Да Дня беларускага пісьменства. Знаёмім чытачоў «Працы» з творамі вядомых капылян.

Па традыцыі ў першыя выхадныя верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ён праходзіць ў Копылі, на радзіме многіх вядомых пісьменнікаў. Сярод іх – Алесь Адамовіч, Сцяпан Александровіч, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Ян Скрыган, Кузьма Чорны. Копыль – радзіма пісьменніка, дзяржаўнага дзеяча, акадэміка АН БССР Цішкі Гартнага (Зміцера Хведаравіча Жылуновіча). У час свята будзе адкрыты помнік яму, першаму старшыні часовага ўрада Савецкай Беларусі, члену ЦВК БССР і СССР.

3 верасня ў Палацы Рэспублікі прайшоў міжнародны круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора» з удзелам экспертаў з 10 краін свету.

Больш за сотню пісьменнікаў прыедуць на свята, каб сустрэцца з чытачамі, прэзентаваць новыя кнігі, паўдзельнічаць у публічных чытаннях, аўтограф-сесіях, іншых шматлікіх мерапрыемствах.

Знаёмім чытачоў «Працы» з творамі некаторых капылян.

Цішка Гартны
КАПЫЛЬ

Капыль, Капыль!
Маё мястэчка,
Вялікай Міншчыны
куток!
Мне міла ўсё тваё: і рэчка,
I хаты, нівы і гаёк…
Вакол яго снуе далінай
Шнурок вясёлы раўчука,
Якога нам, бы матка сына,
Спакон вякоў дала рака,
Што там магутна воду
гнала
I чоўны рэзвыя нясла,
Бурлівай хваляй ўзгорак
рвала
I крыгай мост стары
трасла…
А далей – вокал роўна
нівы
Свае шнуркі к гаям вядуць,
Што цёплым летам людзям
жніва
За працу цяжкую даюць.
На нівах густа разлягліся
Астаткі шведскае вайны,
Што ў час вяковы не звяліся
У траве зялёнай курганы.
Пад іх грамадаю маўкліва
Ваякаў слаўных косці
спяць,
Пайшоўшых смела
ў час прызыву
Свой родны край абараняць.
Між тых курганаў,
на адгону,
Высокі замак з цьмы вякоў
Устае, як сведка ўлады
і закону
Старых часоў,
сваіх князёў.
Калі ж паглядам далей
кінем
Туды, дзе ніў канец
ляжыць,–
Хваёвы бор, як вострым
клінам,
Сцяной зялёнаю стаіць.
Старыя хаткі сумна зніклі
3 зялёным мохам на страсе,
I спяць-маўчаць,
нібы прыціхлі,
Як заварожаны усе.

Анатоль Астрэйка
ВАГА СЛОВА

Словам можна выказаць усё,
Словам можна не сказаць нічога,
Абпаліцца, быццам аб касцёр,
Збіцца з непратоптанай дарогі.
Слова мае розную вагу,
То алмаз, то жэмчуг перацягне,
Ходзіць, бродзіць недзе на рагу
Ці грукоча вулканічнай магмай.
Як не звязаны паміж сабой,
Дык, як дубчыкі, не маюць сілы,
То атручваюць жыццё журбой,
То ўздымаюць лёс зямны на крылы.
Многа ёсць на свеце розных слоў,
Шчырых, цёплых, як бальзам, гаючых.
Я збіраю з ніў іх і з гаёў,
Толькі сцерагуся слоў балючых.
Ды ад іх няма куды ўцячы,
Безліч іх пад кожным плотам.
Сцеражыся, могуць апячы,
Нізавошта атруціць самотай.
Словы нам дарованы жыццём,
Каб мы з іх красе складалі песні,
Каб заўсёды чалавечы дом
Быў ад радасці і шчасця цесным.

***

Нарадзіўся я у маі,
Як сады вакол цвілі,
У наднёманаўскім гаі
Распявалі салаўі.
Маці кажа: «Угадала
Выбраць хлопчыку дзянёк.
Будзе ён музыка ўдалы,
Чарнавокі мой сынок».
Чаравалі мяне струны
Звонкіх сосен, шумных ніў,
Я душою шчырай песні
Краю роднага любіў.
Птушкі ў вырай адляталі,
Пакідалі песні мне,
Каб зімою не сціхалі,
Покуль вернуцца к вясне.
А як вечар ціх у клёнах,
Я хадзіў каля садоў,
Слухаў казкі улюбёных,
Слухаў песні салаўёў.
Не лічыў я сваіх вёсен,
Не адна з іх адцвіла…
I хоць скроні мае восень
Срэбрам густа абвіла,
А як гляну – расцвітае
Вольны, песенны мой край,
Сэрца ў радасці спявае,
Не дае старэць мне май.

Адам Русак
МАЯ АЙЧЫНА!

Добры дзень, мая Айчына,
Мой любімы край!
Зноў цвітуць твае палеткі,
Зноў красуе май!
Адгрымелі у прасторы
Громы навальніц.
Зноў я чую песні птушак,
Спеў жывых крыніц.
Пазіраю ў твае далі,
Абнімаю шыр.
Я нясу табе дар сэрца,
Звонкі спеў душы.
Не памераў нашай сілы
Вораг у той час,
Як разбойніцкую зграю
Ён збіраў на нас.
Не чакаў ён сваёй смерці
На палях тваіх,
Недарма ж ты гадавала
Нас – сыноў сваіх.
Няхай ветры ўсяму свету
Славу разнясуць
Пра байцоў, што йшлі на бітву
За тваю красу.
Зноў цвітуць твае прасторы,
Зноў красуе май.
Добры дзень, мая Айчына,
Мой любімы край!

КАПЫЛЮ СЕМСОТ ГАДОЎ

Беларускі гарадок наш
На гарах стаіць высокіх,
Пра яго легенды ходзяць
3 глыбіні вякоў далёкіх.
Пра яго жывуць быліны,
Як з нядоляй не мірыўся,
Як у часе грознай бітвы
Ён чужынцам не скарыўся.
Як у грукаце гарматным
Бушавала навальніца
I як брат абняўся з братам,
Калі знікла тут граніца.
За капыльскімі гарамі
Ураджай багаты родзіць,
На капылянскія горы
Толькі дужыя ўзыходзяць.
Я з майго сяла Пясочна
Бачу ўсе яго прыкметы,
Тут раджаюцца героі,
Тут раджаюцца паэты
Над капыльскімі гарамі
Уздымаюцца будовы,
Тут са славай капыляне
Сустракаюць дзень свой новы.

Служба iнфармацыi газеты «Праца»

Інфармацыйныя і актуальныя навіны Зельвенскага раёна ў нашым Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке

Вам может быть интересно

Комментарии отключены