Чарговы сельскі сход адбыўся ў в.Снежнай. Сустрэча праходзіла ў будынку мясцовага клуба

  Пытанні пажарнай бяспекі не губляюць сваёй актуальнасці. Тым больш у сельскай мясцовасці. Не дапусціць узнікнення пажараў і гібелі людзей на іх –задача, якую штодзённа даводзіцца вырашаць выратавальнікам, прадстаўнікам улады, органаў мясцовага самакіравання і іншых зацікаўленых служб.  Асноўны акцэнт пры гэтым робіцца на прафілактычную работу, адной з формаў якіх з’яўляецца правядзенне сельскіх сходаў. Дзейнасць, якую ажыццяўляе аглядная камісія на тэрыторыі сельсавета, прааналізаваў яго старшыня Руслан Архіпчык. Так, за мінулы перыяд бягучага года ў домаўладаннях выяўлена 287 парушэнняў правіл бяспечнай жыццядзенасці, з якіх пакуль ліквідавана 118. Работа ў дадзеным накірунку будзе працягнута. Руслан Уладзіміравіч адзначыў, што да 1 верасня ўсё ацяпляльнае абсталяванне павінна быць у спраўным стане. На гэтым будзе засяроджвацца асаблівая ўвага падчас візітаў членаў агляднай камісіі. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Бурдук прааналізаваў сітуацыю з пажарамі на тэрыторыі раёна. Сёлета зарэгістравана 14 выпадкаў узгарання маёмасці, у тым ліку 3 – у Галынкаўскім сельсавеце. Увазе вяскоўцаў былі прадстаўлены слайды з гэтых пажараў і прагляд тэматычнага відэафільма, якія прымусілі задумацца наконт чалавечай нядбайнасці і абыякавасці да ўласнага жыцця. Нярэдка прыводзіць да бяды схільнасць да ўжывання спіртных напіткаў, неасцярожнасць пры курэнні, няправільная эксплуатацыя пячнога і электрычнага абсталявання. Прадстаўнік РАНС нагадаў пра неабходнасць аснашчэння жылых дамоў аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, якія выяўляюць пажар на пачатковай стадыі, тым самым дапамагаюць не толькі выратаваць жыццё людзей, але і мінімізаваць магчымы матэрыяльны ўрон.   Аб уласнай і маёмаснай бяспецы грамадзян гаварыў старшы інспектар прафілактыкі раённага аддзела ўнутраных спраў Валерый Сачок. Супрацоўнікі міліцыі нярэдка фіксуюць выпадкі крадзяжоў. Такія злачынствы штогод здзяйсняюцца асобамі цыганскай нацыянальнасці. Аб’ектам нажывы для махляроў з’яўляюцца людзі пажылога ўзросту, якія хутка ўваходзяць у іх давер. “Не пускайце ў хату незнаёмцаў, – перасцярог праваахоўнік. – Не пакідайце дом без нагляду, а дзверы адчыненымі. Памятайце, калі ў адносінах да вас здзейснена супрацьпраўнае дзеянне, адразу ж звяртайцеся ў міліцыю альбо да свайго ўчастковага інспектара”. Валерый Віктаравіч праінфармаў аб мерапрыемствах, якія праводзяцца з мэтай папярэджання сямейнага насілля, няшчасных выпадкаў у месцах масавага адпачынку. Нашу паўсядзённасць немагчыма ўявіць без тэхнікі. Аднак, падкрэсліў начальнік раённай інспекцыі філіяла “Энерганагляд” Уладзіслаў Цімохін, пры выкарыстанні электрычных прыбораў варта захоўваць бяспеку. Сярод яе асноўных патрабаванняў – прымяненне ўстройства ахоўнага адключэння, якое папярэджвае ўзнікненне кароткага замыкання і перагрузкі. Праводка ў доме і да гаспадарчых пабудоў павінна быць выканана з дапамогай ізаляванага кабелю.  Не прымяняць самаробныя бытавыя электрапрыборы, падаўжальнікі для іх падключэння, давяраць рамонт электраправодкі выключна кваліфікаваным спецыялістам – такія парады прадстаўніка службы. Дарэчы, паслугі электрыка аказвае цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Апроч гэтага, як заверыла дырэктар установы Святлана Жамойціна, работнікі ЦСАН дапамогуць у апрацоўцы агарода, скошванні травы, акажуць паслугі цырульніка, паклеяць шпалеры, навядуць парадак у доме і інш… У цэнтры дзейнічае салон “Міласэрнасць”, дзе патрабуючыя могуць разлічваць на гуманітарную падтрмку. Для тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, дзверы адчынены ў доме сумеснага пражывання в.Акцябрскай і аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў в.Мадзейкі. Асобы, якія пацярпелі ад сямейных тыранаў, могуць знайсці часовы прытулак у крызісным пакоі. Хто ў сілу ўзросту або па стане здароўя не здольны самастойна сябе абслугоўваць, можа звяртацца ў цэнтр за аказаннем дапамогі сацыяльнымі работнікамі. Не трэба выпускаць з поля зроку і наступствы, да якіх можа прывесці няправільная эксплуатацыя газавых прыбораў. Галоўны інжынер Зэльвенскага раёна газазабеспячэння Аляксандр Пашкоўскі нагадаў аб тым, што Правіламі карыстання газам у быце прадугледжана замена газазабяспечваючага абсталявання пры заканчэнні нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі, які ўстаноўлены заводам-вытворцай. Работнікамі газавай службы праводзіцца дыягностыка пліт. Пасля абследавання выносіцца рашэнне, можна карыстацца гэтай плітой ці патрэбна набыць новую, патлумачыў Аляксандр Аляксандравіч. Гаварылася і пра неабходнасць падтрымання ў спраўным стане дымавых і вентыляцыйных каналаў, недапушчальнасці самавольнага падключэння газавых балонаў. Не губляе актуальнасці праблема алкагалізацыі насельніцтва. Участковы тэрапеўт Галынкаўскай урачэбнай амбулаторыі Марыя Мірская канстатавала, што на ўліку ў нарколага знаходзяцца 84 жыхары сельсавета. Як правіла, алкаголь аказвае негатыўнае ўдзеянне на ўвесь арганізм чалавека, з’яўляецца прычынай няшчасных выпадкаў, здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў. Медык раіла вяскоўцам правільна харчавацца, ужываць больш кісла-малочных прадуктаў, фруктаў і агародніны, не забываць пра фізічныя нагрузкі, бываць на свежым паветры. Падсумаваў пасяджэнне сельскага сходу намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка: – Дзякуючы актывізацыі работы суб’ектаў прафілактыкі назіраецца пэўная дынаміка. Людзі прыслухоўваюцца да парад членаў аглядных камісій, выпраўляюць многія выяўленыя недахопы. На жаль, у свядомасці людзей яшчэ не выпрацаваўся алгарытм дзеянняў, як захаваць сваё жыццё. Варта разумець, што ваша бяспека залежыць не толькі ад вас, але і тых, хто побач. Для ўдзельнікаў мерапрыемства невялікую канцэртную праграму арганізавалі елкаўскія работнікі культуры. Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.