Баявым узнагароджаны ордэнам

Партизан У нашай сям’і як святая рэліквія захоўваюцца ордэны, медалі, пажоўклыя дакументы ваенных часоў, выцвілыя фота-здымкі майго бацькі Miкалая Аляксеевіча Паніна, удзельніка партызанскага руху на Зэльвеншчыне. Радзіма высока ацаніла яго ўклад у барацьбу з лютым ворагам. Ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “Партызан Айчыннай вайны I ступені”, “За баявыя заслугі, “За перамогу над Германіяй”. У 1941 годзе, калі Германія вераломна напала на нашу краіну, полк, у якім служыў бацька, з першых дзён вёў кровапралітныя баі на Беласточчыне. Фашысты кінулі на іх адборныя стралковыя дывізіі і танкі. Сілы, як вядома, былі няроўныя. І воінская часць была вымушана з цяжкімі баямі адступаць аж да Магілёва. Там бацька прымаў удзел у гераічнай абароне горада. Быў паранены, трапіў у палон. Ваеннапалонных пад канвоем адправілі пешшу ў адзін з лагераў смерці, які дзейнічаў у Польшчы. Гналі іх праз Зэльвеншчыну па дарозе Слонім–Ваўкавыск. Калі яны падышлі да пляцяніцкага чыгуначнага пераезду (каля ўрочышча Медухава), бацьку і яшчэ некалькім яго сябрам удалося ўцякчы. Дабраўшыся да вёскі Лыскі, што ў Слонімскім раёне, нейкі час хаваліся ў доме мясцовай жыхаркі. У канцы 1941 года ў Ліпічанскай пушчы пачалі дзейнічаць невялікія партызанскія групы. У адной з іх, якой камандаваў Павел Булак, ваяваў і мой бацька. Спачатку быў кулямётчыкам, затым – камандзірам узвода. Удзельнічаў у баях па разгроме нямецка-па-ліцэйскіх гарнізонаў у Сянькоўшчыне, Галынцы, Дзярэчыне, Казлоўшчыне, Раготне, Рудзе-Яварскай і інш. 12 чэрвеня 1942 года група партызан пад яго камандаваннем зрабіла засаду на шашы Зэльва-Слонім. Падчас абстрэлу на адным з участкаў партызанам удалося завалодаць важнымі варожымі дакументамі, дзякуючы якім яны аказалі вялікую паслугу савецкім войскам. У маі 1943 года, пасля таго, як на базе партызанскага атрада “Перамога” была ўтворана Ле-нінская партызанская брыгада, Мікалая Паніна прызначылі па-літруком роты, затым камандзірам. Ён таксама быў адным з арганізатараў камсамольскай работы ў партызанскіх атрадах і сярод маладых падпольшчыкаў. У чэрвені 1943 года яго выбіраюць сакратаром па прапагандзе падпольнага райкома камсамола. Гэта было для яго партыйным даручэннем. У асноўным ён прымаў удзел у баявых аперацыях. Пад камандаваннем Паніна партызанская рота ўзарвала 19 эшалонаў праціўніка, чыгуначны мост, вывела са строю 2 кіламетры лініі сувязі і знішчыла шмат варожых салдат. У час “рэйкавай” вайны было выведзена са строю 5 кіламетраў чыгуначнага пуці. Па даручэнні камандавання брыгады і атрада бацька наладзіў сувязь з падпольнай арганізацыяй у горадзе Слоніме, праз якую дастаўляў медыкаменты для сваёй брыгады. Акрамя гэтага, ён вёў вялікую растлумачальную работу сярод насельніцтва. За актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і адвагу меў чатыры падзякі ад камандавання брыгады і тры ад камандавання атрада “Ленінскі”. Пасля вайны Панін працаваў у аддзелах міліцыі Дзятлаўскага, затым Зэльвенскага раёнаў, інструктарам райвыканкама, начальнікам штаба грамадзянскай абароны. У гады Вялікай Айчыннай вайны наш народ паказаў усяму свету, што значыць згуртаванасць, адвага і мужнасць. Я ганаруся, што ў нашай краіне свята ўшаноўваецца памяць пра герояў. Што і сёння працягваецца работа па аднаўленні імёнаў невядомых салдат, пахаваных на нашай зямлі. Што рамантуюцца помнікі, адкрываюцца музеі. Што з пакалення ў пакаленне перадаецца памяць пра гераізм нашых салдат. Няхай заўсёды будзе мір і шчасце на нашай беларускай зямлі! Валянцін ПАНІН, маёр у адстаўцы.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.