ў Зэльвенскай “раёнцы” М.М. Кузняцоў, І.І. Васілеўка, М.І. Сяляўка, І.А. Шлык, С.У. Валодзіна, Л.І. Данец, Л.Ф. Пухоўская, С.Б. Ярыгіна, В.П. Сонец, А.М. Козел, Э.А. Сомава і многія іншыя.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены