15 ліпеня 400-гадовы юбілей адзначыць парафія Божага Цела вёскі Крамяніца

15 ліпеня 2017 года адна са старажытнейшых парафій Зэльвеншчыны – парафія Божага Цела касцёла святога Юрыя вёскі Крамяніца – адзначыць 400  гадоў свайго існавання.

Мястэчка Крамяніца

Мы не памыліліся, назваўшы невялікую зараз вёсачку мястэчкам. Хоць  дакументальна законнасць гэтага тытулу не пацверджана, тым не менш, Крамяніца ўспрымалася як мястэчка ажно да паловы XIX стагоддзя. Гэтак абазначана яна і на вядомай гісторыкам карце Тамаша Макоўскага 1613 года. А ўпершыню мясцовасць згадваецца ў 1498 годзе. Менавіта тады Мікалай Юндзілавіч Рачковіч разам з братамі Янам Паўлам і Шымкам атрымаў ад вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Аляксандра Ягелончыка па-цверджанне аб пераходзе ва ўласнасць Крамяніцы, што раней належала бацьку Юндзілу, а перад ім –дзеду Рачку. (Значыць, існавала Крамяніца як мінімум на гадоў 60 раней 1498 года). Да 1507 года Крамяніца ўваходзіла ў Ваўкавыскі павет Троцкага ваяводства, а з 1507-га і да падзелаў Рэчы Паспалітай належала Навагрудскаму ваяводству. Вось у гэтай мясцовасці нашчадкі Рачка і вырашылі пабудаваць у пачатку XVII стагоддзя касцёл.

Фундатары і творцы касцёла

У 1617 годзе віцебскі кашталян Мікалай Вольскі з жонкай Барбарай з Войнаў запрасілі ў Крамяніцу кракаўскіх канонікаў латэранскіх на душпастарскую службу. Віленскі біскуп Яўста-фій Валовіч даў згоду на іх запрашэнне, і 1 жніўня 1620 года Вольскія ў прысутнасці ксяндза Юзафа Юдыновіча і некалькіх цывільных асоб склалі акт аб перадачы часткі сваёй маёмасці на карысць распачатага будаўніцтва касцёла і кляштара. У карыстанне канонікаў латэранскіх яны перадавалі фальварак Астраўшчызна, вёску Марцінавічы з падданымі і зямлёй, сенажаць каля в. Падбалоцце, землі каля Вейшыч і фальварак Кватэры. Сваё рашэнне Вольскія аргументавалі трывогай за духоўнае жыццё людзей: «Хворыя паміраюць у грахах, а дзеці растуць без хросту», – пісалі яны ў акце. Для сябе Вольскія прасілі толькі святой Імшы кожную сераду (пакуль яны жывыя) і памінальных штогадовых набажэнстваў пасля іх канчыны. Ні Мікалай, ні Барбара не дачакаліся заканчэння будаўніцтва так жаданай імі святыні. Гэта зрабіў у 1629 годзе іх сын Казімір. Ён жа ўвекавечыў памяць пра дарагіх бацькоў надмагільным помнікам у касцёле. Творцы прымянілі такую ары-гінальную кампа-зіцыю, што яна здзіўляе і сёння. Але дзякуючы мастаку Станіславу Янушэвічу, які ў 1853 годзе ўвекавечыў надмагілле, мы можам убачыць яго з усімі скульптурамі, балюстрадай, калонамі, картушам з гербамі і іншымі ўпрыгожаннямі. (А захоўваецца акварэль Янушэвіча ў адным з музеяў Масквы). Помнік Вольскім ствараўся у 1630 годзе, а ўжо у 1639-м Казімір вымушаны  быў развітацца са сваімі ўладаннямі. Выкупіла іх Аляксандра Сабеская, удава Кшыштафа Весялоўскага, якая і перадала права карыстання святыняй кляштару святой Брыгіты ў Гродне. Казімір яшчэ паспеў разам з ксяндзом Янам Корсакам стварыць Ружанцовае брацтва, кіраваў якім Часлаў Байер. (Заўважым адразу, што пазней пры касцёле будуць дзейнічаць і іншыя супольнасці: Шкаплернае, Жывога Ружанца, Цвярозасці, III Закона і інш.). Ад пачатку існавання крамяніцкі касцёл належаў да Ваўкавыскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. Таму і кансэкравана святыня як касцёл Божага Цела і Унеба-ўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі віленскім біскупам Янам Завішам. Асвячэнне прайшло толькі праз 30 гадоў з дня пабудавання храма – у 1657 го-дзе. Прычына, хутчэй за ўсё, банальная – фінансавыя цяжкасці. Адначасова з касцёлам былі асвечаны і ўжо існуючыя алтары: галоўны – Святога Крыжа – і бакавыя – Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Аўгустына. Як сказаў з гонарам сённяшні святар айцец Аляксандр, дакумент з аўтографам біскупа да цяперашняга часу захоўваецца ў алтары Най-свяцейшай Панны Марыі. І гэта яшчэ не ўсё! Як сведчыць надпіс на алтары, ён – цудадзейны! Казімір Карп і Дарота Высоцкая па-цвердзілі гэта на вякі вечныя сваёй падзякай. Даследчыкі заўсёды адзначалі, што знешняя прастата касцёла не адпавядае багаццю і прыгажосці ўнутранага ўбранства. Тыповы архітэктурны праект, выкарыстаны ў Крамяніцы, быў шырока вядомы на пераломе XVI i XVII вякоў на ўсёй тэрыторыі Малой Польшчы і ВКЛ. Некаторыя элементы фасаду, шырмавы шчыт, напрыклад, падобны на крамяніцкі ў дамініканскім касцёле ў Рыконтах пад Вільняй. Нямала і амбонаў, аналагічных крамяніцкаму, было на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Відаць, майстры мелі перад сабой узор таго прыгожага і распаўсюджанага амбону. А вось алтароў, падобных на крамяніцкі, на абшарах былога ВКЛ мала. Можна дапусціць, што алтар рабілі кракаўскія майстры, якіх прывезлі з сабой кононікі, бо ствараўся ён у першыя гады існавання касцёла. Шмат ёсць і іншага аснашчэння, што з’яўляецца равеснікам касцёла.Табэрнакулюм, ужо згаданыя амбон і цудадзейны абраз Маці Божай Вастрабрам-скай, камунійная балюстрада, балкон хору, уваходныя дзверы – усё захапляе і зачароўвае  людзей. На-шчадкі ўдзячны вядомым і невядомым творцам гэтай прыгажосці. Прыгажосці, якая і зараз, калі далёка не ўсё захавалася ў першапачатковым выглядзе, прымушае нізка схіліцца перад памяццю разьбяроў, муляраў, сталяроў, мастакоў, архітэктараў. Вялікая работа вялася над стварэннем бакавых алтароў у XVIII стагоддзі. Два з іх з драўляных сталі мураванымі. Да алтара святога Аўгусціна, як і да галоўнага, зроблены прыступкі. Аўтарамі створаных у 1742–1744 гадах бакавых алтароў былі віленскія мастакі Стэфан Бінеўскі і Ян Ралевіч. Ралевіч намаляваў абразы св. Пятра (1743 г.) і Духа Святога да другога яруса алтара Найсвяцейшай Панны Марыі (1744 г.), пазалаціў амбон і аздобіў яго некалькімі абразамі. Бінеўскі быў аўтарам створанага ў 1725 г. упрыгожання для галоўнага алтара. Гэта дазваляе меркаваць, што і Бінеўскі, і Ралевіч займаліся пазалотай і галоўнага алтара, бо работа над ім, пачатая ў 1630 годзе, актыўна вялася якраз у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Многае аднаўлялася ці стваралася зноў у XVII–XVIII стагоддзях. Спецыялісты-музыкі аднавілі арган, муляры пабудавалі званіцу з трыма званамі. Мастакі малявалі абразы для бакавых алтароў і балкона для хору. Першапачаткова балкон быў аздоблены партрэтамі папаў і выявамі святых з музычнымі інструментамі ў руках. Падобны ёсць у недалёкіх Шыдлавіцах, што не дзіўна, бо яны былі далучаны да маёмасці Вольскіх. (Вядома дата стварэння шыдлавіцкага балкона – 1620 год). Усё гэта патрабавала вялікіх грошай. Іх ахвяравалі як святары, так і вернікі. Сярод вернікаў згадваецца прозвішча Качаноўскай. У 1783 годзе касцёл быў перакрыты чарапіцай, унутры падлога вы-кладзена каменнем і цэглай. А пералічыць прадметы штодзённага ўжытку, кшталту ўбрання ксян-дзоў, патэн, келіхаў, ліхтароў ды пушак-скрынак,  немагчыма. Некаторыя культавыя прадметы перадаваліся ў іншыя парафіі. Напэўна, якраз з улікам вялікай колькасці  іх у Крамяніцы і адсутнасцю ў другіх. Так, нешта трапіла ў Поразава, Азёры, Гродна, а ў Віленскую катэдру – залаты келіх вагой 2 фунты. На  становішча касцёла не маглі не ўплываць войны, паўстанні, падзелы Рэчы Паспалітай і ўваход тэрыторыі ў склад Ра-сійскай імперыі. Ды і прыродныя катаклізмы прыносілі немалыя страты. Так, 1 ліпеня 1838 года падчас страшнай навальніцы быў знішчаны дах касцёла, выбіты вокны. Патрабаваўся тэрміновы рамонт, а грошай не хапала. Чакалі дапамогі з віленскай кансісторыі. Тут варта згадаць імя архітэктара Аляксандра Градэцкага, які спраектаваў новае па-крыццё, рамонт фасадаў і карнізаў.  Яшчэ пра аднаго распрацоўшчыка праекта – ужо глабальнага – раскажам падрабязней. А справа ў тым, што да канца XIX стагоддзя колькасць вернікаў Крамяніцкай парафіі падвоілася. У касцёле адначасова ледзь змяшчалася 480 чалавек. І пробашч Міхал Абаровіч задумаў пабудову новага касцёла. Пачаўся збор сродкаў на новабудоўлю, падвоз камення і пяску на фундамент, перамовы з архітэктарамі і інжынерамі. І вось віленскі інжынер Красуцкі ў апошні год XIX стагоддзя прадставіў праект прыгожага велічнага будынка святыні. Здавалася, усё ішло да пачатку будаўніцтва: праект узгоднены з курыяй, сабрана 8 тысяч рублёў. Але другі ксёндз – С.Галаўня – быў іншай думкі наконт будоўлі. У лісце ў курыю, просячы дазволу на капітальны рамонт старога касцёла, ён даводзіў, што рамонт намнога рацыянальней новабудоўлі. Тым больш што ёсць верагоднасць страты часткі вернікаў, бо ў Зэльве і Міжэрычах рыхтуюцца да ўзвядзення новых касцёлаў. Улюбёны ў сваю 300-гадовую святыню, С.Галаўня пісаў: «Шкада старога касцёла, архітэктура якога вельмі прыгожая і старажытная, а пасля рамонту можа яшчэ служыць сотні гадоў». (Так і хочацца ўсклікнуць услед за ксяндзом Аляксандрам: «Малайчына, ксёндз Галаўня! Мы з табой салідарны!»). Ксёндз Галаўня не згадаў яшчэ пра адзін касцёл – рагозніцкі. А ён ужо будаваўся і, сапраўды, частку вернікаў з Крамяніцы забраў да сябе. Так што прыхільнікі ў С.Галаўні былі. Праўда, не такія магутныя, як віленскі біскуп Казімір Міхалькевіч, які падчас візіту ў Крамяніцу рэкамендаваў пачаць старанні аб павелічэнні святыні. Размовы і перапіскі ішлі сваім ходам, а праца ў касцёле сваім. Была адрамантавана старая плябанія, пабудаваны новы парафіяльны дом. Мастачка Люцыя Балздуневіч у 1928 г. адрэстаўрыравала абразы святога Юзафа і Станіслава Косткі, Адам Манкевіч стварыў абраз святога Фран-цішка з Асізы. Ксёндз Станіслаў Наўроцкі з Вільні падарыў абраз Сэрца Езуса. Нарэшце, у 1929 годзе ксёндз Юзаф Маліноўскі прыступіў да капітальнага рамонту. Ён заключыў дамову з віленскім прадпрымальнікам Валяр’янам Вазніцкім на выкананне вялікага аб’ёму работ. А аб’ём быў сапраўды значны: перакрыць дах, замяніць няякасныя цэглы ў сценах, адрамантаваць карнізы, лаўкі, канфесіяналы, прывесці ў парадак балкон для хору, адчысціць існыя і зрабіць недастаючыя элементы фігур, пакрыць іх пазалотай… Напэўна, Вазніцкі зарэкамендаваў сябе нядрэнным прафесіяналам, бо ў наступным годзе ён разам з жыхарамі Крамяніцы Вацлавам Макарэвічам і Казімірам Бусловічам папраўляў агароджу вакол святыні. У 40–50 гг. XX стагоддзя касцёл у Крамяніцы, як і ўсе святыні, перажыў нямала бед. Быў рэпрэсаваны пробашч Антон Банькоўскі, і толькі дзякуючы ксяндзу з суседняй Рагозніцы храм не пераставаў дзейнічаць. З вялікай удзячнасцю ўспамінаюць парафіяне ксяндза Станіслава Петраша, які ў гады ваяўнічага атэізму нёс духоўнасць і надзею ў людскія душы. Ён добра разумеў маладых і дзяцей, якім забаранялася наведваць святыню, і не асуджаў іх за гэта. Верыў, што час зменіцца. І, дзякуй Богу, ён яшчэ дажыў да гэтага часу. Вельмі шмат для касцёла і парафіі ў другой палове XX стагоддзя і пачатку XXI зрабілі ксяндзы Мацей Маціеўскі, Кшыштаф Янас, ЕжыСвіслоцкі, а зараз – Аляксандр Баклажэц. Але пра гэта – крыху пазней. Касцельны ансамбль. Кляштар, шпіталь і аптэка Запрашаючы ў Крамяніцу канонікаў латэранскіх, Вольскія добра разумелі, што ім давядзецца фінансаваць будаўніцтва цэлага касцельнага комплексу. І адразу пачалі ўзводзіць кляштар. Манастыр у Крамяніцы ўзводзіўся як першы ў ВКЛ філіял кракаўскага канвенту Божага Цела. Першапачаткова быў драўляным. Ужо пры другіх фундатарах (як памятаем, Вольскія не дачакаліся заканчэння будаўніцтва ні касцёла, ні кляштара) у 1646 годзе быў заключаны кантракт на ўзвядзенне мураванага будынка з нясвіжскім майстрам Сымонам Тарасовічам. Размяшчаўся манастыр у 15-і метрах на захад ад касцёла, меў два паверхі. На поўдзень ад яго быў разбіты вялікі сад-агарод, а на захадзе знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы. У перыяд росквіту кляштара ў яго садзе расло каля 500 дрэў, паабапал алей – граб і акацыя, для адпачынку служыла крытая трыснягом альтанка (ну зусім як зараз на Ганненскім кірмашы). У розныя гады ў кляштары працавалі па 5–8 канонікаў. Заснавальнікамі каноніі яшчэ Вольскія назначылі айцоў Яна Корсака і Марціна Клачыньскага. Канонікі мелі вялікі ўплыў на духоўнае жыццё парафіян. Яшчэ ў 1645 годзе пачаў дзейнічаць шпіталь. (Пасля вайны ў будынку сённяшняй плябаніі размяшчалася аптэка.) Штогод папаўнялася новай літаратурай манастырская бібліятэка. У 1744 годзе ў ёй было 857 экзэмпляраў кніг, у 1783-м – 1055. А ў 1802-м – ужо 1379 экзэмпляраў. (Частка гэтых кніг пазней папоўніла Слонімскі кляштар, частка трапіла ў Відзы). Даручаючы касцёл ў 1645 годзе апецы гродзенскіх брыгітак, Аляксандра Весялоўская пісала ім, што ў маёнтку Крамяніца здаўна захоўваецца звычай клапаціцца аб старых, хворых і ўбогіх, і прасіла манашак захоўваць гэты богаўгодны звычай і надалей. Існаваў шпіталь доўга. У інвентарах згадваецца і ў 1668-м, і ў 1783-м, і ў 1818 гадах. Быў ён несамавіты, крыты саломай, меў 2 пакойчыкі, але для абяздоленых людзей, мабыць, і ён здаваўся раем. Клапаціліся пра яго, акрамя брыгітак, і пробашчы парафіі. Напрыклад, ксёндз Станіслаў Тшціноўскі, які апекаваўся і над школай. У другой палове XVIII стагоддзя пры касцёле існавала і школа. У год інвентарызацыі яе наведвалі 11 дзяцей. Аплачваў працу настаўніка ксёндз С.Тшціноўскі. Напэўна, так справы і ішлі б, павялічваючы колькасць адукаваных дзяцей. Ды ў 1780 годзе адукацыйны камітэт наклаў такі вялікі падатак на школу – 50 злотых, што святар ужо не змог утрымліваць яе. Будынак аддаў арганісту, і на гэтым справа адукацыі сялянскіх дзяцей на доўгі час спынілася. А будынак кляштара з 1835 года пачаў выкарыстоўвацца як вайсковы лазарэт. У той час было зроблена нямала планаў-замалёвак перабудовы кляштара для патрэб войска. У 1842 годзе яго закрылі, землі перадалі ў арэнду падпаручніку Шыраеву. У канцы 30-х гадоў XIX стагоддзя з’явіліся 2 нарысы, у якіх ішла размова аб занядбаным помніку даўніны. Нагадвалася, што кляштар належаў да супольнасцяў канонікаў з Кракава, потым – манахіням кляштара св. Брыгіты з Гродна. Зараз будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, хоць у ім і месцяцца гміна ды школа. “Будынак, якому 300 гадоў, можа стаць развалінай у вольнай Рэчы Паспалітай”, – абу-джалі патрыятычныя пачуцці аўтары публікацыі. Але Еўропа ўжо жыла іншымі праблемамі: пачыналася трыумфальнае шэсце Гітлера па краінах-суседках Польшчы. А хутка і сама яна апынулася пад пятой заваёўніка. Было не да гістарычных помнікаў. Падчас нямецкай акупацыі ў адным з будынкаў кляштара размяшчаліся жандармерыя і гестапа. А пасля вайны ў ім зноў адчынілі школу. Званіца Будынак званіцы ўзгадваецца ў інвентары 1700 года як мураваны, адасоблены ад касцёла. У 1783 г. у ёй зафіксаваны алтар з абразамі святых Себасцьяна, Роха і Разаліі, прыгожымі скульптурамі. Ёсць звесткі пра галоўную каштоўнасць званіцы – званы. З трох найбольшы важыў 687 кг, сярэдні – 254 кг, найменшы – 102 кг. Самы старэйшы, сярэдні, быў адліты ажно ў 1620 годзе Ганусам Стэрам! Самы меншы, прывезены з Ружан з майстэрні Андрэя Владкоўскага, адліты ў 1826 г. У час Першай сусветнай вайны ўсе тры званы былі вывезены ў глыб Расіі. У 1928 годзе званіца служыла памінальнай капліцай. Напэўна, унутры ўжо не было алтара, бо інвентар згадвае толькі абраз св. Міхала Арханёла. У 1930 г. ксёндз Юзаф Маліноўскі арганізаваў збор сродкаў з парафіян і закупіў тры невялікія званы, якія захаваліся да сённяшняга дня. Праўда, адзін з іх быў пашко-джаны пры дастаўцы, што каштавала немалых перажыванняў ксяндзу. І сёння па-сапраўднаму звоняць толькі два. “Пашкоджаны гучыць вельмі непрыгожа, ” – каменціруе ксёндз Аляксандр. Могілкі і капліца Першапачаткова парафіян хавалі на горцы каля самага касцёла. Пацвяржэннем гэтаму служаць словы ксяндза Станіслава Петраша, які пры некаторых працах на касцельнай тэрыторыі знаходзіў рэшткі лю-дзей. Таму прасіў сваіх наступнікаў не чапаць гэтай зямлі. Першыя звесткі аб ужо існаваўшых на другой горцы могілках (яны там знаходзяцца і сёння) адносяцца да 1742 года. Навейшая частка закла-дзена ў 1828 годзе, павялічана ў 1915-м. Больш познія расшырэнні могілак ужо вядомы сённяшнім жыхарам. У 1882 г. на старой частцы могілак пабудавана капліца. Грошы на яе ахвяраў Аляксандр Бароўскі, родныя якога былі пахаваныя побач. Мураваная з камення і цэглы, атынкаваная і абліцаваная з фасада камянямі, крытая бляхай, доўгі час (з 1889 г.) служыла месцам развітання з памерлымі. Падобная да крамяніцкай капліца ёсць у Ваўкавыску. Пабудавана яна па праекту Аляксандра Градэцкага ў 1849 годзе. Паколькі Градэцкі у 1847 г. рабіў рамонт крамяніцкага касцёла, можна дапусціць, што яго праект і выкарыстаў Аляксандр Бароўскі. Розніца між капліцамі ёсць, але шмат і падобнага. Крамя-ніцкая не мае цокаля, сходкаў, больш прыземленая. Але дзякуючы кантрасту каменнага фасада і гладкіх белых сцен, крамяніцкая выглядае эфектней, чым атынкаваная ваўкавыская. Унутры капліца таксама была прыгожа аздоблена. У 1924 г. у ёй мясціўся алтар з абразом Маці Божай. Быў і абраз з выявай надмагілля Вольскіх. Яго, хучэй за ўсё, выканаў усё той жа мастак Станіслаў Янушэвіч, акварэль якога захоўваецца ў Маскве. Планавалася аздобіць капліцу абразам св. Роха. Калі ў 1936 годзе могілкі абкладвалі каменнай аградкай, марылі адрамантаваць і капліцу. Але,. хутчэй за ўсё, зрабіць гэтага тады не паспелі, і капліца да сённяшняга дня чакае ўвагі жывых. Сённяшні дзень святыні Айцец Аляксандр у Крамяніцы нядоўга: крыху больш чым 2 гады. Тое, што яму выпаў гонар рыхтаваць касцёл і вернікаў да 400-годдзя парафіі, лічыць вялікім Божым падарункам. Сам ён з недалёкага Ваўкавыска. Служыў у Нава-грудку, Лідзе. Так што да вясковага жыцця давялося прывыкаць. Святар вельмі задаволены, што яго папярэднікі рыхтавалі святыню да юбілею ўжо з канца XX стагоддзя. Ксёндз Станіслаў пакрыў касцёл бляхай, а ксёндз Мацей Маціеўскі замяніў яе металачарапіцай, замяніў вокны, зрабіў адвод вады з даху. Ксёндз Кшыштаф Янас зрабіў прыгожыя вітражы на вокнах, памаляваў алтар, балюстраду, парапет хору і іншае абсталяванне. (Адно вітражнае акно ахвяраваў да 25 год святарства сам кс. Кшыштаф, на адно даў грошы ўраджэнец Самаравіч, масквіч Анатоль Лясковік, іншыя 5 вокан зроблены за грошы парафіян). Пра дзейнасць Кшыштафа Янаса можна складаць песні і легенды. Адзін Крыжовы шлях на прыкасцельнай тэрыторыі заслугоўвае самай высокай удзячнасці. Раней там быў проста сметнік. Кс. Кшыштаф арганізаваў парафіян – усёй сям’ёй высеклі кустоўе, вывезлі смецце, цалкам  акультурылі зямлю. Затым навазілі пяску і камення, прыступілі да ўзвядзення 14 каменных станцый-прыпынкаў апошняга зямнога шляху Збаўцы. Кожную  каплічку ксёндз Кшыштаф рабіў сваімі рукамі. Потым абнеслі ўсё каменнай агароджай, пакрылі чарапіцай. У канцы Крыжовага шляху разам з парафіянамі ўстанавілі Крыж пакуты. Менавіта ксёндз Кшыштаф адкрыў каплічку ў вёсцы Падбалоцце. Дабіўся, каб былі выдзелены асобныя памяшканні ў аддаленых ад Крамяніцы вёсках, дзе ў нядзелі і іншыя святочныя дні пачаў адпраўляць набажэнствы. Нагледзеў у Князеве старую хату, адрамантаваў яе і зрабіў катэхетычную школу. Запрошаным яшчэ ксяндзом Мацеем сёстрам-кацярынкам (яны з супольнасці святой Кацярыны Александрыйскай) ёсць умовы, каб вучыць дзяцей Божаму слову. – Мне пакінулі нямнога рамонтных і будаўнічых работ, – гаворыць айцец Аляксандр. – Вось толькі закончылі тынкоўку і пабелку касцёла, аздобілі каменную агароджу вакол могілак. Нават моцна хворы мой папярэднік Ежы Свіслоцкі стараўся працягваць тое, што не паспеў закончыць айцец Кшыштаф. Так што ў мяне больш часу на духоўную працу, за што я вельмі ўдзячны ўсім маім папярэднікам. І тым не менш, айцец Аляксандр не чакаў спакойна юбілею. Шмат зрабіў па ўпрыгожанні тэрыторыі вакол касцёла і плябаніі. Але галоўным зараз лічыць менавіта духоўную падрыхтоўку парафіян да такога слаўнага свята, збор і захаванне матэрыялаў па гісторыі парафіі і касцёла. Усё, што ўдасца сабраць, змешчана на фотавітрыне ў бабінцы. – Раней фотаздымкаў рабілі мала, –  прадаўжае ксёндз, таму кожны ўспрымаеш як падарунак лёсу. Вось прынеслі фота, на якім зафіксаваны вельмі цікавы момант з жыцця парафіі: айцец Антон Банькоўскі ў 1944 годзе асвячае крыж у вёсцы Дзеркачы. Гэта была такая радасць! Шмат цікавага пабачаць і пачуюць парафіяне і госці ў юбілейныя дні, бо вельмі багатая і прыгожая гісторыя Крамяніцкай парафіі Божага Цела і Юр’еўскага касцёла. Няхай яна доўжыцца яшчэ не адно стагоддзе! Са святам вас, дарагія парафіяне! Яніна ШМАТКО.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.