Быць карыснай людзям. Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа ўзнагародзіла сястру міласэрнасці Зэльвенскай раённай арганізацыі Марыю Міснікевіч

На ўрачыстым мерапрыемстве ў сталіцы, прысвечаным 60-годдзю медыка-сацыяльнай службы “Дапамога”, у ліку іншых сціплых працаўніц у белых халатах Ганаровай граматай за вернасць прафесійнаму абавязку і значны асабісты ўклад у аказанне дапамогі маючым патрэбу людзям узнагароджана медыцынская сястра міласэрнасці Зэльвенскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Марыя Міснікевіч.

Звыш трыццаці гадоў працоўнай біяграфіі жыве медыцынай Марыя Аляксандраўна. Мне пашчасціла, што яна змагла выкраіць для размовы некалькі хвілін: і то толькі тады, калі завяршыла штодзённы абход чатырох сваіх падапечных, кожны з якіх патрабуе павышанай увагі і клопату. Жанчына расказала, чым яе прывабіла сястрынская дапамога, ці лёгка столькі часу быць у адной прафесіі і як гэта – чуць словы ўдзячнасці ў свой адрас.

Медыцынская справа – яна больш, чым прафесія. Майстэрства ў спалучэнні з сардэчнасцю і прыязным стаўленнем да сваіх абавязкаў – гэтым Марыя (у дзявоцтве Шлык) у свой час заваявала аўтарытэт і павагу сярод зэльвенцаў.

Неабходны план на дзень складзены загадзя. Фактычна ўсе маніпуляцыі заносяцца ў мабільны дадатак “Дапамога” – своеасаблівы дзеннік медработніка. Але за прывычнымі і нескладанымі для медсястры з вялікім стажам дзеяннямі стаяць яе падапечныя – людзі сталага ўзросту з рознымі хранічнымі захворваннямі, інваліды І і ІІ групы, страціўшыя здольнасць да самаабслугоўвання, рухомай актыўнасці і маючыя патрэбу ў дапамозе з боку медыкаў. Менавіта ім гэтая працавітая жанчына самааддана дорыць свой вопыт і дзелавыя якасці, а разам з тым і ўпэўненасць у сённяшнім дні.

– У мае абавязкі ўваходзяць непасрэдна медыцынскія маніпуляцыі. Так, вымярэнне артэрыяльнага ціску, перавязкі, апрацоўка пролежняў, уколы, праверка наяўнасці неабходных лекаў і тэрміну іх выкарыстання – гэта асноўнае, пра што патрэбна турбавацца. Наведваю сваіх падапечных і ў вячэрні час, калі просяць іх родныя, – падзялілася Марыя Аляксандраўна.

Але не менш важныя і ўзаеміны з чалавекам, неабыякавае стаўленне да яго жыццёвых інтарэсаў. Прыемна, што людзі, з якімі былая участковая медсястра знаёма не першы год, радуюцца кожнаму яе прыходу. І яна адчувае іх боль, перажывае за ўсіх. Выслухаць кожную жанчыну, падзяліцца апошнімі навінамі, падараваць добры настрой, тым самым прынесці ў дом супакой і надзею…

Патрэбна зазначыць, што працоўная дзейнасць стала для Марыі выпрабаваннем на сацыяльную і маральную сталасць. Адзін раз ўсвядоміла Марыйка свае прызначэнне – падтрымаць і працягнуць руку дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу – і з гэтага шляху не саступіла. Несумненна, былі і пэўныя цяжкасці, паколькі работа вельмі адказная і складаная. Але асэнсаванне значнасці любой маленькай перамогі – над хваробай у першую чаргу – перавешвала. Больш таго – калі амаль дзесяць гадоў назад ёй паступіла прапанова працаваць сястрой міласэрнасці, згадзілася без роздуму. Як уладкавалася ёю, так і засталася.

– За 5 гадоў сумеснай працы з калегай упэўнілася, што Марыя Аляксандраўна з разраду тых, хто не толькі падставіць плячо, але і натхніць другіх на міласэрныя ўчынкі. З ёй надзейна і камфортна. Дзякуючы бездакорнаму выкананню службовых абавязкаў яе прафесійныя паслугі запатрабаваны наперад. Як кажуць, добрая слава абганяе. А бацькам-наведвальнікам клуба “Надзея” вельмі карысныя лекцыі аб аказанні першаснай медыцынскай дапамогі дзецям-інвалідам, – сцвярджае старшыня раённай арганізацыі таварыства Іна Таляркова.

Калі можаш дамагчы, дзейнічай! – дэвіз па жыцці гераіні артыкула. І нечаканая, па яе меркаванні, узнагарода выклікала самыя цёплыя ўспаміны. Пра бацькоў Аляксандра Аляксандравіча і Алену Мікалаеўну, якія, вырасціўшы пяцярых дзяцей, цалкам падтрымалі Марыю ў яе імкненні стаць медыкам і заўседы гэтым ганарыліся. Пра сяброўку дзяцінства, услед за якой паступіла ў Калінінградскае медвучылішча, а ўжо ў час вучобы поўнасцю ўпэўнілася ў правільнасці прафесійнага выбару.

І асабліва пра дачушку-ўрача, якую выхавала – так атрымалася – асабістым прыкладам. Вось што аб гэтым гаворыць сама Марыя Аляксандраўна:
– Значыць, я проста ўсё рабіла, як належыць, і дзіця пераняло мае паводзіны. На самой справе маё шчасце ў блізкіх людзях, якія побач. І яшчэ. Разам з мужам аднадушна вырашылі заставацца на малой радзіме – Зэльвеншчыне. За гэта я таксама ўдзячна лёсу.

Аб чым Марыя Міснікевіч не сказала: што датычыцца прафесіі, яна чалавек паслядоўны. Мяркуйце самі: усё жыццё прысвяціла адной справе і ні разу аб гэтым не пашкадавала. У іншым разе не было бы такіх вынікаў.

– Усё, што раблю, – для людзей. І сёлетняя ўзнагарода, ды яшчэ з рук самога генеральнага сакратара Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, сведчыць, што я па-ранейшаму на верным шляху, – завяршыла размову Марыя Аляксандраўна. – З другога боку, гэта і вялікая адказнасць – быць вартай такога высокага даверу да мяне, прадстаўніцы кагорты зэльвенскіх медыкаў.

Любоў ШЭЙКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены