Былая партызанская сувязная Марыя Курман адзначыла 90-гадовы юбілей

Марыю Курман, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, у дзень 90-годдзя з дня нараджэння прыехала віншаваць шмат гасцей. Сярод іх – Віктар Васіліцкі, старшыня раённага савета ветэранаў, Святлана Жамойціна, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Ірына Якімец, старшыня прафкама СВК “Сынкавічы”, у якім у свой час працавала ганаровая юбілярка. Усе падрыхтавалі для яе кветкі, падарункі і цёплыя словы… Марыя Мікалаеўна Курман ў апошні час жыве ў Зэльве разам з дачкой і зяцем. Жанчына акружана асаблівым клопатам і ўвагай з боку родных ёй людзей. Магчыма таму, нягледзячы на свае ўжо сталыя гады, выглядае даволі акуратнай і дагледжанай бабуляй. Хоць давялося перажыць ёй многае, асабліва ў юнацтве. … У гады Вялікай Айчыннай вайны Марыя Курман была сувязной партызанскага атрада “Перамога”. А было ёй тады ўсяго16. Калі на Зэльвеншчыне пачалі фарміравацца партызанскія групы, у вёсцы Дзешкавічы, адкуль яна родам, юнакі стварылі падпольную камсамольскую ячэйку. Употай збіралася дзешкавіцкая моладзь, у складзе якой была і Марыя,  на камсамольскія сходы, дзе абмяркоўвалі план дзеянняў. Работы хапала: распаўсю-джвалі лістоўкі, збіралі патроны, зброю, медыкаменты, дзяўчаты вязалі шарсцяныя шкарпэткі партызанам. Пазней хлопцы пайшлі ў партызанскі атрад, а Марыю і яе сяброўку Яўгенію пакінулі ў вёсцы здабываць інфармацыю і перадаваць народным мсціўцам. Марыя Мікалаеўна расказвала, як не раз даводзілася ім рызыкаваць жыццём. У старой школе размяшчалася камендатура. Там быў створаны карны атрад, які ў 1942 годзе расстраляў галынкаўскіх мірных жыхароў. Нягледзячы на страх, а тым больш на вялікую бяспеку, дзяўчаты ішлі і прыбіралі ў камендатуры, чысцілі для немцаў бульбу, выконвалі іншую работу. Разумелі, што толькі знаходзячыся побач з імі, маглі здабыць каштоўныя звесткі. І як радаваліся, калі ў адхон ляцелі нямецкія эшалоны, арганізоўваліся партызанскія засады ў самых нечаканых для немцаў месцах. Добрай маскіроўкай для дзяўчат была краўчыха, якая жыла ў Франкове. Узяўшы з сабой вузялок з тканінай, яны ішлі да яе шыць “абноўку”. А там рукой падаць у медухаўскі лес, дзе чакалі сувязныя з атрада. На шчасце, сяброўкам удалося выжыць у гады ваеннага ліхалецця. Хоць немцы вельмі лютавалі, асабліва калі адступалі. Хаты Марыі, Яўгеніі, як і многіх іншых вяскоўцаў, спалілі. Пасля вайны Марыя Мікалаеўна аднаўляла разбураны Мінск. І ў мірны час вяла актыўную грамадскую дзейнасць, на якую аддавала ўвесь свой вольны час. Сям’ ю стварыла ўжо пасля 30 гадоў. З мужам пражылі шчаслівыя гады, выгадавалі сумленных дзяцей. Дачка Ларыса, у якой зараз жыве Марыя Мікалаеўна, беражліва захоўвае матуліны ўзнагароды. Дастойнае месца ў адным з пакояў дома займае прыгожы каляровы здымак мамы. Як павага да самага роднага чалавека. Клаўдзія КРЭЧКА.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.