“Чым жывеш, аграгарадок?”: працягваем міні-праект, накіроўваючыся ў Бародзічы

Сёння аграгарадок Бародзічы, бадай, адзін з самых адметных на карце Зэльвеншчыны. Месца для жыцця тут вельмі выдатнае: непадалёку ад райцэнтра, у крокавай даступнасці чыгуначная станцыя, прыгожая прырода і цэлы комплекс узаемазвязаных абслугоўваючых аб’ектаў. Кіраўніцтва мясцовых сельгаспрадпрыемства, сельвыканкама і работнікі ўстановы культуры робяць усё дзеля таго, каб аграгарадкоўцы жылі камфортна.

– Вёска наша заўсёды была прыгожай, – уступае ў размову адна са старэйшых бародзіцкіх жыхарак Марыя Шлык, якая першай сустрэлася на нашым шляху-падарожжы па населеным пункце. – Сюды мы з мужам пераехалі ў пачатку 60-х гадоў. На той час было вельмі прэстыжным будавацца ў Бародзічах. Спачатку набылі невялікую хатку на ўскраіне, а затым купілі пляц і пачалі ўзводзіць свой дом.

Даволі зручна размяшчаліся тут вытворчыя і сацыяльныя аб’екты: у цэнтры – праўленне калгаса, установы адукацыі і культуры, магазін. Прыкладна ў 1967 годзе былі закладзены парк і алея Перамогі, адкрыты помнік загінулым у гады вайны землякам і курган Памяці.

– Заўсёды добрасумленна працавалі механізатары, жывёлаводы, паляводы пад умелым кіраўніцтвам старшыні калгаса Уладзіміра Кашуткіна, – працягвае субяседніца. – Калгас імя Леніна быў у ліку перадавых у раёне і тады, калі пераемнікам Уладзіміра Зіноўевіча стаў Аляксандр Прэдка.

–       Кіраўніцтвам калгаса яшчэ ў 80-я гады ўдала вырашалася адна з самых важных задач – будаўніцтва вёскі, – дапаўняе зямлячку былы стараста населенага пункта Іван Попка. – На вачах вырасталі жылыя сядзібы, капітальна рамантавалася дарога, узводзіліся прыгожыя агаро-джы, быў падведзены газ.

Як сцвярджае старшыня Зэльвенскага сельвыканкама Мікалай Гардзейка, у свой час па выніках месячнікаў па культурна-бытавым будаўніцтве сельсавет займаў прызавыя месцы ў раёне. Пастаянна праводзілася спаборніцтва за званне “Двара ўзорнага парадку”. Таму кожны гаспадар дбаў пра чысціню і добраўпарадкаванне свайго падворка. Падтрымка сельскага камітэта і мясцовых жыхароў ініцыятыў сельвыканкама паступова перарасла ў добрую традыцыю. Разам удавалася вырашаць шмат надзённых праблем. Адна з якіх – добраўпарадкаванне тэрыторыі могілак і вуліц населенага пункта.

Завіравала жыццё ў вёсцы, калі ў новыя катэджы, будаўніцтва якіх фінансавалася мясцовай гаспадаркай, засялілася некалькі дзясяткаў маладых сем’яў. А праз некаторы час прыветліва адчыніў дзверы дзіцячы яслі-сад. Гэта была не проста дашкольная ўстанова, а цэлы комплекс са спартыўнай і музычнай заламі, гульнёвымі пакоямі, экалагічнымі куткамі і басейнам. Былі ўведзены ў эксплуатацыю стадыён, дом механізатара, пачалося асфальтаванне вуліц.

Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі якасна змяніла многае. Гладкія дарогі і новыя шырокія тратуары на цэнтральнай вуліцы адразу прыдалі сучасны выгляд аграгарадку. Сапраўдным цэнтрам ведаў стаў рэканструяваны дзіцячы сад-базавая школа (зараз дзіцячы сад-пачатковая школа). Для пяцідзесяці дашкольнікаў і амаль трыццаці школьнікаў тут створаны камфортныя ўмовы. Матэрыяльнае абсталяванне і прыемная каляровая гама прасторнай актавай і спартыўнай залы,сталовай, спальні, вучэбных кабінетаў – усё вабіць вока. Уражваюць творчыя ідэі работнікаў установы па афармленні кабінетаў, дваровай тэрыторыі.

– Мы, бацькі, вельмі задаволены не толькі тым, як арганізаваны працэс навучання і выхавання ў навучальнай установе, – адзначае мнагадзетная маці Ірына Лаўрэнка. – Летам дзетвара адпачывае ў школьным аздараўленчым лагеры. Свежае паветра, рацыянальнае харчаванне, спланаваны вольны час – нашы дзеці растуць здаровымі.

У 2007 годзе быў абноўлены яшчэ адзін аб’ект – аддзел па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка Бародзічы.

– Кожнае свята ў аграгарадку – гэта падзея, – дзеліцца ўражаннямі былая настаўніца Валянціна Дожына.
– Дзіву даюся, адкуль толькі нашы культработнікі бяруць ідэі. Такія мерапрыемствы не толькі развіваюць культуру вяскоўцаў, але і садзейнічаюць фарміраванню добрасуседскіх адносін.

Як расказала мастацкі кіраўнік установы Вольга Ляскевіч, пры аддзеле працуюць танцавальны, мастацкі, тэатральны і два вакальныя гурткі. Рэгулярна праходзяць пасяджэнні сямейнага клуба. Дзеці і падлеткі наведваюць спартыўнае аб’яднанне “Здоровячок”. Кожныя выхадныя для моладзі арганізоў-ваюцца дыскатэкі, якія суправа-джаюцца гульнёвымі праграмамі. Да паслуг насельніцтва – тэнісны стол, шахматы і шашкі, спартыўныя спаборніцтвы. Нельга не адзначыць актыўную дзейнасць самадзейнага калектыву, які выступае не толькі ў аграгарадку, але і ладзіць святы вёсак, юбілейныя вечарыны для жыхароў аддаленых маланаселеных пунктаў.

Багаты кніжны фонд бібліятэкі. Дзеці і падлеткі тут могуць знайсці ўсю праграмную літаратуру. Асаблівым попытам карыстаюцца творы на беларускай мове. Дарослыя больш цікавяцца разнастайнымі часопісамі.

– Важным у рабоце бібліятэкі лічу своечасовае аднаўленне выстаў, – прадаўжае Валянціна Дожына. – Як толькі штосьці новае з’яўляецца, яно тут жа – на паліцы. Кожны наведвальнік – у курсе сучасных падзей.

Не маглі не зайсці ў аддзяленне паштовай сувязі, дзе жыхарам прапаноўваецца шырокі спектр паслуг – ад падпіскі на перыядычныя выданні да здзяйснення розных відаў плацяжоў.

– Вельмі зручна, што тут можна аплаціць камунальныя паслугі і купіць прадуктовыя тавары, напрыклад, чай, макароны, пячэнне, – адзначае пенсіянерка Ніна Кніга. – Бывае нават танней, чым у магазіне. Ніколі не ўпускаю магчымасці набыць часопісы з карыснымі парадамі, крыжаванкамі.

У самым цэнтры аграгарадка знаходзіцца адміністрацыйны будынак сельскагаспадарчага прадпрыемства “Бародзічы”. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці мяса буйнай рагатай жывёлы і малака, вырошчванні збожжа, рапса, бульбы і цукровых буракоў.

– Больш прадукцыі – большы прыбытак, – такога погляду прытрымліваецца дырэктар прадпрыемства Аляксандр Засценчык.

У мінулым годзе бародзіцкія жывёлаводы рэалізавалі больш чым 7400 тон малака,  мяса ў жывой вазе – больш чым 950 тон. Па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і збожжабабовых культур пры валавым зборы 8486 тон і пры ўраджайнасці 55,5 ц/га “Бародзічы” занялі I месца ў раёне.

Сёння тут дзейнічаюць 8 жывёлагадоўчых ферм, 3 вытворчыя брыгады ў раслінаводстве, 2 мехдвары і 2 мехмайстэрні. Працуе больш чым тры сотні чалавек. Прозвішча механізатара Сяргея Лабады сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Многія вяскоўцы ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяцілі гаспадарцы. Добры прыклад падаюць вопытныя вадзіцелі і механізатары, загадчыкі фермаў і аператары машыннага даення, іх веды пераймаюць маладыя спецыялісты.

За вытворчымі вынікамі стаяць адказныя і працаздольныя людзі, а кіраўніцтва гаспадаркі стварае для іх належныя сацыяльныя ўмовы. Згодна з калектыўным дагаворам ёсць шэраг ільгот і матэрыяльных дапамог. Новым работнікам прадастаўляецца добраўпарадкаванае жыллё ў прэзідэнцкіх доміках, з якіх вырас ужо цэлы прыгожы мікрараён.

– Пасля заканчэння Ваўкавыскага аграрнага каледжа па размеркаванні прыехала працаваць у Бародзічы, – расказвае бухгалтар Кацярына Барадзюк. – Не ўзнікла пытанняў ні з месцам працы, ні з жыллём. Адразу за мной замацавалі вопытнага спецыяліста Валянціну Дзікевіч, якая ніколі не адказвае ў кансультацыі. Жыву з камфортам у асобным пакоі 3-кватэрнага дома.

Вераніка Курстак, малады аграхімік, прытрымліваецца думкі, што ў гаспадарцы ёсць усе ўмовы для прымянення ведаў на практыцы, а таксама павышэння прафесійнага ўзроўню. Маладым людзям імпануе, што ў аграгарадку ёсць магчымасць цікава правесці свой вольны час, шмат увагі ўдзяляецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

– Добра жывецца і маладым сем’ям, – падтрымлівае размову Вольга Плюшчэвіч. – Мы з мужам як маладыя спецыялісты прыехалі ў СВК 13 гадоў таму. Я працавала дыспетчарам, муж – галоўным бухгалтарам. Кіраўніцтва выдзяліла нашай сям’і дом у новым мікрараёне: 3 вялікія пакоі, кухня, веранда, вода-, газазабеспячэнне, прысядзібны ўчастак 6 сотак. Што яшчэ трэба для камфортнага жыцця?! На баро-дзіцкай зямлі ў нас нарадзіўся сынок. Дарэчы, на нашай вуліцы багата дзяцей – паглядзіце, колькі малюнкаў на асфальце!

– У Бародзічах удала аб’ядналіся добрыя вясковыя традыцыі з камфортнай цывілізацыяй. Сюды хочацца не проста прыязджаць, а застацца назаўсёды. Мы плануем з цягам часу таксама пераехаць у аграгарадок, – дзеляцца планамі госці-гараджане, тым самым яшчэ раз пацвярджаючы: населены пункт жыве, развіваецца, і яго будучае залежыць ад людзей, якія тут жывуць.

Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.