Чеслава и Чеслав Зубелевичи: одно имя на двоих

8443

Многія бацькі сваім дзецям даюць імя аднаго з членаў сям’і, бо лічаць, што ў будучым гэта дапаможа ім больш яскрава адчуць прыналежнасць да роду. Аднак даволі рэдкі выпадак, калі цёзкамі з’яўляюцца муж і жонка. Калі ж і сустракаюцца сярод сямейных пар супадзенні, то яны больш звыклыя – Аляксандр і Аляксандра, Валерый і Валерыя, Валянцін і Валянціна. Мы ж знайшлі эксклюзіў – Часлаў і Часлава.
Наконт іншых сямейных пар Часлаў і Часлава Зубялевічы сцвярджаць не бяруцца, а ў тым, што менавіта магія імён прынесла ім амаль тры дзесяцігоддзі сямейнага шчасця, упэўнены.
– Ні ў школе, ні ў інстытуце ў мяне не было ніводнай цёзкі, тым больш дзяўчыны, – расказвае Часлаў Раманавіч. – Лічу, што лёс падарыў мне прыемны бонус: з жонкай мы зусім не падобны па характары, затое выдатна дапаўняем адзін аднаго ў сямейным жыцці.
Першае спатканне адбылося ў далёкім і такім дарагім іх сэрцам 1987-м. Яна вучылася ў Горацкай акадэміі. Ён ужо працаваў у землеўпарадкавальнай службе ў Зэльве і прыехаў у Горкі на курсы. На адной з інтэрнацкіх вечарынак зацікавіўся мілавіднай студэнткай. Як і належыць мужчыне, першы падышоў, каб па-знаёміцца.
–Гутарка завязалася сама сабой, – успамінае Часлаў Зубялевіч. – Літаральна праз некалькі хвілін мы размаўлялі як добрыя прыяцелі, і мне здавалася, што гэтую дзяўчыну я ведаю ўсё сваё жыццё. Калі высветлілася, што мы цёзкі, то гэты факт мне здаўся спачатку смешным, а потым – лёсавызначальным.
Пасля заняткаў сустракацца сталі кожны дзень. Але тры тыдні курсаў праляцелі хутка, і Часлаў паехаў на працу ў Зэльву.
–Пачалі перапісвацца, – уключаецца ў размову Часлава Вітольдаўна. – Лісты ад Часлава мне прыходзілі амаль штодня, і я адпісвала не з меншай рэгулярнасцю. Як сёння памятаю: не адзін раз тайком перачытвала яго пісьмы на лекцыях. Кажуць, што характар і душу чалавека на адлегласці не распазнаеш. А я ўбачыла тады ў яго пасланнях галоўнае – надзейнасць, пры-стойнасць і спагадлівасць.
Праз паўгода Часлаў і Часлава сыгралі вяселле. Пытанне выбару месца жыхарства не паўстала: атрымаўшы дыплом бухгалтара, маладая жонка паехала за мужам на Зэльвеншчыну. Пачынала працаваць у райсельгасэнерга. Была намеснікам галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі. Займала пасаду галоўнага бухгалтара Белдзяржстраху. У працоўнай кніжцы Часлава Раманавіча пазначана адно месца працы – землеўпарадкавальная служба Зэльвенскага райвыканкама.
Яшчэ з маладосці Зубялевічы ўзялі за правіла ўсе сямейныя праблемы вырашаць разам, не тоячыся адзін ад аднаго. І гэта заўсёды спрацоўвала, не даючы канфлікту разгарэцца.
–Сур’ёзных сварак у нас ніколі не было. А калі ўзнікалі якія-небудзь непаразуменні, то спакойны і разважлівы Часлаў заўсёды ўмеў патушыць іскру сваёй усмешкай, цёплым позіркам, – шчыра прызнаецца жанчына.
–Як правіла, пасля святаў заўсёды наступаюць будні, – падтрымлівае жонку разважлівы Часлаў Раманавіч. – Так і ў сямейным жыцці бываюць розныя перыяды, розныя выпрабаванні. Аднак калі ты знайшоў сваю палавінку, то ўжо не ўяўляеш сябе без самага блізкага і роднага ў свеце чалавека. Узаемаразуменне – той трывалы падмурак, на якім трэба будаваць адносіны.
Часлава Вітольдаўна падтрымлівае ўсе захапленні мужа. У вольны час Часлаў Раманавіч любіць пася-дзець з вудай. Не так даўно знайшоў яшчэ адну справу па душы – пачаў займацца пчалярствам.
–А што галоўнае для вас у жыцці? – пытаюся ў Чаславы Зубялевіч.
–Ніякая, нават самая высокая, пасада не заменіць тыя радасці і шчасце, што прыносяць дзеці і ўнукі, – не задумваючыся адказвае мая суразмоўца.
Зубялевічам удалося стварыць такую сям’ю, дзе ўсе заадно, дзе кожнаму баліць за іншага, дзе спакойна і надзейна. Хоць сыны Яраслаў і Эдвард ужо дарослыя, раз’ехаліся з роднай хаты, але сэрцы бацькоў заўсёды поўныя клопатаў пра іх. А яшчэ больш – пра любімага ўнучка Станіслава. Сёння менавіта ён – самая галоўная радасць і сэнс жыцця для бабулі і дзядулі.
Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.