Будучыня краіны – за актыўнай моладдзю!

18 лютага на Навагрудчыне прайшлі маладзёжныя дыялогавыя пляцоўкі з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктарам Лісковічам.

У мерапрыемствах таксама прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько, начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз.

У пачатку работы ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, якая праходзіла ў Навагрудскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, пазнаёміліся са шматлікімі праектамі, якія рэалізуюцца ва ўстанове. Аб паспяховай рабоце ліцэя сведчаць штогадовыя ўзнагароды ў конкурсах рознага ўзроўню, у тым ліку і міжнародных. Працуе з прыбыткам і навучальная гаспадарка. А яшчэ – ва ўстанове дакладна ведаюць, як зацікавіць моладзь працоўнымі спецыяльнасцямі.

Абмеркаваць актуальныя праблемы сабраліся самыя актыўныя навучэнцы сярэднеспецыяльных устаноў горада. Яны не толькі ўважліва слухалі, але задавалі хвалюючыя моладзь пытанні. У прыватнасці, адну з навучэнак цікавіла далейшае развіццё студатрадаўскага руху.

– Рабочая прафесія – гэта норма. Яна павінна быць у кожнага чалавека. Так ці інакш у жыцці гэта спатрэбіцца, – падкрэсліў Віктар Лісковіч.

Віктар Андрэевіч успомніў пра тое, што падчас вучобы ён неадна­разова працаваў у студэнцкіх атрадах і нават быў брыгадзірам. У далёкім 1979 годзе з яго ўдзелам у Карэліцкім раёне была пабудавана школьная кацельня.

– Напрамкі дзейнасці студатрадаў павінны фарміравацца з улікам запатрабаванасці і неабходнасці для народнай гаспадаркі, – упэўнены сенатар.

Навучэнец аграрнага каледжа цікавіўся, якія ўмовы створаны для замацавання маладых людзей у сельскай мясцовасці. Віктар Андрэевіч адзначыў, што гэта вельмі важнае пытанне, якое ўздымалася на ўзроўні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

– На мой погляд, для развіцця рэгіёнаў мясцовыя ўлады павінны быць у першую чаргу зацікаўлены ў замацаванні маладых спецыялістаў на сяле. Гэта дае імпульс развіццю сельскіх тэрыторый. Аляксандр Лукашэнка заявіў на VI Усебеларускім народным сходзе аб тым, што моцныя рэгіёны – моцная краіна, і з гэтым цяжка не пагадзіцца, – сказаў Віктар Лісковіч.

На дыялогавай пляцоўцы падымаліся і такія пытанні, як служба ў арміі, дзяржаўныя сімвалы і гістарычная праўда, мір у краіне, дабрабыт народа.

Віктар Лісковіч адзначыў, што на VI Усебеларускім народным сходзе абмяркоўвалася і пытанне мала­дзёжнай палітыкі.

– Неабходна рабіць стаўку на лідараў, якія могуць весці за сабой моладзь, – сказаў сенатар. – Цяпер праводзіцца работа па фарміраванні школы маладога лідара. Будзем развіваць пляцоўку для моладзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – за маладымі лідарамі будучыня нашай краіны.

– Дыялог быў вельмі адкрытым. Асабліва мяне хвалявала тэма месца моладзі ў сучасным грамадстве, – адзначыў навучэнец 3 курса Навагрудскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Андрэй Царук. – Абсалютна згодны з Віктарам Андрэевічам у тым, што моладзь не павінна пакідаць родную краіну. Мы павінны тут працаваць і тут дасягаць усяго сваёй працай.

«Мая малая радзіма – гэта ўсё маё жыццё»

Так пачаўся дыялог старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктара Лісковіча з удзельнікамі Школы актыўнага грама­дзяніна, якая прайшла ў гімназіі № 1 г. Навагрудка.

Тэма малой радзімы і любві да яе стала лейтматывам размовы з вучнямі ўстановы адукацыі.

Першая ў раёне гімназія была створана ў 2003 годзе. Зараз тут вучыцца амаль 700 вучняў, якія паказваюць высокія вынікі не толькі ў вучэбнай, але і ў творчай, спартыўнай, праектнай дзейнасці. Гімназісты ўжо трэці год запар узначальваюць маладзёжны парламент пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў. Большасць сацыяльных ініцыятыў юных парламентарыяў накіраваны на тое, каб зрабіць Навагрудчыну прыгажэйшай, захаваць яе багатую гісторыю і культуру.

Так, напрыклад, Лізавета Крывіцкая прапанавала размясціць на будынках горада паказальнікі з гістарычнымі назвамі вуліц на некалькіх мовах. Зараз так пазначаны ўжо сем вуліц Навагрудка. Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны захоўвае рукапісная кніга «Памяць Перамогі». Над яе стварэннем працавалі вучні ўсіх устаноў адукацыі раёна – на льняных старонках кнігі вышыты радкі з франтавых пісьмаў. Вялікую цікавасць выклікаў у ўдзельнікаў сустрэчы праект «Замкі Гро­дзеншчыны». Школьнікі Навагрудчыны з дапамогай 3D-прынтара стварылі інтэр­актыўную карту замкаў вобласці.

Віктар Андрэевіч адзначыў, што захаванне культурных каштоўнасцей – гэта базіс, які спрыяе яднанню народа.

– Вы, маладое пакаленне, павінны ведаць і помніць свае духоўныя і культурныя вытокі, – падкрэсліў сенатар.

Віктар Лісковіч таксама падзяліўся з гімназістамі цікавай ідэяй, як можна «трансфарміраваць» сельскія дамы культуры і пераўтварыць іх у цэнтры захавання традыцыйнай беларускай культуры праз пошукавую дзейнасць. Сенатар таксама прапанаваў школьнікам вывучаць гісторыю сваёй краіны праз прызму радаслоўнай сваёй сям’і.

– Сёння вельмі важнай з’яўляецца выхаваўчая функцыя ўстановы адукацыі. Задача кожнага педагога – навучыць маленькага чалавека любіць сваю Ра­дзіму, працаваць і імкнуцца да атрымання ведаў, – падкрэсліў Віктар Лісковіч. – На VI Усебеларускім народным сходзе абмяркоўвалася тэма адукацыі вельмі шырока. Адукацыя – гэта аснова фарміравання чалавека. Не кожная краіна ў свеце можа сабе дазволіць дапамагаць сваім грама­дзянам у атрыманні адукацыі, а ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для паспяховай вучобы і развіцця дзяцей і моладзі.

– Чытайце добрыя кнігі, вучыце мовы, атрымлівайце вадзіцельскае пасведчанне, развівайцеся! Для таго, каб жыць на высокім узроўні, трэба шмат працаваць, у тым ліку над сабой, – звярнуўся Руслан Абрамчык да вучняў гімназіі. – Наогул, у жыцці шмат розных шляхоў. Кожны з вас павінен знайсці сярод іх свой. Не страцьце сябе і, галоўнае, не страцьце сваю малую радзіму.

– Вельмі спадабалася сустрэча з Віктарам Андрэевічам і перш за ўсё таму, што яна насіла нефармальны характар. Гэта значны вопыт не толькі для нас, гімназістаў, але таксама і для педагогаў, – падзяліўся ўражаннямі вучань 11 класа Мацвей Клыга. – Вельмі кранула пранікнёная, шчырая размова сенатара аб малой радзіме, значнасці бацькоўскага дома, які яму часта сніцца. Відаць, што Віктар Андрэевіч – чалавек адкрыты, неабыякавы. Ён пастаянна генерыруе ідэі, спрабуе зрабіць усё магчымае, каб культурная спадчына, якая ёсць у нашага народа, захавалася для будучых пакаленняў. Мяне ўразіла і тое, што ў сенатара, нягледзячы на загружанасць на рабоце, хапае часу і жадання працаваць у сваёй майстэрні. Наогул, ён – чалавек з вялікай колькасцю рознабаковых захапленняў, а гэта, у сваю чаргу, з’яўляецца паказчыкам мнагаграннасці асобы.

«Знайдзіце справу па душы»

Дыялог творчай моладзі Навагрудчыны з Віктарам Лісковічам адбыўся ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г. Навагрудка.

На пасяджэнні маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў былі абмеркаваны асноўныя тэзісы VI Усебеларускага народнага сходу. Юныя парламентарыі расказалі аб сваёй дзейнасці, падзяліліся планамі на будучыню.

Члены маладзёжнага парламента таксама расказалі сенатару аб сваёй мары – пабываць у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, каб пазнаёміцца з яго работай. Віктар Андрэевіч падкрэсліў важнасць удзелу моладзі ў грамадскім жыцці краіны і паабяцаў юным парламентарыям арганізаваць экскурсію ў бліжэйшы час – мары абавязкова павінны збывацца.

Падводзячы вынік работы ў Навагрудскім раёне, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктар Лісковіч адзначыў:

– На VI Усебеларускім народным схо­дзе надавалася вялікая ўвага пытанням выхавання моладзі, фарміравання любві да Радзімы. Сёння я ўбачыў, што ў Навагрудку гэта работа выконваецца добра. І, галоўнае, з любоўю – да вучняў, да Навагрудчыны, да сваёй краіны. Дзеці тут усе вельмі розныя: захопленыя, актыўныя, крэатыўныя. Выдатна, што ў іх ёсць магчымасць рэалізаваць сябе ў спорце, творчасці, у даследчай і пошукавай дзейнасці. У любым кірунку, які ім па душы.

Официальный сайт газеты «Новае жыццё»

Вам может быть интересно

Комментарии отключены