Бібліятэкі Гродзеншчыны – сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу

Вынікі XVII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” падвялі на мінулым тыдні. Сёлета ў ім прынялі ўдзел амаль сорак публічных бібліятэк Беларусі, лепшыя кніжніцы былі названы ў чатырох намінацыях. Журы ў першую чаргу ацэньвала значнасць і навізну праектаў, што рэалізуюць бібліятэкі з мэтай прапаганды ідэй беларускасці, нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры і, канешне, падтрымкі чытання.

pois_issledov_rabota.jpg

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” першую прэмію атрымала сельская бібліятэка аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскага раёна. Узнагародай адзначана праца калектыву ў межах міжнароднага супрацоўніцтва. Тут рэалізаваны праект “Стварэнне клуба старастаў вёсак “КУТ”, адкрыты сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, працуе валанцёрская група па абслугоўванні людзей сталага ўзросту. Праект быў прафінансаваны Еўрасаюзам у межах праграмы мінжнароднай гуманітарнай дапамогі.

konkurs_4.jpg

Бібліятэка-філіал №3 горада Гродна ў гэтай жа намінацыі адзначана дыпломам другой ступені. Журы ацаніла створаны тут музейны пакой “Лялечны дом”, а таксама працу аматарскага клуба “Гарадзенская лялька”.

konkurs_5.jpg

Астравецкая раённая бібліятэка адзначана трэцяй прэміяй у намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”. Для збору краязнаўчай інфармацыі супрацоўнікі кніжніцы здзейснілі шэраг пошукавых экспедыцый, занатавалі ўспаміны сталых жыхароў раёна, сабралі багаты этнаграфічны матэрыял. Усё гэта актыўна выкарыстоўваецца падчас мерапрыемстваў.

Раклевіцкая сельская бібліятэка – цэнтр традыцыйнай культуры Дзятлаўскага раёна перамагла ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” і ўзнагароджана дыпломам другой ступені. Менавіта дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры тут праводзяцца шматлікія мерапрыемствы. Таксама ў гэтым кірунку актыўна працуе Іўеўская дзіцячая бібліятэка, яе дзейнасць адзначана дыпломам трэцяй ступені.

razvitie_chtenia.jpg

Шэраг кніжніц рэгіёна атрымалі заахвочвальныя прэміі. Сярод іх – Слонімская гарадская дзіцячая бібліятэка імя А. С. Пушкіна, дзе працуе літаратурна-краязнаўчая гасцёўня “Краяведайкі”, наладжана работа па сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў у межах мэтавай праграмы “Яны адчуваюць патрэбу ў нашай дапамозе”.

Яшчэ адна заахвочвальныя прэмія – у Радунскай гарпасялковай бібліятэцы Воранаўскага раёна. Журы адзначыла яе намаганні ў дабрачыннай дзейнасці: разам з дзецьмі праводзяць акцыі, дні добрых спраў. Не застаюцца без увагі  людзі сталага ўзросту і інваліды па месцы жыхарства. Таксама тут створаны летапіс “Таленавітыя і адораныя людзі – нашы землякі”.

Пераможцы конкурсу будуць адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Узнагароджанне адбудзецца ва ўрачыстай абстаноўцы 1 верасня падчас правядзення ў Слоніме Дня беларускага пісьменства. 

novacii.jpg

“ГП”

Вам может быть интересно

Комментарии отключены