Больш за 700 чалавек абслужыла з пачатку года бібліятэка на колах

Гадоў восем таму для абслугоўвання вясковых чытачоў прапанавалі новую форму дастаўкі кніг – бібліятэку на колах. Сёння мабільная кнігарня набыла неабходнасць у аматараў літаратуры, і яны чакаюць яе ў любую пару года і пры любым надвор’і. Няўжо на самой справе на вёсцы актыўна чытаюць? Адказ на пытанне знаходжу, працуючы разам з работнікамі раённай бібліятэкі на адным з маршрутаў бібліямабіля, у які ўваходзіць 9 вёсак.

Бібліямабіль адпраўляецца на сяло кожную сераду згодна з графікам. Асаблівая ўвага надаецца тым населеным пунктам, дзе раней працавалі стацыянарныя ўстановы.

Першы наш прыпынак – вёска Бярэжкі. Сігнал. І насустрач бібліятэкарам выбягае жанчына, трымаючы ў руках некалькі кніг.

– Люблю чытаць, – расказвае Святлана Галавач. – Перавагу аддаю раманам і дэтэктывам лёгкага стылю напісання, каб не магла адарвацца ад кнігі. Мне спрыяе, што бібліятэкары заўсёды параяць навінкі літаратуры ці выданні, якія карыстаюцца попытам у зэльвенцаў.

Пенсіянерка Ірына Хітрык гаворыць, што для вяскоўцаў амаль усе паслугі ў крокавай даступнасці: паштальён прынясе пенсію ў хату, машына РУП ЖКГ за смеццем прыедзе пад самы двор, кнігі прывязуць у вызначаны час.

– У нашай сям’і чытаюць усе. Гаспадар – гістарычную літаратуру, я – раманы, праўнучкі – казкі. Добра, што ёсць такая форма абслугоўвання, як бібліятэка на колах. Кніг заўсёды багаты выбар, да таго ж можна зрабіць заяўку на творы таго ці іншага аўтара. Напрыклад, зараз муж праз мастацкія сюжэты вывучае перыяд Айчыннай вайны 1812 года. Вось дзяўчата і прывозяць яму патрэбную літаратуру.

У Бярэжках абслугоўваем яшчэ некалькіх жанчын, якія прызнаюцца, што, калі пашанцуе з сюжэтам, могуць да раніцы прасядзець за чытаннем.

Сярод наведвальнікаў мабільнай бібліятэкі ёсць і актыўныя чытачы раённай газеты “Праца”, а таксама пастаянныя слухачы раённага радыё. Марыя Лях з Ярнева гаворыць, што ў аўторак прачынаецца а шостай гадзіне раніцы, каб паслухаць навіны Зэльвеншчыны. Даспадобы ёй парады ўрачоў, а таксама справы ў гаспадарках раёна. Што датычыцца чытання, перавагу аддае кнігам і часопісам.

– У мінулым годзе бібліятэка на колах абслужыла 867 чалавек, на дадзены момант ужо больш за 700. У асноўным гэта пенсіянеры, значную частку аўдыторыі складаюць людзі працаздольнага ўзросту, летам дабаўляюцца дзеці, – расказвае бібліятэкар Марына Варабей. – Кніжны фонд фарміруецца ў залежнасці ад запытаў вяскоўцаў, пастаянна ў наяўнасці ёсць класіка, фантастыка і дэтэктывы. Таксама бяру выданні з абанемента, каб задаволіць густ некаторых аматараў навінак.

– Мне кніга замяняе і тэлевізар, і камп’ютар, – разважае Вольга Патап з Чырвонага Сяла. – А вось моладзь уся ў інтэрнэце. Дзяцей ужо не магу заставіць чытаць, а унучка-першакласніца яшчэ трошкі паддаецца бабулінаму ўплыву. Гадзіну-другую абавязкова праводзім за кнігай. А як не чытаць, калі літаратура сама “прыязджае” пад хату?!

Сваім хобі – чытаць – не можа нацешыцца і Ганна Харытончык. Калі працавала даяркай, вельмі зайздросціла тым, хто меў магчымасць удоваль чытаць. Зараз Ганна Мікалаеўна вартаўнік і можа сабе дазволіць пасля змены адпачыць за кнігай. За месяц яна “праглынае” прыкладна 20 раманаў. Калі іх не хапае, можна паспытаць твораў у суседкі, такой жа прагнай да чытання, або зрабіць у бібліятэку заяўку па тэлефоне.

З самых першых дзён работы бібліямабіля яго супрацоўнікі імкнуліся зрабіць абслугоўванне максімальна зручным для вяскоўцаў. Свой маршрут арганізоўвалі разам з аўтамагазінам, перасовачным аддзяленнем паштовай сувязі. Вось і на гэты раз у вёсцы Акцябрскай людзі сабраліся, каб атрымаць пошту і пенсію, а бібліятэка прыехала на некалькі хвілін раней. Сярод чытачоў знайшліся аматары беларускай літаратуры. Напрыклад, Зінаіда Пачабыт творы Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна і беларускую паэзію чытае толькі на роднай мове. Ганна Валюкевіч аддае перавагу часопісу “Неман”, раней яго выпісвала, зараз карыстаецца паслугамі мабільнай бібліятэкі.

У агульным у вёсцы налічваецца больш за 40 чытачоў, якія ў асноўным звяртаюцца да класікі.

– Праз гады творы, якія чытаў у школе ці юнацтве, успрымаюцца інакш, – уступае ў размову Наталля Рыбак. – Таму перачытваю і Праскурына, і Талстога, і Шолахава, і Чэхава, і Караткевіча. З задавальненнем бяру мастацкія часопісы. Канешне ж, хацелася б больш навінак, асабліва тых, што прэзентуюцца на сталічных выставах. Але зразумела, што на гэта патрэбны значныя сродкі. Наконт работы бібліятэкі на колах хачу сказаць словамі нашага земляка, паэта Уладзіміра Мазго, якія пачула ў тэлепраграме “Камертон”: “Бібліятэка – для душы аптэка. / Адчулі гэта добра чытачы. / Ёсць многа кніг, нібы дзівосных лекаў, / што здольны нашы душы палячыць. / Ачысціць іх ад блуду і ад бруду, / каб не зрабіць духоўных з нас калек. / Каб змог адрозніць кніжную атруту / ад кніжнага лякарства чалавек”.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены