Як працуе Зэльвенская раённая бібліятэка?

ХТО ПРАДАЎЖАЕ БІБЛІЯТЭЧНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ

Нягледзячы на імклівы час, які прыводзіць да значных змяненняў у грамадстве, роля бібліятэк у жыцці зэльвенцаў не зніжаецца.

Дзясяткі гадоў запыты чытачоў задавальнялі 42 бібліятэкі, аб’яднаныя ў цэнтралізаваную сістэму – ЦБС. Зараз сетка бібліятэк дзяржаўнай установы культуры “Зэльвенская раённая бібліятэка” складаецца з 10-ці ўстаноў, уключаючы раённую і сектар па абслугоўванні дзяцей у ёй. На сяле, акрамя традыцыйнай формы – сельская бібліятэка, дзейнічаюць інтэграваныя бібліятэкі і бібліятэкі-клубы.

Добрай памочніцай усім названым установам стала “бібліятэка на колах” – бібліёбус. У гэтым годзе ён абслугоўвае 33 населеныя пункты, у якія па пяці маршрутах вязе літаратуру па запытах чытачоў Марына Варабей. (“Праца”, між іншым, рэгулярна знаёміць з графікам штомесячных выездаў).

Сукупны кніжны фонд бібліятэк дазваляе задаволіць запыты ўсіх катэгорый насельніцтва: больш за 70 экзэмпляраў кніг і брашур прыходзіцца на аднаго чытача. Толькі папяровых выданняў. А бібліятэка прадстаўляе і сучасныя сродкі – электронныя дакументы.

Так што толькі не лянуйцеся, прыходзьце ў бібліятэку: без добрай кнігі ці належнай інфармацыі не застанецеся. Інфармацыі не толькі, так сказаць, глабальнай, але і самай неабходнай, бытавой (расклад руху транспарту, напрыклад, нумары тэлефонаў арганізацый).

АСНОЎНЫЯ НАКІРУНКІ ДЗЕЙНАСЦІ БІБЛІЯТЭК

Бібліятэкі раёна працуюць у адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі на пяцігодку (2021 – 2025 гг): “Культура Беларусі”, “Сацыяльная абарона”, “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” і інш. Сёлета асаблівую ўвагу ўдзяляюць мерапрыемствам да Года міру і стваральнай працы.

Больш за 600 самых розных дзей арганізуюць кніжніцы, каб заахвоціць як мага больш людзей да знаёмства з багацейшым вопытам чалавецтва, што захоўваецца ў кнігах.
Да традыцыйных форм і метадаў работы з чытачамі далучаюцца сучасныя: віртуальныя экскурсіі, рэтра-падарожжы, анлайн-праекты, слайд-прэзентацыі і г.д.

Зыходзячы з магчымасці фондаў і эрудыцыі саміх работнікаў канкрэтных бібліятэк, вядзецца работа па асабістых, персанальных праектах. Сектар раённай бібліятэкі па рабоце з дзецьмі паспяхова рэалізуе праект “Адпачываем з кнігай: летняе чытанне” (Алена Мазалеўская, Дар’я Лях). Бібліятэкары Бародзіцкай (Жанна Макарэвіч) і Крывіцкай (Ларыса Кузьміч) бібліятэк зацікавілі сваіх наведвальнікаў экалагічнымі праблемамі (іх праекты адпаведна “Экалогія. Кніга. Мы” і “Зберажэм планету разам”).

Валянціна Ступчык са Славаціцкага клуба-бібліятэкі, добра ведаючы старэйшых сваіх чытачоў, прапанавала ім прыняць удзел у ініцыятыве “Нясумныя сустрэчы”. Праект, здаецца, прыжыўся і можа існаваць яшчэ не адзін год.

Прымаюць нашы бібліятэкары ўдзел і ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэкар – асяродак нацыянальнай культуры”. Сёлета гэта быў ужо 31-ы па ліку конкурс. І вельмі шчаслівы для зэльвенцаў: першынство ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” заваявала Елкаўская сельская бібліятэка (Алена Дзянішчык).

Тут трэба абавязкова адзнадыць, што гэта перамога руплівага бібліятэкара не першая: у 2015 дізе Елкаўская бібліятэка атрымала Дыплом І ступені дадзенага конкурсу ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючага пакаленнем”.

Несумненна, бібліятэкары вельмі зацікаўлены ў рэкламе і прапагандзе літаратуры, што лечыць душу: узорнай мастацкай паэзіі і прозы. І тут, вядома, адразу згадваюцца Зэльвенскія сакавіны – своеасаблівы брэнд нашай зямлі.

Шмат намаганняў прыкладваюць бібліятэкары, каб кожны прыезд гасцей стаў значнай падзеяй для падрастаючага пакалення ды і людзей сталага веку.

Любоўна арганізуюцца кніжныя выставы “Творы гасцей Сакавін”, дзе прадстаўлена лепшае з кніг і перыёдыкі, створанае чарговымі творцамі.

А пералік таленавітых беларускіх паэтаў і празаікаў, што наведалі дзякуючы бібліятэкарам Зэльву, проста неверагодны. Гэта і кампазітары Алег Елісеенкаў, Эдуард Ханок (бо Сакавіны сталі святам не толькі паэзіі, але і музыкі), паэты Мікола Маляўка, Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Казімір Камейша, Мікола Чарняўскі, Міхась Пазнякоў, Віктар Шніп…

Які раён можа пахваліцца такім суквеццем талентаў, што дораць Сакавіны?!
Бібліятэка рыхтуе сустрэчы з творцамі і ў дні Ганненскіх кірмашоў. Памятныя выступленні гродзенцаў Людмілы Кебіч, Пятра Сямінскага, Галіны Самойла, Валянціны Драбышэўскай; зэльвенцаў Ірыны Данік, Людмілы Воранавай Супрун, Ірыны Войтка, Алены Кароза, Валянціна Семянякі, Святланы Літвінчык… Сёлета мясцовыя паэты выступалі ў рамках святкавання 765-гадовага юбілею пасёлка.

Асаблівай прыцягальнасцю карыстаюцца прэзентацыі зборнікаў паэзіі нашых землякоў. Так было з выдадзенымі самой бібліятэкай кнігамі Алены Кароза, Вольгі Ляскевіч, Генадзя Нічыпара, Святланы Патаповіч, Валянціна Семянякі, Ніны Поршневай; калектыўнымі зборнікамі да Ганненскага кірмашу ці да Дня маці.

Выдавецкая дзейнасць біблiятэк увогуле рэч унікальная. Гляньце ўважліва на выставы ў чытальнай зале ці абанеменце: там буклеты раскажуць пра нашых вучоных Антона Жэбрака, Паўла Сцяко, Уладзіміра Клубовіча; Герояў Паўла Жданава і Аляксандра Жамойціна; мастакоў і паэтаў… Да юбілею Зэльвы на выставе “Зэльвеншчына: тут радзімы маёй пачатак” такіх буклетаў і дайджэстаў можна было пабачыць вельмі шмат.

Думаецца, бубуць вельмі запатрабаваны матэрыялы пра падзеі мінулай вайны, асаблiва чэрвеня 1941 года. У мінулым годзе ў бібліятэцы чытачы сустракаліся з аўтарам кніг пра трагічнае адступленне Чырвонай Арміі – Мікалаем Чаркашыным. Яго кніга “Лес прострелянных касок” – падарунак бібліятэцы – якраз і расказвае пра Зэльвенскі кацёл і зэльвенскі прарыў. Дык вось, бібліятэкары выдалі некалькі буклетаў пра той перыяд. Абавязкова пазнаёмцеся!

Шэраг мерапрыемстваў бібліятэка рыхтуе разам са школьнымі бібліятэкарамі, цэнтрам культуры і народнай творчасці, цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Напрыклад, клубы па інтарэсах раённай бібліятэкі і клубы ЦСАН у гэтым годзе ўжо парадавалі прыхільнікаў паэзіі і песні некалькімі імпрэзамі з нагоды юбілеяў з дня нараджэння вядомых беларускіх і расійскіх паэтаў-песеннікаў. Разам рыхтавалі і прэзентацыю кнігі Юркі Голуба “Дыханне трыснягоў” да 75-гадовага юбілею знакамітага земляка.

ПРАВАВАЯ І ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Важна не забыць сказаць некалькі слоў пра фарміраванне прававой культуры насельніцтва ў сценах бібліятэкі. Важна таму, што многія – не чытачы бібліятэкі – могуць пра гэта не ведаць.

Дык вось: у бібліятэках працуюць публічныя цэнтры прававой інфармацыі, асновай для работы якіх з’яўляецца “Эталонны банк дадзеных прававой інфармацыі”. У ім прадстаўлены ўсе заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь.

Ёсць у цэнтры і папяровыя носьбіты інфармацыі, фонд якіх даволі ўнушальны – каля 2,5 тыс. экз. Ён пастаянна абнаўляецца, бо, як кожны разумее, састарэлыя па змесце законы ўжо неактуальныя.

Цэнтры супрацоўнічаюць з юрыстамі, арганізуюць сустрэчы з адвакатамі, натарыусам. Анонс гэтых сустрэч нярэдка дае і “Праца”.

Як бачым, багаты папяровы фонд, наяўнасць камп’ютараў і інтэрнэту даюць магчымасць наведвальнікам атрымаць і асалоду ад кнігі, і адказы на ўсе хвалюючыя пытанні. Не абмінайце бібліятэкі!

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены