Чаму варта завітаць на Дзень пісьменства?

Афіцыйнае адкрыццё XXVI Дня беларускага пісьменства ў Слоніме адбудзецца 1 верасня. Але дзясяткі святочных мерапрыемстваў пройдуць ужо ў суботу. Будзе шмат інтэрактыву і забаў.

У мінулым годзе на свята ў Іванава завітала каля 12 тыс. чалавек. Не менш масавым абяцае быць і гэты фестываль. Толькі ад Зэльвеншчыны ў суседні райцэнтр адправяцца больш за сотню дэлегатаў – моладзь, члены прафсаюзных арганізацый і інш. Некаторыя паедуць прадстаўляць патэнцыял Зэльвеншчыны. Так, раённая бібліятэка прадставіць экспазіцыю, прысвечаную Ганненскаму кірмашу. Паказваць побытавыя рэчы рамеснікаў і насельніцтва Зэльвеншчыны XIX – пач. XX ст. будуць пяць працаўніц бібліятэкі. Таксама гасцям Дня пісьменства прадэманструюць кнігі з аўтографамі мясцовых пісьменнікаў, унікальныя выданні аб гісторыі раёна і яго культурных аб’ектах, зборы, прысвечаныя кірмашу, і беларускія выданні для дзяцей “Падарожжа па кніжным акіяне”. Будзе магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе па пісьме гусіным пяром.

На Дне пісьменства – вялізны выбар кніжных навінак. На фестывалі кнігі і прэсы будзе безліч выставачных і гандлёвых павільёнаў, тэматычных пляцовак, экспазіцый. Для гасцей прэзентаціі і падарункі падрыхтавалі супрацоўнікі выдавецтваў і рэдакцый СМІ. Можна зрабіць сэлфі з любімым аўтарам або сваімі вачыма ўбачыць тых, хто стварае інфаленту.

Адкрыццё свята будзе тэатралізаваным, без лішняга “афіцыёзу”. Цэнтральныя персанажы – юнак і дзяўчына – сімвалізуюць будучыню. Яны разважаюць: ці можна стаць вядомым ва ўсім свеце, калі ты тутэйшы? Станоўчы адказ гістарычнымі фактамі дадуць Леў Сапега, князь Вітаўт, Міхал Казімір Агінскі, пісьменнікі-юбіляры і інш. На галоўнай сцэне шасці пераможцам уручаць Нацыянальную літаратурную прэмію. У намінацыі “Дэбют”, дарэчы, выйграла дзяўчына-унікум – берасцейка Станіслава Умец, якая піша фэнтэзі на мове, адлюстроўваючы надзеі і спадзяванні моладзі.

Будуць працаваць выставы-продажы сувеніраў, мастацкіх вырабаў і царкоўных рэчаў. Цікаўныя ўдзельнікі наведаюць гастрафэст, майстар-класы, экскурсіі, шматлікія выступленні творчых калектываў, выставы.

Вечарам пройдзе цырымонія гашэння канверта з маркай да Дня пісьменства. Завяршыцца свята перадачай эстафеты Белынічам Магілёўскай вобласці.

Ірына РАХМАНЬКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены