Библиотекари центральной районной библиотеки подготовили и провели презентацию сборника стихов зельвенских поэтов

Бібліятэкары цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі і правялі прэзентацыю чарговага зборніка вершаў зэльвенскіх паэтаў аб жанчыне-маці “О той, кто жизнь дарует и тепло…”. На літаратурную сустрэчу былі запрошаны і аўтары, і іх паклоннікі.

IMG_9650

 

IMG_9667

Зборнік складзены з вершаў 28-і аўтараў, добра знаёмых аматарам паэзіі раёна, бо ўсе яны друкаваліся на старонках “Працы”. Знаёмства з выданнем пачалося з вершаў Валянціны Ададуравай. Яе пранікнёныя радкі нікога не пакідаюць абыякавым, часта гучаць у сценах бібліятэкі. На гэты раз бібліятэкары нагадалі цудоўны зварот Валянціны Захараўны да маці “Ты прабач, дарагая матуля”.
Ты прабач, дарагая матуля,
Што парой табе свята салгу.
Што з бядою, калі мне няўтульна,
Пад крыло да цябе не бягу…
Вершы-споведзі сталічных паэтаў Уладзіміра Мазго, Міхася Скоблы, Алены Таболіч і ганцаўчаніна Аляксея Галаскока агучыла Валянціна Масюк.
І пасталелі ціхія бярозкі,
Сагрэтыя цяплом тваёй рукі.
І колерам вачэй тваіх ля вёскі
Паводкай разліліся васількі.
(Ул. Мазго “Маці”)
Вядучыя Марына Кніга і Вольга Камякевіч нагадалі прысутным пра мінулагодні Дзень маці, калі госцем аматараў прыгожага слова была Надзея Салейка. Тады бібліятэкары прэзентавалі яе кнігу “Перекресток”. Адзін з вершаў – “Малітва за маці” – гучаў з вуснаў самой Надзеі. Сёлета прыхільнікі творчасці гэтай таленавітай жанчыны пачулі “Малітву” яшчэ раз.
Не прашу ў Цябе багацця,
Ні дароў, ні дактароў,
Аднаго прашу для маці –
Прытулі яе без слоў.
Шмат “маміных” вершаў у настаўніцы з Елкі Святланы Літвінчык і медсястры з Зэльвы Святланы Патаповіч. Складальнікам зборніка цяжка было вы-значыць нейкі адзін верш для публікацыі, бо кожны з іх нечым адметны і непаўторны. Таму і змясцілі ў кнігу некалькі.
Матулям усмешкі дарыце
І цёплыя, шчырыя словы.
Валошак нарвіце ў жыце
Ці проста галінак яловых…
(С.Літвінчык “Дарыце матулям усмешкі”)
О, матуля мая!
На далонях тваіх, што з мазолямі,
Можна сцежкі жыцця прачытаць.
Над тваімі бялюткімі скронямі
Вёсны ціхаю птушкай ляцяць.
(С.Патаповіч “Матуля мая”)

IMG_9662


У Ірыны Войткі, Ірыны Данік, Станіславы Прызван і Валянціна Семянякі па два вершы ў зборніку.
Дожджык маркотны абмые
Клопатам стомлены твар.
Маці мая Марыя –
Малюся табе, мой алтар.
(І.Войтка “З Богам, мая матуля”)
Няхай палоскай сівізны
Даўно ўжо набрынялі скроні,
Але ў мае прыходзяць сны
Твае шурпатыя далоні.
(В.Семяняка “Позняе пісьмо”)
Колькі будзем жыць на свеце,
Будзем адчуваць заўжды –
Для мутуль мы проста дзеці,
Хоць і голавы сівы.
(С.Прызван “Колькі будзем жыць”)
Не абышлі бібліятэкары ўвагай і творчасць Валянціны Алюшкевіч, Таісы Сямёнавай, Галіны Тарасік, Сяргея Худзяева і іншых аўтараў.
Сказаць,
Як ты начэй не спала?
Як калыхала, мілавала,
Як шанавала і любіла?
Як у хваробе ратавала,
І ў дарогу выпраўляла,
І як людзьмі нас гадавала?
…Што б ні сказаў,
Усё будзе мала!
(С.Худзяеў “Маме”)
А потым прыйшоў час даць слова тым паэтам, хто змог прыйсці на прэзентацыю. Кранальным было выступленне Алены Букатай і Алены Карозы. Адзіная дачка і сястра чатырох братоў Алена Букатая была любі-міцай у вялікай сям’і, таму вельмі ўдзячна ўсім за шчаслівае дзяцінства і юнацтва.
Помню образ твой, мама,
Вся любовью горю,
Много лет неустанно
Я с тобой говорю…
(“Маме”)
Алена Кароза адчувае сябе вельмі шчаслівай, бо яе матуля жыве ў яе доме, і кожны дзень дарослая дачка (сама маці і бабуля) чуе ад матулі такое ласкавае і дарагое слова “дачушка”. Пра кожны верш, прысвечаны дарагой матулі, Алена Станіславаўна паведаміла цікавейшыя гісторыі. Яны звязаны як з незабыўнымі ўспамінамі дзяцінства, так і з сучаснасцю.
Цяпер я мама і бабуляй стала.
А калі летні надыходзіць змрок,
Я чую песню, што сяло спявала,
І мілы сэрцу мамін галасок.
(“Незабыўнае”)
Шчасцем кожны дзень чуць мамін голас, ласкавы зварот да сябе падзялілася і Вольга Ляскевіч. У вершы “Моей маме” яна прызнаецца:
В телефоне слышу голос твой,
Все такой же звонкий, молодой.
Только не могу уснуть спокойно,
Если не поговорю с тобой.
Вельмі шчымлівым было выступленне Алы Вілесавай, якая па трагічных прычынах у сям’і доўга была разлучана з матуляй. Відаць, таму і верш яе прызывае “Не оставляйте матерей одних!”.
Лілія Лукашонак згадала, якім строгім ацэншчыкам яе творчасці была мама, настаўніца па прафесіі.
Дзяцей навучыць дабрыні матуля,
Ці песню праспявае перад сном.
Калі маркотна на душы, няўтульна,
Мы да яе з праблемамі ідзём”.
(“Прыемнае пажаданне”)
Расказ і аўтараў зборніка, і бібліятэкараў су-праваджаўся вельмі цікавым відэапаказам, які падрыхтавала Святлана Гецман.
Цудоўны падарунак паднеслі аматарам паэзіі бібліятэкары!
Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.