Зэльвенскія бібліятэкары правялі экскурсію па загадкавым Палацы для маладых аматараў кніг

Да свайго прафесійнага свята бібліятэкары раённай бібліятэкі падрыхтавалі вельмі арыгінальнае мерапрыемства. Дамовіліся з першым сакратаром раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Віталіем Дзержаноўскім аб удзеле ў ім моладзі гарадскога пасёлка. Час правядзення сумеснага свята бібліятэкараў і маладых аматараў кніг выбралі таксама незвычайны: пасля працоўнага дня як бібліятэкараў, так і асноўных удзельнікаў – у 19:00.

З нецярпеннем чакалі бібліятэкары першых “вячэрніх” чытачоў. Кожны аддзел бібліятэкі пераўтвараўся на час свята ў самыя экзатычныя пакоі аднаго загадкавага Палаца-лабірынта. І што цікава: рыхтавалі свае галаваломкі так, каб для астатніх гэта было сюрпрызам. І толькі галоўны каардынатар гульні – дырэктар Святлана Жамойціна – ведала сакрэты ўсіх аддзелаў. Як і арыенціры ў канвертах, якія атрымлівалі капітаны каманд у папярэднім пакоі, каб трапіць у наступны.

Пачалася экскурсія па загадкавым Палацы, вядома ж, з дзіцячай бібліятэкі – прабачце, пакоя Плэйландыі. Тут гасцей чакалі іспыты на званне літаратуразнаўцы. Трэба было згадаць не толькі прозвішчы аўтараў і іх творы, не толькі імёны галоўных герояў, але і месцы дзеяння ў творах або некаторыя эпізоды з іх; ведаць напамяць урыўкі з казак, каб правільна скласці літаратурныя пазлы; хуценька дадаваць да зычных недастаючыя галосныя, каб расшыфраваць імя пісьменніка; разабрацца з рэбусамі і абракадабрай з літар, каб знайсці імёны вядомых і не вельмі вядомых творцаў.

Атрымаўшы канверт з арыенцірамі, удзельнікі мерапрыемства траплялі на другі паверх – у бібліятэку для дарослых. Аддзел “Публічны цэнтр прававой інфармацыі”, які першым прыняў гасцей, стаў “Юрыстгатэлем”. Тут заданні былі строгія і дакладныя, як і сам Закон. Каманды атрымалі па некалькі ўзаемазалежных і ўзаемадапаўняльных картак. На адной – даволі каверзныя пытанні, на другой – назвы казак, паводле якіх складзены пытанні, на трэцяй – пералік парушаных героямі праў іншых асоб. Вы думаеце, лёгка было знайсці правільныя адказы? Памыляецеся! А, здаецца, такія знаёмыя казкі і сітуацыі выкарысталі супрацоўнікі аддзела – некалькі беларускіх і рускіх народных, некалькі А. Пушкіна, “Залаты ключык” А.Талстога…

Бібліятэкары вусна задавалі пытанні на веданне прыказак, у якіх размова ідзе аб правах на працу і адпачынак, на адукацыю, абарону інтарэсаў і г.д. А на развітанне “Юрыстгатэль” арганізаваў іспыты: з прапанаваных літар скласці словы, якімі аперыруюць прававеды. Тут маладыя чытачы спаўна адчулі: з законам не жартуюць.

Наступны арыенцір прывёў гасцей у “пакой забытых рэчаў” (так назвалі аддзел камплектавання яго супрацоўнікі). Чаго тут толькі не было! (Напэўна, наведвальнікі адразу згадалі знакамітага “рассеянного с улицы Бассейной”). Забытыя няўважлівымі падарожнікамі рэчы трэба было вярнуць, вядома ж, у тыя творы, на старонках якіх яны згадваліся. Магчыма, рэч падказвала саму назву твора або яго частку. Заданне было не з лёгкіх нават для тых бібліятэкараў з суседніх аддзелаў, для якіх задума аддзела камплектавання была сакрэтам.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ўсё перавярнуў з ног на галаву. Тут прапаноўвалася дагадвацца, як у сапраўднасці называюцца кнігі ці казкі, схаваныя ў іх “перавёртышах”. (Не падумайце, што ўсе назвы былі такімі лёгкімі, як, напрыклад, “Квадратик”). А яшчэ бібліятэкары зашыфравалі па некалькі радкоў, таксама пастаўленых з ног на галаву, што патрабавала кемлівасці і добрага ведання любімых твораў дзяцінства і юнацтва.

Апусціўшыся з галавы на ногі, трапілі чытачы ў інтэлект-казіно “Бібліяфартуна” (абанемент). Не падвялі ўдзельнікаў і тут: падрыхтавалі выставы і фотавыставы: “Бібліятэкі свету”, “Для вас, маладыя”, “Літаратурны каляндар”. Каля выставы “Перагортваючы кнігу горада” папрасілі затрымацца і праявіць сябе ў квэст-гульні на веданне гісторыі роднага пасёлка. (Як было прапусціць гэтую тэму ў год юбілею Зэльвы ды Год малой радзі-мы?!). Маладыя людзі ўспаміналі, што азначае тая ці іншая дата каля адпаведных кніг выставы. Потым знаёміліся з кнігамі-вампірамі, перасцярогамі, змагарамі, юбілярамі і г.д. На развітанне “Бібліяфартуна” сапраўды ўзнагародзіла за стараннасць: кожны мог выбраць кнігу ў падарунак з выставы “Буккросінг” і зрабіць сэлфі з любімым героем.

Не расчараваў чытачоў і апошні пакой Палаца-лабірынта – “Кінакватэрнік” (чытальная зала). Бібліятэкар аддзела добра папрацавала, каб адшукаць такія кадры з вядомых кінаэкранізацый, што не адразу і здагадаешся, які ж гэта твор узяты за аснову фільма.
Цудоўны падарунак падрыхтавалі бібліятэкары чытачам на сваё прафесійнае свята! І вельмі шкада, што мала было наведвальнікаў. Здаецца, і час бібліятэкары выбралі спрыяльны ва ўсіх адносінах, і дзень правядзення – чацвер, калі яшчэ не трэба спяшацца ад’ехаць на выхадныя, і час – сем гадзін вечара, калі скончаны працоўны дзень і можна цудоўна адпачыць з любімай кнігай… Няўжо маладым зэльвенцам не патрэбны кніга і бібліятэка?! Вельмі не хацелася б так думаць!

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно
3 комментариев
  1. Ирина Михайловна says

    Чего греха таить, не читает сейчас молодежь книг. Еще школьники, возможно, прочитают то, что задано по внеклассному чтению. Я сужу по своих детях и внучке.

  2. Данута says

    А моя дочка, наоборот, на каникулах перечитала несколько классических произведений.

  3. Инесса_Л. says

    книгами молодежь у нас не заинтересовать, и очень жаль. А придумано все очень даже оригинально и интересно, может рекламы не хватило, не все знали про игру…

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.