Были соседями – стали мужем и женой

Пяцьдзясят пяць гадоў ідуць разам па жыцці Георгій Сямёнавіч і Яўгенія Аляксандраўна Бурдукі з вёскі Агатова. З той далёкай пары, калі лёс злучыў іх сэрцы, яны берагуць і паважаюць адзін аднаго, разам пераадольваюць цяжкасці і нягоды.  

 

  Были соседями – стали мужем и женой

 

Нарадзіліся і раслі яны ў адной вёсцы. Можна сказаць і больш, нават жылі па-суседску. Толькі Георгій быў на восем гадоў старэйшы за Яўгенію. Ён быў першым сынам у сям’і, дзе гадаваліся чацвёра дзяцей. Таму ўмеў рабіць усё па гаспадарцы. Гледзячы на сына, бацькі цешыліся: спраўным і працавітым расце. А калі бацьку ў 1944-м прызвалі ў армію, давялося ўзваліць на плечы непасільную ношу мужчынскіх абавязкаў. Усё спадзяваўся, што хутка вернецца з фронту бацька, і тады стане лягчэй. Але ў 1945 годзе замест гаспадара ў іх дом прыйшло паведамленне, што ў час бою Сямён Бурдук прапаў без весткі. У сям’і не страчвалі надзеі, чакалі і спадзяваліся. Але праходзілі гады, месца пахавання бацькі невядома і да гэтага часу.
У 1948 годзе прызвалі ў армію і Георгія. Год служыў у Маскве, а затым накіравалі на далёкую Чукотку. Вярнуўся дадому толькі ў 1953 годзе.
За гэты час Яўгенія падрасла. Яна стала прыгожай і працавітай дзяўчынай. Пасля заканчэння школы па сямейных абставінах не атрымалася прадоўжыць вучобу, таму працаўладкавалася ў мясцовы калгас.
У час першай сустрэчы пасля доўгага расстання маладыя людзі спачатку нават не пазналі адзін аднаго, тым не менш, паміж імі ўспыхнула іскрынка кахання. З кожным днём яна разгаралася ўсё мацней і мацней. І закончылася вяселлем.
Жыць засталіся ў бацькоў Яўгеніі. Георгія назначылі загадчыкам фермы, потым брыгадзірам паляводчай брыгады. З першых дзён маладыя жылі дружна. Хутка ў іх нарадзіўся першынец Міхаіл, а затым дачка Марыя. Жыць у бацькоўскай хаце стала цесна. Таму вырашылі будаваць свой дом, у які пераехалі перад нараджэннем малодшага сына Аляксандра. Паступова абжыліся: упарадкавалi зямельны ўчастак, пасадзілі сад і завялi хатнюю гаспадарку.
Паспявалі Бурдукі ўсю-ды: і дома, і ў калгасе. Іх паважалі за стараннасць і добрасумленнасць, кіраўніцтва пастаянна адзначала як лепшых працаўнікоў. Абодва ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу”.
Хутка ляцеў час, падраслі дзеці. Так склаўся іх лёс, што ўсе трое звязалі сваё жыццё з фізкультурай і спортам. Старэйшы сын Міхаіл працуе дырэктарам юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву ў Ваўкавыску. Там жыве і дачка Марыя, настаўніца фізкультуры ў гімназіі. Бліжэй да бацькоў, у вёсцы Холстава, застаўся малодшы сын Аляксандр. Ён–настаўнік фізічнай культуры ў Міжэрыцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.
Вялікая радасць і ўцеха дзядулі з бабуляй– чатыры ўнукі і два праўнукі. Асабліва ў летні час яны частыя госці ў Агатова.
Кожны раз, у час сустрэчы з юбілярамі, мы цікавімся ў іх: у чым сакрэт сямейнага даўгалецця. Ад Георгія Сямёнавіча і Яўгеніі Аляксандраўны пачулі наступнае: чым больш гадоў людзі жывуць разам, тым мацней становяцца іх пачуцці. Пагэтаму, раяць юбіляры, трэба старацца бачыць у сваім суджаным усё толькі самае лепшае і захаваць шчырыя адносіны. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.